— Гэта ўсё так...— згадзіўся, усміхнуўся Васілец.— Але ці былі, ці ёсць у мае гады гэтакія славутыя педагогі? Не, здаецца, не было. І заўважаць, узнагароджваць настаўнікаў пачынаюць у іхнія сталыя гады...
— Так, педагогіка — такая навука, дзе трэба, каб чалавек шмат ведаў сам і ўмеў навучыць і іншых,— прамовіў Селядцоў.— Але і тут трэба пачынаць дзярзаць змоладу, дык у сталыя гады нешта і выйдзе... А вам, у васьмігодцы, фізіку, хімію, матэматыку сапраўды трэба ведаць, хоць за восем класаў. Хоць найболей трэба ведаць методыку: як найлепш выкладаць гэтыя павукі. Так што будзеце вучыць дзяцей, сам вучыцца, настаўнікам памагаць. Гэтак усе мы пачыналі і пачынаем... А па-другое, вы яшчэ сапраўды малады і ўсяго яшчэ добра не ацэньваеце. Завуч — гэта ўжо ўсё ж пасада. І не малая. Высокая і адказная. Парою за яе і пазмагацца трэба. І часамі ідзе такая барацьба. А мы вас трымалі на прыкмеце і вось самі хочам даручыць вам адказную справу, хочам, каб вы раслі...
— Неспадзявана ўсё гэта, заранавата...
— Будзьце больш сур'ёзныя, мудрэйшыя...— сказаў Селядцоў.— А што мае тыя словы — праўда, дык магу вам сказаць тое-сёе па сакрэце. Толькі мы тут, у райана, загаварылі між сабою, каб зняць Вертуна, як прыбягае да мяне адзін таварыш з Галінавіч. Просіцца: перавядзіце мяне з сярэдняй школы ў Міланькі, пастаўце завучам. І брат яго, які ў райвыканкоме вялікую пасаду займае, насеў: пара ўжо ацаніць, падвысіць яго братачку, які ўжо пятнаццаць гадоў працуе настаўнікам! І пайшлі хадзіць, націскаць на ўсіх. Ледзь адцерабіліся... Каб не памог райком партыі, дык маглі прыслаць да вас таго звадніка і няздару... Але райком быў цвёрда толькі за вас... Вось... Дык што скажаце на такое наша давер'е, на такую нашу ўвагу да вас, маладых, здольных?
— Ну, калі трэба, дык трэба...
— Значыць, так, згода? Тады віншую! — Селядцоў падняўся, падаў руку і моцна паціснуў Васільцову.— Віншую з першым павышэннем, зычу, каб яно было не апошняе! Расціце аж да міністра асветы! А з-за таго, што звольнілі Вертуна, вельмі не перажывайце: ён сам вінаваты, што не ўтрымаўся... Такое жыццё... Адных паніжае, трымае на адным месцы, а другіх павышае... Так трэба, такая рэальнасць...
Васілец усміхнуўся і — разгублены — нават забыўся, як можа забывацца дзіця, што трэба падзякаваць.
Потым Селядцоў узяў са стала яшчэ адну паперу, што, відаць, была загадзя напісаная, і пайшоў з ёю з кабінета. Адчыніў адны дзверы, другія.
— Танечка, аддрукуй загад,— сказаў ён сакратарцы, вярнуўся, але не сеў за свой стол, а прыпыніўся ля Васільца.
Васілец падхапіўся.
— Цяпер пагаворым, таварыш завуч, яшчэ пра адно...— прамовіў Селядцоў і ўзяў яго пад локаць.— Дазвольце мне, як старэйшаму, вам тое-сёе параіць. Хто такі завуч як асоба? Завуч — гэта самы лепшы настаўнік ды метадыст у школе. Ён павінен і сам даваць добрыя ўрокі, і павінен памагаць настаўнікам у працы, а гэтаксама павінен любога настаўніка, калі трэба, і прымусіць рабіць лепш. Сваіх маладых калег вельмі не цурайцеся, не задзірайце перад імі нос, бо яны вас за гэта знялюбяць. Але і не старайцеся быць з кожным за панібрата: вы ўсё ж адзін з кіраўнікоў... Усю вучобу ў школе бярыце ў свае рукі, не бойцеся пакрыўдзіць Івана Сямёнавіча... Я пра гэта з ім гаварыў... Да гаспадарчых, іншых клопатаў Івана Сямёнавіча вельмі не ўваходзьце: няхай яму, старому, будзе прыемна, што ўсё ж ён быў і ёсць кіраўнік школы...
Яны некалькі разоў прайшліся туды-сюды па кабінеце, пакуль сакратарка не прынесла паперы. Селядцоў зноў сеў за свой стол, падпісаў паперы, а пасля дастаў з тумбы стала сінюю новую папку, адвязаў белыя шнуркі, разгарнуў вокладкі, накалоў папяровы ліст на жалезныя зубчыкі. Другі ліст, копію, падаў Васільцу.
— Пакажыце Івану Сямёнавічу,— прамовіў ён, калі паклаў папку ў тумбу.— І яшчэ ёсць адно, Павел Мікалаевіч, пра што вы ці па сціпласці, ці не ведаючы прамаўчалі. Дагэтуль, як я бачыў па ведамасці, вы мелі трыццаць пяць урокаў у тыдзень. Гэта амаль дзве стаўкі. Вам выходзіла звыш ста шасцідзесяці рублёў у месяц. З заўтрашняга дня па нашых законах вы будзеце мець толькі семдзесят пяць рублёў за завучаўства ды плату за дванаццаць урокаў у тыдзень... Значыць, вам выйдзе недзе ля ста дваццаці рублёў...
Селядцоў прамовіў гэта, з увагаю зірнуў — Васілец не вытрымаў яго позірку.
«Розніца ў плаце, канечне, ёсць. А Ларыса яшчэ амаль год не будзе працаваць... сын...»
— Не расчароўвайцеся, Павел Мікалаевіч,— усміхнуўся Селядцоў.— Я думаў пра гэта... Зусім кароткі час вы будзеце мець менш, як маеце цяпер, але з той восені — мне пра гэта сказалі нядаўна ў міністэрстве — плата настаўнікам, надта маладым, будзе большая. А з першага студзеня будзе большая стаўка дырэктарам і завучам. І намнога большая. У мяне нават такія-сякія лічбы ёсць,— ён дастаў з унутранай кішэні блакнот, пагартаў яго.— Цяпер вы са сваім стажам работы за стаўку, за васемнаццаць гадзін у тыдзень, маеце восемдзесят рублёў, а хутка будзеце мець сто. Новая завучаўская стаўка вам будзе сто пяць рублёў. Так што скора ўсё будзе добра, ва ўсім будзе вялікі рост...