Выбрать главу

Васілец маўчаў.

«Сапраўды, як гавораць, усякае раней было ў Міланьках,— падумаў.— Было... А можа, і яшчэ будзе? Па віне некага другога... Тут ужо, канечне, і мне трэба думаць: цяпер жа і я нешта значыць буду... Каб больш не было такога...»

— Ёсць у мяне ў Міланьках і яшчэ адзін зласлівец. Нейкі ананімшчык... Усё, што было і чаго не было, апісаў і падкінуў у райана. Але Вяртун не прападзе! — усхліпнуў Міхась Рыгоравіч,— Хоць цяпер у вочы людзям будзе брыдка зірнуць, столькі не палучу, колькі дагэтуль палучаў, лічы, свайму сыну падчыняцца буду... Дваццаць восьмы год у школе раблю, дваццаць адзін год быў завучам... Думаў не раз: вот пойдзе некалі Рагатка на пенсію — і я сяду на яго месца, буду дэпутатам сельсавета, членам парткома саўгаса... Вот табе сеў!

Ён адвярнуўся, усхліпнуў.

— Трымайцеся неяк,— папрасіў яго Васілец.— Гэта ж не значыць, што вы ўсё ўжо згубілі...

— Не трэба мяне суцяшаць...— Вяртун выцер шчокі рукавом паліто.— Будзем неяк жыць і так. Ніжэй настаўніка не паставяць, далей Міланек не пашлюць... А сюды, што я...— пстрыкнуў па шыі.— Дык адказ мой адзін: пі, галава, гуляй, галава! Прыйдзе худаба — атвячай, галава!..

«Нагаманіў-нагаманіў, а ты паспрабуй разбярыся!»

Васілец, як толькі зайшоў у хату і ўключыў святло, распрануўся, а потым падаўся ў другі пакой. Да Ларысы і сына. Гаспадыні — а яна стаяла ля палаючай печы — падаў пакунак з кілбасой.

Ларыса — у халаце, у тапачках — стаяла ля стала і прасавала бялізну. Найбольш усё дзіцячае. У пакоі ад добра напаленай бярозавымі дрывамі грубкі ды ад праса было горача. Аж прыпацелі, завільгатнелая дубэльты.

— Ну, як вы тут без мяне? — запытаў ён, зірнуў на Ларысу, але да яе не падышоў, патупаў да каляскі. Нагнуўся і цікнуў на сына.

Сын не спаў. Здаецца, убачыўшы яго, ажывіўся, акругліў вочкі, прыпадняў бровы ад радасці, аж задрыгаў у полках ножкамі.

— Ты ж халодны! — нібы з асцярогаю, нібы з рэўнасцю сказала Ларыса.— Сагрэйся, а тады падыходзь ужо да свайго сыночка. А гэты твой сыночак кепскі хлопец: не хоча ляжаць у цемені, мала спіць. Сядзеш ля яго — дык пазірае, ціха ляжыць, адыдзешся — крычыць...

— Сучаснае дзіця сучасных бацькоў...

— І яго бацька нялюдскі! — сказала Ларыса.— Сядзеў у горадзе цэлы дзень. Ды во вясёлы вярнуўся... Грошы траціць попусту, абы на якую сцежку сыходзіць...

— Падзея ў нас сёння, маці, вот я і падвесяліўся! — усміхнуўся ён. Яны зусім нядаўна спачатку жартам, а пасля і ўсур'ёз пачалі называць адно аднаго маці і бацькам.— Якая? Угадай!

— Як язык развязаўся! Во чарка моц мае! — прамовіла Ларыса.— Грамадскую якую нагрузку даручылі?

— Не. Паставілі мяне, маці, завучам Міланьскай васьмігодкі... Вот перад табою не толькі муж, але і твой начальнік... Вот копія загада, пачытай...

— Жартуеш? — усміхнулася яна. Але прачытаўшы, як спалохалася: — А Вяртун? «Па ўласнаму жаданню»?.. Вой, што ж гэта, Паўлік, будзе?

— Нe верыш, што адолею новую работу?

— Адолееш...— адказала яна.— А Вяртун, настаўнікі, а вёска? Ты хоць пра гэта падумаў? Хоць змены і трэба было чакаць, калі цвяроза ўсё ўзважыць, але...

— Я не змог адмовіцца...

— І як ты будзеш кіраваць сваімі ж калегамі, равеснікамі?

— Не ведаю...

Ларыса задумалася. Здаецца, захвалявалася больш, чым ён сам у райана.

— Ну, а колькі ж табе, таварыш завуч, будзе выходзіць?