Выбрать главу

«Што з ім? — здзівіўся Васілец,— Няўжо ён не рады, што мяне назначылі завучам?»

Сліж, як убачыў, што на яго гэтак пільна пазірае Васілец, спахапіўся, пастараўся ўсміхнуцца. Але ўсмешка выйшла кволая, нейкая няшчырая. Вымушаная.

— Віншую, браце! — потым, як апрытомнеўшы, хутка падхапіўся, гэтак захутка падскочыў да Васільца, падаў руку і моцна патрос, гаворачы нейкім чужым голасам.— Абскакаў во нас усіх! Мы маса яшчэ, усе роўныя, як малады лес, а ты ўжо асоба, жызня мая!

За ім падышлі і павіншавалі астатнія. Спакойна, неяк з няёмкасцю ўсміхаючыся.

— Толькі не задзірайце высока носа, Павел Мікалаевіч, ды глядзіце, каб не закружылася ад улады над намі галава...— пажартавала Таццяна Сяргееўна.

— Значыць, так, калегі,— ужо сур'ёзна прамовіў Іван Сямёнавіч,— вам, канечне, прыемна, што маеце за кіраўніка свайго равесніка: ён будзе больш разумець вас, а вы — яго. Прыемна, што ўжо прызналі і ваша пакаленне, але папрашу мець Паўла Мікалаевіча не толькі за сябра, за Пашу ці за Пашку, Паўліка, як не раз называеце, але перш за ўсё майце цяпер за Паўла Мікалаевіча, за завуча... Гэта вельмі важная ў школе пасада...

Усе прыціхлі. І Васілец разгубіўся ад няёмкасці.

«Нашто так? — падумаў ён.— Можна ж і далей мне быць для іх Паўлам, Пашам...»

У дзверы настаўніцкай пастукалі. Зайшоў Вертуноў сын. Прывітаўся, падаў дырэктару паперку і адразу ж, саромеючыся ўсіх, выйшаў.

— Захварэў Міхась Рыгоравіч і ў школе сёння не будзе,— прачытаўшы, сказаў Іван Сямёнавіч.— Дык давай, малады завуч, адразу і бярыся за работу: мяняй расклад, глядзі, куды каму ісці на ўрок.— Пасля, бачачы, што Васілец бянтэжыцца, падняўся і сам падышоў да раскладу.

Восьмы клас сёння, як ніколі дагэтуль, сустрэў Васільца цішынёю.

Толькі ступіў у пакой — усе падняліся, пільна пазіралі на яго. Ён сумеўся.

— Добры дзень,— падышоўшы і прыпыніўшыся ля стала, як і заўсёды, кожны дзень дагэтуль, прывітаўся ён.— Сядайце, калі ласка.

Дзеці паселі. Ён гэтаксама сеў на крэсла і, усё яшчэ не могучы пазіраць дзецям у вочы, разгарнуў журнал на старонцы «Беларуская мова».

«Як здрадзіў ім усё роўна: надта ж няёмка...»

— Пачнём правяраць тое, што вы зрабілі дома...— пасля ён падняўся, зірнуў на ўсіх. Сказаў нейкім іншым, не сваім голасам.— Прашу зачытаць другі сказ з дамашняга практыкавання і растлумачыць знакі прыпынку ў ім. Калі ласка, Адзінец.

— Ці праўда, Павел Мікалаевіч, што вы цяпер наш завуч? — падняўшыся, нібы з трывогаю запытаў той.

— Праўда,— адказаў Васілец, пазіраючы ўсім у вочы.— З сённяшняга дня.

— Дык вы ўжо не будзеце вучыць нас? — спытала бойкая прыгожанькая Ніна, дачка школьнай тэхнічкі.

— Цяпер у мяне будзе меней урокаў, але я пастараюся выкладаць у вас, выпусціць вас са школы.

— А ці будзеце ў нас класным кіраўніком?

— Не. Гэта мне няможна.

— А вы будзьце і завучам, і нашым класным,— сказала Ніна.

— Хіба не надакучыў я вам? — усміхнуўся Васілец.— Відаць, вы даўно былі ўжо рады пазбавіцца мяне: гэтулькі я лаяў некаторых за пропускі, за ляноту да вучобы, прымушаў шмат чытаць, пісаць...

Клас маўчаў. Пазіраў на яго як з дакорам.

— Мы не аддадзім вас! — пасля зусім па-дзіцячаму запальчыва сказала Ніна,— нікога другога за класнага кіраўніка не прымем.

— Міхась Рыгоравіч сам падаў заяву, а райана задаволіў яго просьбу і паставіў мяне завучам,— з чуласцю, ад якой у яго аж зашчымела сэрца, прамовіў Васілец. — Але ад вас я нікуды не ўцяку, будзем і далей працаваць разам. Праўда, цяпер мне прыйдзецца ўсё, што ведаю, магу, аддаваць не толькі вам, але і ўсім астатнім класам, настаўнікам.

— А мы не хочам гэтага,— адразу загаманілі ўсе.

— Мы хочам, каб вы былі толькі наш...

— Вы толькі наш...

— Ва ўсіх жа класах ёсць класныя кіраўнікі, няхай яны самі думаюць пра свае класы...

— Так трэба, сябры,— як усе сціхлі, сказаў Васілец.— Раз мне даручылі думаць не толькі пра ваш клас, але і пра ўсю школу, дык я і павінен думаць. Сумленна, з усіх сіл працаваць. Мушу. Як некалі павінны будзеце і вы там сумленна працаваць, куды вас пашлюць: іначай няможна. Калі хочаш, каб паважалі людзі, каб ты сам сябе паважаў. Будзе што ў вас цяжка — падыходзьце, усё гаварыце. Будзем памагаць і далей разам працаваць. Ну, а цяпер, сябры, давайце рабіць сваё. Чытай, Адзінец...

Адзінец пачаў ціха чытаць...

— Правядзём, калегі, невялічкі педсавет,— сказаў Іван Сямёнавіч, сабраўшы ўсіх настаўнікаў пасля ўрокаў.— Параімся, як падзяліць цяпер ношку нашага Паўла Мікалаевіча. Яму можна выкладаць не болей дванаццаці ўрокаў у тыдзень, а ў яго дагэтуль было аж трыццаць пяць. У якіх класах сам хочаш вучыць?