«Цяпер ваша. пара...— здаецца, усё гаварыў Алесь Трахімавіч.— Жыць, працаваць, падмяніць тых, хто стаміўся, замяніць тых, хто ўжо прыйшоў сюды... І я веру, даражэнькі, што вы не пашкадуеце свайго здароўя, сваіх сіл дзеля тутэйшых дзяцей, дзеля розуму на зямлі... І слухайце заўсёды сваё сэрца: яно заўсёды суддзя і дарадца, ніколі не падманвае. Таму і вы яго старайцеся не падмануць...»
І, здаецца, Алесь Трахімавіч падміргнуў яму, усміхнуўся, а сам нібы знік. У нейкую недасяжную глыбіню, а то нават і ў вышыню. Але ўсё яшчэ чуўся яго голас, голас старога мудрага чалавека...
10...
Сёння ў Ліліі Іосіфаўны быў вельмі важны дзень. Больш чым святочны.
Яна раненька, калі яшчэ было цёмна, паднялася, зрабіла пышную прычоску, надзела новую спадніцу, жоўтую махеравую кофту, начапіла на шыю кулон на залатым ланцужку, прыпудрылася — і аж сама сабе сёння спадабалася. Здаецца, вельмі пахарашэла. Відаць, таму, што было свята ў душы.
Калі ішла да школы, настрой яшчэ палепшыўся: прамінаючы нізкія, амаль пры самым небакраі, бела-чырвоныя воблакі, падымалася вышэй, на бязвоблачнае шэра-блакітнае неба, вялікае чырвонае сонца, заліваючы наваколле чароўным ранішнім святлом ды маючыся даць удзень шмат сонечнай празрыстасці. Над усёй вёскай, лёгка і амаль нябачна ўзнімаючыся з комінаў, вісеў блакітным воблакам сівы дым, ружовіўся ад сонца ды падсіньваўся ад неба, падымаўся ўверх, расплываўся ў глыбізне блакіту, крышку прыбельваючы яго. Яра пёк зласнаваты з раніцы мароз, каб пасля раптоўна адпасці; вакол усё на зямлі было беленькае ад снегу і інею. Усё абяцала сонечны іскрысты дзень.
Ужо і ля школы хацелася яшчэ і яшчэ пабыць на дварэ. Аж пазайздросціла настаўніку фізкультуры: сёння ён гэтулькі пакатаецца з дзецьмі на лыжах!
— О, якая сёння наша Лілія Іосіфаўна файная! — здзівіўся Іван Сямёнавіч, як толькі яна зайшла ў настаўніцкую і павіталася. Ён сядзеў за сваім сталом, пазіраў ды слухаў, пра што ўсе гавораць між сабою. Падняў уверх густыя бровы, ківаў галавою.
Лілія Іосіфаўна зачырванелася, нібы апранула ўсё гэта, што было на ёй, не сваё, а чужое, пазычанае. Век пакутавала з-за гэтага праклятага сораму. Але век не магла і паадолець яго. Абы ледзь што — саромеецца.
На яе з захапленнем нават зірнула і Таццяна Сяргееўна.
— Якая ты сёння прыгожая! — здзівілася тая, неяк з рэўнасцю азіраючы яе, як якую незнаёмую. Сама ж і сёння шыкоўна апранулася.
— Ды ладна табе! — усміхнулася Лілія Іосіфаўна.
— Польскі махер...— падышоўшы, адразу ж угадала Таццяна Сяргееўна,— Аўстрыйскія боты. Прызнавайся: дзе дастала?
— Падарунак,— адказала шчыра Лілія Іосіфаўна.
— Добры падарунак! — ацаніла тая.— І я ад такога падарунка не адмовілася б!
— Хоць ты на конкурс мадэльераў пасылай! — пацвельваўся Іван Сямёнавіч.— Ці маглі мы з табой, Міхась Рыгоравіч, старэйшыя, нават пасля вайны марыць вось пра такое? Ці маглі мы хоць уявіць такое?
Міхась Рыгоравіч — нібы зусім, аблыселы за гэты месяц, з упалымі вачыма, ціхі — стаяў ля грубкі і гартаў кнігу-падручнік. Нічога не адказаў, нібы з абыякавасцю зірнуў на яе. Раней бы пажартаваў, а цяпер — не. Як адвык ад жартаў, смеху.
Васілец сядзеў над раскладам, сам сабе ўсміхаўся. Здаецца, у яго быў вельмі добры настрой.
«Ніхто і не ведае, што ў мяне сёння за дзень...— падумала Лілія Іосіфаўна.— І добра. Менш увагі. Нашто, каб усе зналі, што мне ўжо дваццаць восем гадоў, што з усіх маладых я тут самая старэйшая... Была б, можа, нейкая крыўда, каб мяне, адзіную дачку, не павіншавалі бацькі. Але ніякай крыўды на іх няма, а, наадварот, прыемна: бацька і маці прыслалі пасылку, дзе былі мае любімыя цукеркі асарці, вось гэтыя кофта, боты, кулон, спадніца. Праўда, на паштоўцы, што сёлета падпісала маці, былі, як і тыя гады, усякія сардэчныя словы, але на гэты раз былі і дзве нечаканкі. Маці віншавала, але не назвала нідзе, колькі мне гадоў, і, па-другое, на гэты раз яна не жадала, каб я «хутка выйшла замуж за любімага чалавека», як зычыла раней. Відаць, маці ўжо не верыць у гэта... Ну, і такой бяды! Пражыву ж неяк і адна... Не буду так адчайвацца, як адчайвалася летась...»
— Вось гэта Лілія Іосіфаўна! — цмокаў усё Іван Сямёнавіч.— Не пазнаць! Так і свеціцца ўся нейкім святлом...
«І ён, стары чалавек, гэта ўбачыў! — здзівілася Лілія Іосіфаўна».
Лілія Іосіфаўна дастала з сумкі кіпу сшыткаў, падала іх Васільцу.
— Вось, Павел Мікалаевіч, правераныя ізлажэнні шасцікласнікаў,— сказала яна,— а вось,— і тут жа яшчэ падала лісток паперы,— запісана, колькі якіх ацэнак, на якія правілы памылкі.
— Дзякую,— адказаў той, усё ўзяў.— У мяне ёсць два вольныя ўрокі запар, дык я ўсё разгледжу, а потым пагаворым па вашых уроках.