Выбрать главу

Яна з увагаю слухала — Васілец хваліў і хваліў яе. Ад радасці яна аж не ўсё разумела. Не таму, што іменна яе хваляць, а таму, што яе работа падабаецца, што бачаць і паважаюць яе шчырасць.

— Есць яшчэ для Ліліі Іосіфаўны і праблемы, ёсць ёй яшчэ над чым падумаць...— пасля, пад канец сваёй гаворкі, сказаў Васілец.— Вось, напрыклад...

«Раней, калі пачыналі гаварыць пра гэта, я саромелася, а то і з болем перажывала, што яшчэ нечага не дарабіла. Цяпер, слухаючы Васільца, не саромлюся. Адчуваю: ён малады, але ўжо шмат ведае і штосьці раіць мне рабіць іначай, лепей...»

— Ліліі Іосіфаўне трэба яшчэ глыбей прадумаць, як праводзіць работу над памылкамі, бо вучні зноў і зноў робяць іх на тыя ж правілы, што яны ўжо праходзілі. І пасля таго, як была ўжо работа над гэтымі ж памылкамі... Трэба шукаць новыя віды работ... Усім нам, моваведам...

«Трэба»,— згаджалася ў думках Лілія Іосіфаўна.

— Ну, зусім някепска, калега, на пачатак! — прамовіў Іван Сямёнавіч, калі нарада прайшла і амаль усе разышліся, засталіся толькі ў настаўніцкай утрох — ён, Васілец і Сліж,— Так што напраўду бяры з маладым здароўем, са свежымі ведамі ды з маім вопытам усю вучобу, метадычную работу ў школе ў свае рукі. А я ўжо, буду думаць больш пра гаспадарку...— ён усміхнуўся, паказаў, што ведае, пра што гаварыў загадчык райана з Васільцом,— Так што ты ў пару стаў тут на готы трон... Старайся, пасля як знойдзеш... Бо ўсё, што закідаеш наперад, не прападае, бывае да патрэбы... Хоць ты, калега, гэтыя тыдні і сёння шмат папрацаваў, хоць не зусім стаіш за цякучы, за знянацку так сказаць, кантроль, але застанься, братка, на другую змену,— потым папрасіў ён, а сам пайшоў да вешалкі, згорбіўся.— Трэба памагчы неяк нашай новенькай, ніяк яна не можа стаць на ногі. Я сам памагаў бы ёй далей, ды нешта мне сёння нездаровіцца... Прыйду ўжо сюды пад канец змены.

Ён апрануўся, развітаўся і пайшоў дадому.

— Папаўся жучка ў ручку! — хіхікнуў Сліж, калі дырэктар пайшоў з настаўніцкай.— Усе вот падаліся дадому, да сям'і, а табе яшчэ на другую змену... Зарплата паменела, дык і не надта ты што выйграў, жызня мая, што сучком стаў... Толькі яшчэ болей работы набыў... Ды з намі, простымі, грэшнымі, трэба агрызацца, каб мы болей стараліся, рабілі Міланьскіх неслухаў вундэркіндамі...

— Выйграў — не выйграў! Ці толькі так трэба думаць? — адказаў Васілец, сеў зноў ля стала. Чакаў, калі вернецца з урока новая настаўніца пачатковых класаў.— Сказалі, што трэба, вось я і адказаў: ёсць! Ты б іначай зрабіў бы?

Сліж усміхнуўся, але нічога не прамовіў. Дастаў белы партсігар, узяў з яго доўгую цыгарэціну, прыпаліў ад запальнічкі і пачаў хадзіць па настаўніцкай. Касцюм на ім, поўным, цяжкім, здаецца, аж трашчаў па швах. Сліж часта адкрываў рот, выдыхаў дым, бліскаў залатымі зубамі.

— Пра сябе маўчу, бо я маленькі чалавек — просты Навучыцель,— не думаю зоркі з неба хватаць,— потым загаварыў ён, усё ўсміхаючыся. А вот за табою, жызня мая, сачу. Храбёр, брат, храбёр! Толькі я табе параю: не вельмі, жызня мая, ты кідайся да ўсяго, не перажывай за ўсё. Падарвеш змоладу здароўе... Ёсць жа яшчэ і дзярэктар. Сатры ён ці хворы — табе бяда малая. Сядзіць ён на гэтым крэсле, дык няхай, што трэба, і сам робіць. Не можа — хай саступае... А пачаў ты, як я панімаю, добра. Дзелавіта і, галоўнае, добра пыл у вочы пусціў. Маўляў, не абы-як раблю, а па-навуковаму... Цяпер усюды гэтакія во слоўцы, без іх нідзе не ступіш. Умее хто ці не ўмее — усе за навуку... Паперак во ўсякіх начапляў,— ён кіўнуў на вялікі стэнд, дзе вісеў новы расклад урокаў, дзе Васілец яшчэ вывесіў і свае, завучаўскія, планы — каму з настаўнікаў да каго ў вольны час, за «фортачку», схадзіць на ўрок, каму які пасля Новага года даць адкрыты ўрок, з якімі лекцыямі каму выступіць перад бацькамі, з дакладамі — перад настаўнікамі на нарадах і педсаветах.— Вот метадычны куток, куток класнага кіраўніка, вот...— Ён падышоў да палічкі, дзе стаялі класныя журналы.— Вот па твайму загаду мы завялі і паставілі сюды сшыткі з улікам гурткавой, пазашкольнай работы... Усе школьныя газеты абноўлены, ёсць новыя... Нашыя рабочыя планы правяраеш, кожны дзень на нашыя ўрокі ходзіш, потым па іх ледзь не дыспуты ладзіш... Усё навідавоку, усё на паперы... А без паперы няма веры. Зойдзеш у школу, у настаўніцкую, адразу адчуеш: ёсць у школе дырэктар, ёсць тут завуч. Ёсць тут работа...