— Ты як Райкін...— усміхнуўся Васілец,— Толькі ці не разумееш, дзеля чаго ўсё робіцца, ці наўмысна ўсю маю работу перакручваеш з ног па галаву... Няўжо я толькі і думаю пра адно: як бы лепей схітраваць, як бы лепей паказацца?
— Я жартую, стары. Але гавару праўду...— Сліж зноў усміхнуўся. З нейкаю загадкаю,— Малайчына: як трэба пачаў! А прыглядацца — прыглядаюся. Бо мне з табою, жызня мая, можа, і ўвесь век укалваць. Спачатку, як сказаў дырэктар, што ты завуч, заела мяне. Неяк зарыпела сэрца: ты хто? Просты рабацяга! А ён хто? Ён, твой равеснік, ужо завуч! Твой начальнік! Павер, я не хачу цяпер быць завучам, бо я пры Рагатку не пацягну гэты воз, але рыпіць праклятае сэрца, зайздросціць. Як вот сядзіш на канферэнцыі, чуеш, што хваляць каторых настаўнікаў, дык чакаеш: а ці назавуць тваё фаміліё?! Здаецца, ну што з таго: назавуць ці не? Але ўсё ж праклятая гэтая слава... Хочацца яе, як вады ў спёку. І што дзіва: хочацца; каб цябе назвалі, а твайго калегу — не... Вот я і пасміхаўся ў душы, думаў: ну, паскачы, Васілец, папробуй пацягнуць завучаўскі воз! Аж ты во ўчапіўся, што клешч, і не толькі валачэш, але і пад гору бягом шпарыш! Паглядзеў гэта я і падумаў: дарэмна нехта баіцца якой пасады. Усё можна пацягнуць. Галоўнае, жызня мая, умець усё аздобіць, як торт украсіць... Чаму вот калі прыедзеш у якую славутую школу на семінар, кідаецца адразу ў вочы, што там усе сцены абчапляны ўсякімі паперамі. Трэба. Для чужога вока. А робіцца, думаеш, лепш? Не, не лепш. І мы так робім. Але там аздоблена лепей. Вот ім і слава! Так што націскай на гэта — не прашляпіш...
— Аж страшна цябе слухаць...— прызнаўся Васілец.— А нам жа, напраўду, можа, век разам працаваць...
— Я наблюдацельны...— усміхнуўся Сліж, відаць, па-свойму зразумеўшы Васільцовы словы. У карысць для сябе.— Даць табе яшчэ адну параду? Не дарэмна, канечне, а за тое-сёе...— ён падміргнуў вокам.— Хочаш? Ну, дык слухай, жызня мая. Кемны ты, павагу сярод усіх нас маеш, але замяккі ты, надта далікатны, усё хочаш па-добраму — памагчы, параіць... На цябе зірнеш — і не скажаш, што ты начальнік... Бо на твары ў цябе далікатнасць, сарамлівасць, нешта такое дружаскае, мяккае, спагаднае... А начальніку трэба строгасць, нават нейкая злосць. Зірні на Івана Сямёнавіча — начальнік!.. Бровы нахмураны, губы сціснуты, такі позірк, што пранізвае цябе наскрозь... Трэба, трэба, каб баяліся... А якая перад табою боязь, калі ты дазваляеш гэтак якой Таццяне Сяргееўне агрызацца?! Ты ёй адно слова, а яна табе дзесяць у адказ. Трэба, каб ты гаварыў, а яна стаяла і рукі былі па швах ці каб усе па адной дошцы перад табой хадзілі...
— Нашто ўсё гэта, Валодзя,— махнуў рукою Васілёў— Мне якраз і падабаецца, што Таццяна Сяргееўна спрачаецца, што хоча даказаць нешта сваё. З ёю практыкуеш розум...
— З ёю, можа, і можна практыкавацца, але толькі не па розуму... — перабіў яго Сліж.— Заклююць цябе, калі дазволіш усім спрачацца, разводзіць анцімоніі... Ды гэтая Таццяна Сяргееўна спрачаецца не таму, што думае пра дзела, а таму, што хоча пстрыкнуць табе па носе... Ды помсціць, што ёй не ўдалося акалпачыць цябе...
— Ты хворы! — кіўнуў галавою Васілец.— На ўсё і на ўсіх глядзіш коса, перакручваючы ўсё з ног на галаву...
— А ты вер усім!..— не адступіўся Сліж.— Ды яна цябе цяпер ненавідзіць... Неяк давялося раз нам з ёю пасядзець у адным добрым месцы, выпіць, дык яна прызналася, што цярпець цябе не можа. Кажа: выскачка, хітрун, кар'ерыст наш Васілец!
— Калі думае так, няхай сабе і думае. Жыццё ўсё пакажа... Да работы гэта не мае...
— Дзівак ты! — як здзівіўся, незалюбіў Сліж,— Мае... Ды яшчэ як... Я на тваім месцы яе добра правучыў бы, падлавіў бы на нечым і добра патыцкаў бы носам... Калі хочаш, я табе ўсё скажу, хто пра цябе што гаворыць...
— Не трэба. Калі ласка, не трэба! — ледзь не падскочыў з крэсла Васілец, і чамусьці яму ў гэтую хвіліну захацелася выйсці ў калідор і памыць рукі.
— Як хочаш...— развёў рукамі Сліж.— Я хацеў памагчы табе па-добраму, як друг другу. Калі хочаш добра кіраваць, дык павінен усё пра сваіх людзей ведаць. Сам усяго ніколі не ўведаеш, дык трэба, каб быў верны чалавек... Вот я і думаў, што нам можна далей яшчэ бліжэй дружыць... Налета, калі сядзеш на Рагаткава крэсла, не прагадаеш, калі возьмеш мяне на сваё месца. Мы ўдвух добра спяёмся, пацягнем, прыціснем усіх пад ногаць, што ніхто і не пікне. Возьмем маладых дзяўчатак у школу, агарод, сад, соткі будуць у нашых руках — дык зажывём... Ты будзеш за вучобай глядзець, бо ты больш кемны, а я буду гаспадарыць. За гадоў пяць — сем на легкавіку пры мне паедзеш...