Васілец не мог нічога сказаць. Пазіраў па Сліжа: той гаворыць праўду ці жартуе?
— Я сур'ёзна...— пацвердзіў Сліж.— Я не метадыст, не вучоны, але гаспадарку пацягну, здолею капейку лічыць... Я і ад урокаў матэматыкі адмоўлюся, урокі працы вазьму...
Зірнуў на Васільца: што той скажа? Здагадаўся, што Васілец збянтэжыўся. Усміхнуўся. І, нібы да рэшты прыціскаючы Васільца ў кут, падышоў да дырэктаравага стала, паляпаў па ім далонню, а потым адсунуў крэсла, ухмыльнуўся:
— Хадзі сядзь! Зірну, як ты будзеш дырэктарам выглядаць!
— Перастань! — незалюбіў Васілец.
— Сядзь! — настойваў Сліж.— Дзівак: ты ж так блізка да гэтага крэсла — і не хочаш прысесці, прымерыцца! Тады паглядзі, як я выглядаю!
І Сліж сеў, паклаў далоні рук на рагі стала, нахмурыўся, сціснуў вусны.
— Ну, як?
— Бюракрат, дэмагог і цынік! — адказаў Васілец.
— Ну, не гавары...— ухмыльнуўся Сліж.— Але я табе скажу шчыра: няблага сядзець! Няблага! Сядзіш і адчуваеш: ты тут самы важны, ты тут царок, хоць і над маленькім гуртам! А калі ты нешта значыш? Калі маеш пад рукою пячатку, ключы ад свайго кабінета і службовую машыну... Машыны, праўда, тут ніхто не дасць, яе можна і самому купіць, а вот ключы і пячатка будуць. А некалі будзе новая школа, дык і асобны кабінецік можна зрабіць. Сталы літараю «Т», дывановыя дарожкі, крэслы абапал сцяны і абавязкова канапка... Калі столькі многа дзяўчат, жанчын, дык канапка трэба абавязкова... Ды і фінансы такія-сякія ў тваіх руках: можна аднаму менш даць, другому больш... Толькі вот у адным ты здураваў: жонку настаўніцу сабе ўзяў, так сказаць, сам сабе здабыў знянацку кантроль...
— Ты вот жартуеш, а мне страшна...— ціха прамовіў Васілец.— Вельмі страшна...
— Не палохайся,— заспакоіў Сліж.— Бяры налета мяне за завуча — не прападзеш...
— Перастань, калі ласка,— папрасіў Васілец.— І больш не заводзь такіх гавэндаў. І не думай так. А пра іншае больш думай...
— Во! — перамяніўся раптоўна Сліж.— Гэта ж я забыўся. Ніна мая ўжо даўно табе шукала, усё выпрошвала на базе добрую шапку. Дастала нарэшце такі, і світэр добры дастала. І Ларысе там нейкіх мадняцкіх шмотак папрасіла. А таксама пасуды з крышталю, чайныя і кафейныя наборы, талеркі добрыя. Падходзьце так калі вечарам не ў магазін, а да нас, на дом... А заадно і пасядзім крыху, пагаворым... Мы ж маладыя яшчэ, а ўжо мала сыходзімся, усё пра работу ды пра работу... Можна ж і пра другое, павесяліцца крыху...
— Дзякую,— заліваючыся сорамам, адказаў Васілец, пакляў сябе: Сліж гаворыць вось такое і хоць бы што яму, а ён не можа выцерпець, здаецца, праваліся хоць скрозь зямлю.— Цяпер у нас з грашыма цяжкавата...
— Нічога, на чорную кніжку дасць...— супакоіў Сліж.— Аддасі з палучак. Без працэнтаў... Для цябе асабіста будзе льгота, жызня мая...
Як збавенне для Васільца, як радасць пачуўся званок з першага ўрока другой змены — і ў настаўніцкую вярнуліся Міхаіл Апанасавіч і маладая настаўніца другога класа.
— Ну, не буду замінаць. Будзь здаровы і не кашляй! — нарэшце як схамянуўся, што заседзеўся, Сліж, пайшоў да дзвярэй.
— Абдумай па дарозе, што ты тут гаварыў... — сказаў яму на развітанне Васілец.— І выкінь усё гэта з галавы...
— Не! — матлянуў галавою Сліж.— Я на агітацыю не паддаюся! Я знаю, што гаварыў... Я знаю жыццё, браце...
І — вясёлы, шчаслівы — пайшоў з настаўніцкай.
— Я хачу схадзіць да вас на ўрок беларускай мовы,— павярнуўся Васілец да маладой настаўніцы.— Пакажыце, калі ласка, вашы планы, сшыткі дзяцей.
Як і ён некалі, у першы год работы, Вертуну ці Рагатку, так і маладая настаўніца з хваляваннем падала яму цяпер свой сіні тоўсты сшытак з планамі, сшыткі...
11...
— Ну давай, мая мілая, скажам: добры дзень, Новы год! — як толькі па тэлебачанні скончыліся з Масквы навагоднія прывітанні, пачалі бумкаць Крамлёўскія куранты, сказала Таццяна Сяргееўна, узяла ў рукі адкаркаваную пляшку.
— Добры дзень! — усміхнулася Лілія Іосіфаўна.
— Кампанія без хлопцаў, канечне, не кампанія, але дзе дзенешся! — прамовіла Таццяна Сяргееўна, наліваючы ў крышталёвыя чаркі каньяк,— Хлопцы і цяпер дарагія, нарасхоп... Але свята ёсць свята, трэба сустракаць яго і без хлопцаў...
Лілія Іосіфаўна маўчала: яна ўсё яшчэ з учарашняга дня, калі закончылі вучобу за першае паўгоддзе, адгулялі ля ёлкі Новы год дзеці, калі пагулялі ў школе і яны, настаўнікі, не магла апамятацца, чаму іменна да яе папрасілася прыйсці сустрэць Новы год Таццяна Сяргееўна. Чаму не паехала ў горад, да сваіх знаёмых, чаму не пайшла тут, у Міланьках, да каго? Раней жа, нават яшчэ летась, сёлета ў першыя асеннія месяцы, Таццяна Сяргееўна мала зважала на яе. Яны не былі ў злосці адна да адной, але і вялікай дружбы ніколі не мелі.