Выбрать главу

— Няхай гэты год прынясе шчасце і нам, старым дзявулям! — пажартавала з самотнасцю ды з іроніяй Таццяна Сяргееўна, падняла чарку.

— За Новы год! — усміхнулася Лілія Іосіфаўна, дакранулася да яе чаркі сваёю, адчуваючы прыўзняты настрой: як-ніяк вось-вось настане Новы год, новае жыццё! — Ну і за шчасце, канечне!

Таццяна Сяргееўна ці то з іроніяй, ці то з жартам, сама сабе ўсміхаючыся, падняла чарку, зірнула скрозь яе на блізкую ёлку — на ёй свяціліся рознакаляровыя лямпачкі, падсвечваючы чырвоныя, жоўтыя, зялёныя шары.

Таццяна Сяргееўна была ў гэты вечар вельмі прыгожая. Яна заўсёды была прыгожая, а сёння твар яе быў бялейшы як калі, на галаве быў вабны чорны парык, на грудзях красаваўся залаты кулон. Таццяна Сяргееўна, уваходзячы ў сталыя гады, расцвіла, усё болей набірала жаночае хараство, як кветка пасля дажджу, пры добрым цяпле. Але, здаецца, і на яе прыгожым твары, і надта ў задумлівых вачах ляжаў адбітак нейкага смутку.

Лілія Іосіфаўна выпіла чарку каньяку, зморшчылася, пасля хутка паставіла чарку, зазяхала, памахала перад ротам рукою, зірнула на стол: што ўзяць у рот?

Таццяна Сяргееўна не гэтак мітусліва, як яна, а спакойна трымала ў левай руцэ відэлец, а ў правай нож, рэзала кілбасу і вельмі прыгонка, аж было замілаванне на яе пазіраць, ела.

«Даўно разам працуем,— падумала Лілія Іосіфаўна,— сядзім вось насупраць адна адной, маўчым і, мусіць, абедзве гэтак жа адчуваем, што ў нашай кампаніі не хапае яшчэ аднаго чалавека. Ці то дзяўчыны, ці то хлопца, гэта было ўжо ўсё роўна, але трэці чалавек трэба. Бо мы абедзве ніколі не гарнуліся адна да адной, жылі па-рознаму, вось і цяпер не можам зладзіць. Надта я. І чаму я такая сумная? Не магу завесці добрай гутаркі, паспяваць».

— Паўторым? — спытала, зірнуўшы на яе, Таццяна Сяргееўна.— То была чарка за Новы год, а гэта чарка будзе ўжо ў новым годзе.

— У мяне ўжо галава кружыцца,— прызналася Лілія Іосіфаўна.

— А ты не бойся,— сказала госця,— Век ты ўсяго баішся... Асмелься хоць раз — і нічога не бойся... І зусім іншае жыццё ў цябе пойдзе...

Лілія Іосіфаўна, з сорамам усміхаючыся за сваё сп'яненне, толькі прыклала чарку да губ, а Таццяна Сяргееўна лёгка, з ахвотаю выпіла ўсё. Прыкусіла.

— Спяём? — пасля запытала.

— Ды я не маю голасу,— засаромелася Лілія Іосіфаўна.— Хіба ты ўжо запявай, а я падпяваць, гудзець, як авадзень, буду.

— Давай тады патанцуем, як вось танцуюць яны... — сказала Таццяна Сяргееўна, кіўнула на тэлевізар,— Сумна ж так, лічы, моўчкі сядзець.

— Ды і ўдзвюх не зусім ёмка танцаваць...

— Дык хоць засмаліш за кампанію? — усміхнулася Таццяна Сяргееўна, узяла з канапы сваю сумку і дастала цыгарэты.— Ніхто ж не ўбачыць. А я нікому не скажу...

— Ды я не баюся. Я... не люблю гэта,— прызналася Лілія Іосіфаўна, зноў засаромелася за сябе: Таццяна Сяргееўна зноў паглядзела на яе з іроніяй.

Таццяна Сяргееўна падышла да парога, пусціла дым з рота і заадно пазірала на тэлевізар — на навагодні «Аганёк».

— Ты вось у нас вельмі разумная, кемная, сур'ёзная, не такая, як я, матылёк... — ужо, калі бралася на ранне, разгаварылася расчырванелая Таццяна Сяргееўна. Яна сядзела, падабраўшы пад сябе ногі, у кутку канапы, амаль ужо не пазірала на тэлевізар,— дык скажы вось мне, мітуслівай, непастаяннай, як мяне лічаць, што такое шчасце? Сапраўднае шчасце?

— Адкуль я ведаю? — паціснула плячыма Лілія Іосіфаўна. Яна сядзела непадалёку, у другім кутку канапы. Хацела ўжо, прывыкшы рана лажыцца, спаць.— Часта ўсе напраўду гавораць, што я разумная, сур'ёзная, але... нешчаслівая... Дык я ўжо і сама прывыкла: я нешчаслівая. Няма ў мяне шчасця, хоць я і хачу яго...

— Паглядзіш вось на нашых — і не зразумееш: якое ж яно, шчасце?!. — сказала Таццяна Сяргееўна.— Старэйшыя, Іван Сямёнавіч, Вяртун, калі запытаеш у іх пра гэта, толькі ўсміхаюцца, махаюць рукамі: дзе яно, тое шчасце! А яны ж пражылі ўжо нямала... Нашы вось равеснікі... Мая Сцяпанаўна ў добры дом замуж выйшла, як сыр у масле плавае, але нечага ёй не хапае, кажа: яшчэ няма ў яе шчасця... Сліж таксама жыве ў дастатку, але нечага ўецца, нешта шукае, ліпне да спакус усякіх, кажа: яшчэ не зусім шчаслівы... Васільцы дружна жывуць, радуюцца, што ёсць сын, але туляцца на чужой кватэры, усё валакуць на сваіх плячах, без кропелькі чужой дапамогі — дык гэтаксама мараць пра шчасце... Ты думаеш пра шчасце, я думаю... Без надзеі на шчасце няможна жыць... Але дзе яно, тое шчасце, якое?