Выбрать главу

12...

— Хоць усе нашы цяпер і адпачываюць, а мы з табою, калега, давай яшчэ пакумекаем пра школу,— сказаў Іван Сямёнавіч, калі ўтульна сеў за свой стол, скінуў пінжак, павесіў яго сабе за спіну, на крэсла.— Хоць дарэмна я пад старасць распусціўся, ліберальнічаю, паадпускаў вось усіх. Гэта для дзяцей канікулы, а для настаўнікаў якія канікулы? Трэба, каб усе былі ў школе, чыталі, пісалі календарныя і іншыя планы, падправілі табліцы, вучыліся пускаць кіно. А то ёсць кінаапарат, а пускаць яго ўмеюць лічаныя людзі. Але просяць во: пусціце з'ездзіць то да мамы, то да бабулі...

Васілец маўчаў: сёлета ён з Ларысаю ды з сынам мусіў застацца на канікулы ў Міланьках, а ў тыя гады, калі быў вольны, як арол, з вялікаю ахвотаю і сам, засумаваўшы, ездзіў і да сваіх, і да Ларысіных бацькоў, браў гэтаксама загадзя на канікулы і білеты ў сталічныя тэатры.

— Хочацца і да матак, і да бабуль з'ездзіць... — усміхнуўся Васілец.— Бо, на вялікі жаль, і бабулі, і маткі не век жывуць... Ды і ў Міланьках пакуль што няма ні тэатра, ні кнігарні, ні універмага...

— Ты ўжо кіраўнік, калега, дык павінен іначай думаць. Стражэй,— павучыў Іван Сямёнавіч.— Раз трэба для школы, для парадку, каб былі тут, дык трэба. І ўсё тут. Будзь строгі — і ўсё будзе па-твойму. Будзе парадак усюды. Яшчэ ж сам помніш: за мною заўсёды быў добры парадак. Гэта апошнія гады я крыху расклеіўся, усё пусціў на самацёк. А пускаць не трэба... І не бойся мець непрыяцеляў, бо яны ўсё роўна заўсёды будуць. Будзеш строгі — злоснікі, крыўднікі будуць, станеш мяккі — насмешнікі, хітруны завядуцца...

Васілец прамаўчаў.

— Але гэта ўсё між іншым, калега, толькі добрая парада старога вераб'я маладому... — усміхнуўся Іван Сямёнавіч, прыгладзіў рукою зусім сівыя рэдкія валасы на галаве.— Я паклікаў цябе дзеля другога. Нам трэба з табою, калега, паднавіць перспектыўны пяцігадовы план і скласці план работы на гэты навучальны год,— прамовіў ён і ўсміхнуўся, бо ўбачыў, канечне, што Васілец здзівіўся: прайшла ўжо амаль палавіна вучобы, а толькі цяпер складаць план? — Магу прызнацца, калега, чаму так... Цябе павінны былі назначыць завучам яшчэ з першага верасня, вось я і думаў яшчэ тады: прыйдзеш да мяне ў намеснікі і возьмешся за гэта са свежым розумам, з маладымі сіламі, па-творчаму, бо мой і розум ужо прытупеў, і прывык я да шаблонаў... Ды і тыя часта не знаходзяцца... Але мяняўся загадчык райана, тваё назначэнне затрымлівалася — вось план і не пісаўся. Вось цяпер маеш вольны час, дык і вазьміся за гэта, калега. А то наскочаць інспектары, дык не ацярэбімся тады ад прачуханцаў... А яны ні мне, старому, ні табе, маладому, не трэба.

— Я ж не ведаю, што і як пісаць,— прызнаўся Васілец.

— Пакажу, памагу — і навучышся. Усяму навучышся...— прамовіў Іван Сямёнавіч, адчыніў шуфляду стала і дастаў тоўсты сшытак у рудых вокладках,— Вось пазалетась, як ты служыў, быў я ў абласным інстытуце ўдасканалення настаўнікаў на семінары дырэктараў васьмігадовых школ, дык тое-сёе запісаў з таго, што цяпер самае сучаснае ды моднае.

Ён дастаў з кішэні акуляры, начапіў на нос і паглядзеў на першую старонку, потым адгарнуў з палавіну, відаць, пранумараванага сшытка.

— Вось табе і план работы школы,— сказаў ён, пазіраючы ў сшытак,— Адзінаццаць раздзелаў. «Уводзіны». Напішаш, чаго мы дабіліся ў тым годзе, чаго хочам у гэтым. Пафантазіруй, распішы як трэба. Вось далей раздзелы: «Выкананне закона аб усенавучы», «Работа з педагагічнымі кадрамі», «Навучальна-выхаваўчая работа», «Пазакласная выхаваўчая работа з вучнямі», «Кіраўніцтва і кантроль за навучальна-выхаваўчай работай», «Работа з бацькамі, з грамадскасцю», «Спартыўна-масавая і гігіенічная работа»... Так... Ну, апошні раздзел — «Умацаванне навучальна-матэрыяльнай базы школы» — я сам складу, бо яшчэ лепш за цябе ведаю, што трэба нам купіць, што можна дастаць, а што няможна. А табе тут ёсць процьма парад,— ён падаў Васільцу свой сшытак.— Пішы, што было ў нас, што павінна было быць, што будзе... Не бойся падсыпаць гучных слоў. Чым паболей... Такі план зляпі, каб быў як звон. За добры, хоць, можа, і не зусім пад сілу, план ніколі нас не паганяць. Калі і даб'ешся чаго, дык пахваляць: малайцы, усё было задумана! Вось яшчэ дам табе ў помач...

Іван Сямёнавіч адсунуўся разам з крэслам ад стала, нагнуўся і, чырванеючы ад натугі, пачаў даставаць з правай тумбы дубовага стала старыя школьныя журналы. Збоку на іх выцвілым чарнілам бачыліся розныя лічбы: «1947», «1953», «1956», «1964», а гэтаксама і іншыя. Некаторыя журналы — надта тыя, што былі ўжо даўнія,— былі зжаўцелыя, абгрызеныя мышамі і пахлі цвіллю.