Выбрать главу

— Вось, калега, усе нашы школьныя планы за маё дырэктарства,— усміхнуўся Іван Сямёнавіч, як дастаў і з другой тумбы і паклаў на стол гару журналаў, чмыхнуў і абцёр далонь аб далонь.— Усё трымаю, неяк шкода выкідаць! Ды падумаеш: гэта ж гісторыя ўжо. Твая гісторыя! І на ёй твой подпіс!.. — Вось,— ён разгарнуў адзін стары журнал,— «Дырэктар школы Рагатка І. С.». Гісторыя! Але ўсе журналы я табе не дам, бо тут ужо,— ён са смуткам паківаў уверх-уніз галавою,— на сёння шмат непатрэбных цытат, прозвішчаў, усякай лішніцы, ад якой мы пакрысе адвыкалі... А ўсё было... І цытаты, і прозвішчы грымелі! І ўсё потым уміг счэзла! Дам я табе журналы з 1964 года, гэта надзейна на сённяшні дзень,— ён адабраў з сем навейшых журналаў, падаў Васільцу, а астатнія паскідаў назад у тумбы стала.— Перагледзь, бо ў нашай рабоце і трэба пераемнасць. Знойдзеш якую цікавую задуму, дык не бойся перапісаць, бо ўсё добрае — век добрае. Я тут шмат паўтараў з году ў год. Але і асвяжы, канечне, сваім маладым розумам. І ўсюды перасыпай словамі «сучаснасць», «навуковасць», «праблемнасць», «кабінетная сістэма навучання», новыя праграмы, новыя патрабаванні». Усё ясна? — і хітравата ўсміхнуўся.

— Ды разумею вас... — адказаў Васілец, адчуваючы, што ўсе канікулы праседзіць ля стала: трэба будзе яшчэ напісаць і свае — завучаўскія ды каляндарныя — планы. Адно суцяшэнне, што будзе ўжо ведаць, як трэба пісаць план работы школы.

— Тады яшчэ адна гамонка, дарагі калега,— Іван Сямёнавіч дзьмухнуў па стале, дастаў з верхняй шуфляды стала лісты паперы, што яшчэ пазаўчора аддаў яму Васілец.— Вось, як я і прасіў, як і павінен гэта рыхтаваць завуч, ты зрабіў для райана справаздачу за другую чвэрць і за першае паўгоддзе. Але такой ведамасці ў раён няможна пасылаць. Чаму? — усміхнуўся ён.— Сам не здагадваешся? Не? Адгадка простая. Шмат двоек, троек, мала чацвёрак і пяцёрак... Мы не можам усё гэта так паказваць. Мне ж галаву на адыход мой на пенсію адкруцяць...

— Я склаў справаздачу па ведамасцях класных кіраўнікоў,— адказаў Васілец.— Нічога сам не прыдумляў.

— Я ж табе даваў копіі ведамасцей за той год за першае паўгоддзе, прасіў зірнуць, што сёлета, а што летась было... — ужо з незадавальненнем прамовіў Іван Сямёнавіч.— Разумееш, трэба, каб сёлета хоць на адну тройку, хоць на адну чацвёрку, але каб было лепш, як летась. Рост трэба. А я вось падрахаваў — ну, гэтак, як было і летась. Так што перапішы, Павел Мікалаевіч, падпішы — і мы пашлём... — і ён падаў яму паперы, усміхнуўся: — Недзе разы са два, а то і болей у якой двойкі ці тройкі не туды хвосцік ці вяршок загні — і ўсё будзе як трэба...

— Другую ведамасць я не магу падпісаць... — адказаў Васілец і папер не ўзяў.

Іван Сямёнавіч, прыжмурыўшы вочы, трымаў гэтыя паперы ў працягнутай руцэ. Праз хвіліну рука дробна задрыжала, а твар запунсавеўся. Потым Іван Сямёнавіч паклаў ля сябе паперы, прыгладзіў дрыготкаю рукою валасы, пацёр пальцам у куточку правага вока.

— Не ўпірайся. Перапішы і падпішы,— сказаў ён, зноў дзьмухнуў па стале.— Так трэба. І табе гэта навука на пазнейшае. Разумееш, трэба, каб былі зрухі... Калі баішся падпісаць адзін новую ведамасць, дык і я падпішу...

— Не, Іван Сямёнавіч, гэтага я рабіць не буду...

— Ды зразумей ты,— Рагатка абпаліў яго бязлітасным позіркам,— мне налета на пенсію ісці, і мне хочацца мець персанальную... А ты малады, здаровы, дык палепшыш яшчэ ўсё і на самай справе... І я ў твае гады палепшыў бы...

— Я не толькі пра гэта думаю, а яшчэ і пра іншае... — вытрымаўшы дырэктараў позірк і нават прымусіўшы таго апусціць галаву, сказаў Васілец.— Ды што мне гаварыць: вы самі ўсё лепш за мяне ведаеце...

— Ах, ты вось пра што! — ухмыльнуўся Іван Сямёнавіч.— Не будзь наіўны, калега... Ты вось толькі пачынаеш яшчэ стала жыць, працаваць, дагэтуль начытаўся ўсяго, наслухаўся, дык таму такі і яршысты... Такі і я некалі быў... Але я ўжо, лічы, трыццаць гадоў кірую гэтай школкай, у такіх пераплётах быў, што маладому пра гэта і не снілася... І сёння ўжо ведаю: не раз трэба рабіць тое, што не варта было б рабіць... Думаеш, ты не будзеш? Ты, маўляў, з новага цеста, пры новых вятрах жывеш... Будзеш, усё будзеш. Бо нікуды не дзенешся. Паскачаш-паскачаш, паяршышся, дык раз-другі ў адно, у другое месца паклічуць ды запатрабуюць: ты нам не свае ідэі ды ілюзіі давай, а вынікі! Дык знойдзеш сцежачку, каб гэтыя добрыя вынікі мець. Бо без зрухаў, поспехаў няможна... Будзеш мець іх — будзе і пахвала... Сядзеш у прэзідыум, пафарсіш на дошцы Гонару, грудзіну нечым упрыгожыш... Гэта я пад старасць не надта дабіваўся гэтага, бо не хацеў лішняй увагі, лішніх камісій... А было чым пахваліцца, каб усе настаўнікі тут працавалі, якіх сюды прысылалі. Былі сярод іх, прабач за такія словы, можа, і не табе, калега, раўня: цяпер яны лепшыя дырэктары ды завучы некаторых школ... Чаго адзін толькі Алесь Трахімавіч быў варты!.. Можна было на ўсю рэспубліку праславіцца. І цяпер праз пару гадоў будзе чым пахваліцца, калі захочаш. Захочаш... Бо слава, пашана гэтыя вельмі ж жаданыя ў маладым узросце, як глыткі вады ў смагу. Здаецца, піў бы і піў бы. Дык перапішаш справаздачу ў падзяку за тое, што вучу цябе вуму-розуму, веды перадаю?