Выбрать главу

— Не,— адказаў Васілец.

— Я і адчуваў, што ты ўпарты! — хмурна прамовіў Іван Сямёнавіч, забраў паперы, буркнуў: — Некалі ўспомніш мяне... Паколешся, паяршышся ды і пагладчэеш, памякчэеш... Ну ладна, сам ва ўсім разбяруся... А ў нас з табою ёсць яшчэ адна закавыка. Усе цяпер усюды трубяць пра кабінетнае навучанне, нібы гэта ледзь не самае лякарства зрабіць і разумных, і няздольных дзяцей выдатнікамі. Калі нешта не клеіцца ў якой школе, дык, маўляў, уся бяда ў тым, што няма класа-кабінета... Па мове, па матэматыцы ці па фізіцы кабінетаў мы пакуль што зладзіць не можам, а вось па біялогіі зможам. Паставім, што маем, назбіраем усякіх жучкоў ды матылькоў. Дык вось, калега, каб не з'елі нас за адсталасць, за «ненавуковую» работу, падскоч ты каторага дня ў Галінавічы ды зірні, што там за цуда гэткае — клас-кабінет на біялогіі, бо галінавіцкі дырэктар, як толькі нехта выдумаў, а райана падхапіла гэтую ідэю, адзін з першых пачаў усклікаць на ўсіх нарадах, што кабінетная сістэма дае толькі адны чацвёркі ды пяцёркі... А я тым часам падумаю, які клас вызваліць пад кабінет... Зладзім яшчэ гэта, ды трэба хутчэй уцякаць, пакуль разумнікі з навукова-даследчых інстытутаў яшчэ чаго не выдумалі... Божа, колькі чаго яны і за маю работу ні выдумлялі, ні раілі! І раздзельнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, і каменціраванае пісьмо, і вось праблемнае навучанне, кабінетнае... Пайду са школы, але навек верыць буду, што найлепш навучыць дзяцей звычайны ўрок. Ды здольны настаўнік. А гэта — тэлевізары, кіно, табліцы, кабінеты!.. — ён усміхнуўся.— Але маўчу! Каб не лічыў мяне адпетым рэтраградам... А лічы, што і я за навуку, за ўсё новае... З'ездзі, словам, зірні, што там за дзіва такое, што за лякарства ад двоек ды троек...

— З'езджу,— ужо са спачуваннем да дырэктара адказаў Васілец.

13...

... — Хай настаўнікі першае слова скажуць! — усміхнулася суседка, гаспадыніна сваячка.— Галоўная ж на гэтым свяце Ірына Васільеўна — настаўніца...

— Давай, Павел Мікалаевіч, дзяржы рэч! — прыстаў Сліж, седзячы паблізу.— Ты ж тут наша начальства!

— Скажыце, Павел Мікалаевіч, якое слова,— прамовіла і Мая Сцяпанаўна, і гэта нешта значыла: як-ніяк а Мая Сцяпанаўна — дырэктарава нявестка.

— За святочным сталом не можа быць ніякага начальства,— адказаў Васілец,— тут усе роўныя. Самы важны той, хто самы вясёлы ды жартаўлівы.

— Давайце, Павел Мікалаевіч, скажыце слова,— загаманілі і вяскоўцы.

Васілец мусіў падняцца, узяў поўную чарку, зірнуў на папрастарнелую — выкінулі дзеля гэтага вечара перагародку — хату, на людзей. Яны сядзелі абапал ссунутых сталоў. Ля сцен, найбольш ля кута, на «ганаровым» месцы, сабраліся настаўнікі (не было толькі дырэктара з жонкаю: па-ранейшаму Іван Сямёнавіч не хадзіў ні на якія вясковыя гулянкі). На другі бок сталоў, ля ўвахода і пасярод хаты, сядзелі сваякі цёткі Ядзі і дзядзькі Яна ды сваякі Ірыны Васільеўны.

Толькі пачало на дварэ шарэць, але ўжо ў невысокай хаце гарэла электрычнае святло, і пры ім шыкоўна выглядалі з густам апранутыя настаўніцы, Сліжава жонка, па-святочнаму выглядалі і вяскоўцы ў дарагім, але не зусім модным — то зашырокім, то завузкім — адзенні. Патыліцы амаль ва ўсіх міланскіх мужчын былі высока падстрыжаныя, блішчалі белізною. Амаль у кожнай жанчыны ў рукавах былі пазатыканыя белыя хустачкі.

— Калі так,— прамовіў Васілец, і ўсе госці прыціхлі, зірнулі толькі на аднаго,— дык дазвольце запрасіць усіх выпіць перш за ўсё за здароўе, за шчасце нашых слаўных маладых бацькоў і іхняга сына! Няхай хутка ў хлопчыка заявіцца яшчэ і сястрычка, каб мы зноў прыйшлі ў гэтую добрую хату на бяседу!

— Толькі адзін дагавор, пане зычач! — на хвілінку прымусіла ўсіх прытрымацца і не выпіць гаспадыня, цётка Ядзя.— Спачатку будзе яшчэ адна гулянка ў цябе, а тады ўжо ў нас...

— Паглядзім...— усміхнуўся ён, дакранаючыся да чарак гаспадароў: дзядзька Ян, Пеця і Ірына Васільеўна ўсміхаліся, а цётка Ядзя выпіла з паўчаркі, а астатнюю гарэлку з яе пляснула на столь.