— Няхай будуць і яшчэ ў настаўнікаў гулянкі! — крыкнула яна.
Гарэлка адбілася ад столі, капнула некаторым вяскоўцам за шыю, што тыя паўціскалі ў плечы галовы, засмяяліся.
Вяртун, седзячы непадалёку, на яго амаль не пазіраў, чырванеўся, не старалася пазіраць у гэты бок, чырванелася і яго звычайна бледнаватая жонка. Васілец сам кіўнуў ім першы.
Як сеў, дык тут жа на яго талерачку Мая Сцяпанаўна і Сліжава Ніна — а яны сядзелі абапал яго — пачалі накладаць то салёныя гуркі, то кілбасу, то гарошак, мяса: на сталах, здаецца, не было ніводнай вольнай мясцінкі ад поўных талерак.
— Дзякую, дзяўчаты! — і адной, і другой пакланіўся Васілец.
— Няма вашай Ларысы, дык мы будзем сачыць за вамі,— пажартавала задаволеная, сёння на дзіва прыгожая ў сінім крымпленавым касцюме, з пышнаю прычоскаю Мая Сцяпанаўна, жартам штурхнула яго пад сталом каленам.
Васілец ледзь праглынуў тое, што было ў роце, ад гэтага незвычайнага дотыку.
І ўсю пару Мая Сцяпанаўна — яна ўслед за ім сказала добры тост — амаль не зважала на свайго Васіля. Той сядзеў з правага боку і не драмаў з мужчынамі, куляў чарку за чаркаю,— а яна ўсё загаворвала, жартавала з ім, Васільцом, пасля шмат спявала. І адна, і ў пары з Таццянай Сяргееўнай. Тая, праўда, сёння не была вельмі вясёлая.
Пасля, як вылезлі з-за сталоў, танцавалі. Спачатку ў хаце, а потым выйшлі на двор. Пеця пачапіў над дзвярамі лямпачку з пераноскаю, Сліж з мужчынамі ачысціў двор ад свежага снегу, дабраўшыся аж да асенняга, цвёрдага лёду.
— Ох, і даўно ж я ўжо так не танцавала! — смяялася задаволеная Мая Сцяпанаўна.
Цемнаватыя яе валасы ад скокаў разбэрсаліся, апалі на высакаваты белы лоб, на ружовыя, крышку пульхненькія шчокі, на доўгую прыгожую шыю.
Як мужчыны не далі болей тутэйшаму гарманісту іграць, папрасілі ўсіх танцораў зноў зайсці ў хату, сесці за сталы, Мая Сцяпанаўна прыпынілася раптоўна, аж высекла абцасамі снег, ткнулася да яго грудзіны, абчапіла яго за плячо гарачымі рукамі.
— Як добра! — прашаптала яна.— І вы які спраўны, Павел Мікалаевіч! Малайчына!
Ён, гэтаксама расчырванелы ад танцаў, успыхнуў: што падумаюць пра іх людзі! Але, здаецца, ніхто на іх не зважаў: усе гаманілі між сабою, смяяліся, жартавалі.
І калі нехта, мусіць, наўмысна выключыў святло на двары, каб усіх хутчэй завесці ў хату, Мая Сцяпанаўна злавіла яго руку, моцна сціснула абедзвюма сваімі гарачымі далонямі, зусім блізка ля яго твару дыхнула з хваляваннем.
Васілец адчуў, як у яго хмяльней, чым дагэтуль, кружыцца-кружыцца галава. Але ён ніяк не адказваў, толькі дакрануўся да пляча Маі Сцяпанаўны — маўляў, і мне гэтак жа добра, і нам усім сёння добра.
— Гэтая маленькая прынцэса далёка пойдзе...— ужо ў цёмных сенцах пачуў Васілец голас Таццяны Сяргееўны.— Вось памянеш маё слова: яна хутка махне рукою на свайго Васіля, будзе гуляць з другімі мужчынамі...
— Яна малайчына: заўсёды вясёлая... — як заступілася за сваю сяброўку Лілія Іосіфаўна, стоячы недзе паблізу.
Васільца гэтыя словы як асвяжылі, і ён адчуў, што сёння страціў усякі розум, дык цяпер схамянуўся, адчуў, што не трэба паддавацца чарам Маі Сцяпанаўны.
— Ну і няхай! Не зважайце! — шэптам адказала яму Мая Сцяпанаўна, паднялася на пальчыках і горача задыхала ў вуха: — Таня — ужо не дзяўчына, летам і без замужжа народзіць, дык вось і бурчыць... А нам няма чаго бурчаць, баяцца, мы будзем весяліцца...— прамовіла яна.
Ля дзвярэй у хату адпусціла яго руку, абмінула, зайшла першая ў хату, адразу прыпынілася ў парозе і пачала ля пасудніка папраўляць прычоску, гледзячыся ў невялікае, прымацаванае да сцяны люстэрка.
— Ну, лезце, Павел Мікалаевіч, у свой кут,— папрасіла яго гаспадыня, бачачы, што госці стоўпіліся ля сталоў, не садзяцца.
— Не, дзякую,— адмовіўся ён.— Я туды ўжо не палезу. Пасяджу вось тут з краю крыху і пайду дадому. Усё ж там Ларыса адна.
— І я не палезу, мне таксама дадому, да Андрэйкі, пара,— адмовілася ісці туды і Мая Сцяпанаўна, засталася ў парозе, ля Васільца.— Мой Васіль няхай сабе яшчэ пасядзіць, а мне пара дадому.
Калі крыху яшчэ пасядзелі, Васілец неўпрыкметку, каб усе не ўбачылі, што ён адыходзіць, падаўся ў сенцы апранацца. Следам за ім выйшла і Мая Сцяпанаўна.
Гаспадыня памагла ім у кладоўцы знайсці іхняе адзенне, напакавала стравамі іхнія сумкі і, просячы заходзіць яшчэ і заўтра, правяла да брамкі.
У цемнаце, на вуліцы, яны пайшлі ўдваіх з Маяй Сцяпанаўнай. З хаты чуўся ўслед ім гоман ды смех.
Ноч была і не цёмная, і не светлая: парою праз шэрыя касмылікі высокіх хмар выбліскваў, ярка асвятляў блакітнаватае паветра ды прасторы месяц. Калі зноў заплываў за хмары, не цямнела: можа, і таму, што цемень не паспявала ўстояцца.