Выбрать главу

Цяпер Таня і Іра былі дома, сядзелі ў сваім пакоі, дзе стаяла шафа з гаспадыніным і іх адзеннем, канапа, дзе яны спалі. Каб не сумаваць доўгімі зімовымі вечарамі, яны з Ірай злажыліся і купілі невялікі тэлевізар, што і стаяў на стале.

Яшчэ нядаўна Таня і Іра былі на школьным гародзе, разам з тэхнічкамі, з Вольгай Піліпаўнай, якая пасля надышла, выбіралі гуркі ды памідоры, зносілі іх у школьную сталоўку.

— Нешта сумнавата,— пазяхнула Таня, распраміла рукі, паднімаючы ўперад невысокія грудзі,— Давай мо, мая мілая, паедзем нанач у горад, сходзім у кіно, пазнаёмімся з добрымі хлопцамі.

— Ай, не хочацца нікуды ехаць гарачынёю,— адказала Іра.

— Баішся свайго Жэні? — спытала Таня.— Думаеш, што пакрыўдзіцца?

— Ведае ж, што я буду сёння дома...— нарэшце адказала Іра, адказала спакойна, нават неяк млява.

Такая — спакойная — была яна кожны дзень, ці гаворыць што, сядзіць ці бяжыць, яна надта не захвалюецца, не варухнецца, не выкажа сваіх эмоцый. Спакойная і, здаецца, абыякавая, халодная да ўсяго, паабяцала тутэйшаму заляцанніку, што нікуды не паедзе, будзе чакаць яго вечарам, то не варта прасіць яе перадумаць: нікуды яна напраўду ўжо не наедзе. Але Тані захацелася ўсё ж крыху калі не пазлаваць яе, то разварушыць, вывесці з гэтага халаднаватага спакою.

— І што ты знайшла ў ім, гэтым Жэню? — грэбліва спытала яна.— Маленечкі, разведзены. Што — табе другіх хлопцаў, лепшых, няма?

— А дзе яны надта ёсць? — спакойна спытала тая, седзячы побач на канапе і, здаецца, дрэмлючы.

— Шукаць трэба, мая мілая.

— Што ў парку ці ў кіно знаходзяцца, гэта не хлопцы...

— Нічога ты не разумееш,— адказала Таня,— і думаеш ты пра ўсё гэта надта па-вясковаму.

Яна паднялася з канапы, падышла да люстэрка, што вісела ля шафы, паглядзелася. Парадавалася, што яна такая танклявая і прыгожая. Яна любіць пастаяць ля люстэрка, прыхарашыцца, выгледзець кожную мясцінку на твары, разгладзіць кожную маршчынку, палюбавацца сабою, агледзець на сабе адзенне, намераць і прымеркаваць запар некалькі сукенак, выбраць самую ладную. А Іра вось і палавіну таго часу не стаіць ля люстэрка. І не таму, што не такая прыгожая ці не сабрала столькі ўбораў, а таму, што вельмі поўная і саромеецца гэтага, не мае вялікай ахвоты вышыкоўвацца.

— Слухай, як табе Васілец? — нечакана навал для самой сябе запытала Таня, разгладжваючы бровы і выбіраючы, якую яшчэ вырваць валасінку, каб бровы былі яшчэ прыгажэйшыя.

— Нічога сабе,— адказала Іра,— хлопец як хлопец. Усе гавораць яшчэ, што ён вельмі добры настаўнік.

— Настаўнік — гэта мяне не цікавіць, гэта хай цікавіць Рагатку і Вертуна,— сказала Таня.— Мяне, мая мілая, цікавіць ён як хлопец.

— Сама ж бачыш...

Сама яна, Таня, бачыла тое-сёе напраўду, але не мела пра яго, Васільца, пэўнай думкі. Усё ж мала разам папрацавалі, месяцы са два. Ды неяк неўзлюбіла гэты год праз Ларысу...

У школе яна і Ларыса былі з маладых настаўніц, незамужніх дзяўчат, дзве сілы, якія не ўступалі адна адной, мелі, здаецца, розныя погляды на жыццё. Спярша хацела верхаводзіць ва ўсім яна, Таня, вучыць, як трэба паводзіць сябе на рабоце, з хлопцамі, як уладзіць сваё будучае жыццё — за каго выйсці замуж і як адносіцца да мужа. Спачатку ёй удавалася ўсіх угаварыць згаджацца з ёю, а пасля нечакана супраць яе выступіла Ларыса...

Ад непрыязнасці да смелай Ларысы са сваёй думкай, якая зусім не супадала з яе, спачатку Таня з непрыязнасцю сустрэла і Васільца. Здалёк, калі ішла па гародзе, бачыла яго, высокага, вясёлага. Калі падышла бліжэй і не заўважыла на яго сімпатычным твары ніякай пагарды, гонару здольнага маладога настаўніка (усе, а надта Алесь Трахімавіч, гаварылі, што Васілец здольны), а ўбачыла сарамлівую ўсмешку, цікаўны шчыры позірк, яна адразу ж змянілася. Забылася пра сваю непрыязнасць і ўсміхнулася. А пасля ўжо, калі ішлі са школы разам дахаты, калі ён яшчэ прыходзіў увечары да іх, адчула, што ён напраўду здольны, разумны, але не стараецца гэтага паказаць, нават хавае, а паказвае сваю дасціпнасць, прастату і шчырасць. І гэта прываблівае, бо гэтая шчырасць не зусім нясмелая, патайная, як у іншых, а толькі ў меру сціплая, за ёю відаць вялікія і самыя нечаканыя па сваёй дабраце парывы.