Выбрать главу

Ларыса неўзабаве заснула, нават усяго і не даслухала. А Васілец і заплюшчваў вочы, і адплюшчваў, слухаў, як дыхаюць сонныя жонка і сын, а сам не мог заснуць. Успамінаў, што было сёння...

14...

— Прабач, браце, пачакай хвілінку. Мне трэба абязацельна схадзіць да дзяцей,— прамовіў Сліж, як толькі зайшлі з Васільцом у настаўніцкую, паставіў класны журнал на палічку і, не чакаючы, што адкажа яму Васілец, вышмыгнуў адгэтуль.

«Я ж думаў не адкладаць, цяпер жа пагаварыць пра Сліжаў урок, дзе толькі што быў. Аж крыўдна: не так трэба Сліжу схадзіць у свой клас, як ён хоча зусім іншага — каб я не гаварыў пра яго ўрок тады, калі будуць настаўнікі... Пра сябе, пра свой гонар, думае, а пра мяне не думае: мне ж дарагая кожная хвілінка. Трэба ж і да сваіх урокаў падрыхтавацца, і яшчэ на ўрок да Таццяны Сяргееўны схадзіць...»

Праз хвілін сем празвінеў званок, і ўсе настаўнікі падаліся ў класы.

— Што — не паддаецца Сліж? — усміхнуўся Іван Сямёнавіч. Ён на міг, выходзячы ўслед за ўсімі, прытрымаўся ў настаўніцкай.— Канечне, кепскі ўрок даў?

— Ды не пахвалішся, што моцны,— адказаў Васілец.

— Ведаю, які з яго спецыяліст... Але бяры, калега, бяры яго ў рукі, пераломвай і гні ў дугу...— усміхнуўся Іван Сямёнавіч,— Не глядзі, што сябра, равеснік... А то ён сядзе табе на шыю, і век будзеш з ім гараваць... Былі ў нас і раней падобныя на яго, але такога... Такога, здаецца, не было...

Іван Сямёнавіч пайшоў; Васілец застаўся ў настаўніцкай адзін.

«Напраўду,— падумаў ён,— мне са Сліжам вельмі цяжка: і Міхаіл Апанасавіч, і Міхась Рыгоравіч — нашмат старэйшыя людзі, лічы, бацькі мне, і Лілія Іосіфаўна, і Таццяна Сяргееўна — амаль равеснікі — прывыклі, што я завуч, слухаюцца, раяцца, просяць калі дапамогі, а вось Сліж ніколі не раіцца, не просіць дапамагчы, стараецца не дапусціць да сябе на ўрок, мець нейкі верх. Ходзіць толькі збоку ды дае парады. І пацешваецца, кепікі ўсякія строіць. Вось так было і пасля зімовых канікул, калі правяраў каляндарныя планы і планы самаадукацыі. Каму параіў нешта змяніць ці зрабіць лепш — усе згадзіліся, а Сліж, хоць і напісаў горш за астатніх, не хацеў правіць, перапісваць, моршчыўся, пасміхаўся, што ўсё ў яго добра. І, маўляў, ты «па-сяброўску» ўсё падпішы — і будзе ціха. І сам я тады, можа, і не змог бы прымусіць яго зрабіць так, як трэба, каб не Іван Сямёнавіч. Той пачуў нашу гамонку і сказаў: «Што ж ты, Уладзімір Пятровіч, падстаўляеш пад удар маладога завуча: прыедзе які інспектар, зірне на твае планы, дык не толькі будзе лаяць цябе, але і папікне завуча, мяне за халатнасць, слабы кантроль». Сліж паслухаў дырэктара».

Ішлі хвіліны за хвілінамі, а Сліж у настаўніцкую не вяртаўся.

«Ну, так жа няможна... — Васілец падняўся, нервова пачаў хадзіць па настаўніцкай, усё чакаючы Сліжа.— Што хоча, тое і робіць...»

Сліж зайшоў сюды праз хвілін пятнаццаць. Лічы, пад канец урока.

Вярнуўся з усмешачкаю, як ён ні ў чым не вінаваты. Але ўсё ж пільна акінуў Васільца позіркам, як пагадаў: крыўдзіцца ці не крыўдзіцца, якая будзе гутарка?

— Усё сваім планам любуешся? — пакпіў Сліж, кіўнуў на разгорнуты тоўсты журнал, на план школы, куды Васілец запісаў тое, што параіў Іван Сямёнавіч, што запісалі ў сваіх выхаваўчых планах класныя кіраўнікі, што сам прыдумаў.— Дзела яснае: свая работа ёсць свая работа. Найлепшы той твор, што сам ты напісаў! Хочацца яшчэ і яшчэ раз зірнуць на сваё: усё ж спрытна напісана. Усебакова, з фармуліровачкамі, будзь здароў, аж ззяе, слепіць вочы! Я некалі надта не чытаў, што пісаў Вяртун, а вот тваё ўсё чытаю. Умееш, жызня мая, пускаць пыл у вочы...— і зарагатаў.

Васілец нічога не адказаў і не ўсміхнуўся, як, можа, таго чакаў Сліж. Зірнуў на Сліжа строга і нахмурыўшыся. Той мігам зразумеў, здаецца, што было ў Васільца на душы.

— Анічога кофта, браце, добра ідзе табе...— Сліж перастаў жартаваць, падышоў бліжэй, акінуў яго позіркам, а потым як памацаў пальцамі чорную шарсцяную кофту з доўгім жоўтым замком пасярэдзіне, з прыгожым каўняром.— Ніна гаварыла, што толькі тры такія на Вішнёўку далі. Вось дырэктару саўгаса, мне і табе...

Прамовіў і пагладзіў сябе па грудзіне — на ім была гэтакая ж самая кофта.

— Добрая кофта, але і добрыя грошы каштуе... — наўмысна так адказаў Васілец.— Але мы, Валодзя, не кабеты, каб шмат пра адзенне гаварыць. Ёсць кофта, дык добра, не было б, дык нешта іншае насілі б. Давай лепш пагаворым пра наш хлеб, вось пра твой урок алгебры...

— Давай мо, Павел, на двор выйдзем,— як не пачуў яго Сліж, пазяхнуў.— Зірні, як во цёпла ўжо грэе сонца, як вот-вот закапае са стрэх. Прэлясць на дварэ!