Выбрать главу

— Усё гэта добра, Валодзя,— сказаў Васілец, з вялікім намаганнем перасільваючы сваю нерашучасць.— Але ўсё роўна рана ці позна нам трэба пагаварыць пра ўрок.

— Што гаварыць? — зірнуў на яго Сліж, папунсавеў на шчоках.— Урок не самы лепшы, але і не самы горшы з усіх урокаў, што даюцца за дзень у школе. Калі ў сваіх паперах не хочаш запісаць, што ўрок добры, дык напішы так: сярэдні... І не будзем гаварыць. Нашто фармальнасць? Мы ж друззя. Гаворым вот па-дружаску, а ніхто не ведае пра што. Але можам сказаць: па-дзелавому гаварылі пра мой урок... А мы давай пагаворым пра другое. Пра жанчын вось. Прызнайся: тады, калі гулялі ў Ірыны Васільеўны, ты меў што з Маяй Сцяпанаўнай? Неяк удала вы ўдваіх слізганулі з гулянкі, пайшлі разам... Ды яна гэтак тады на цябе пазірала! І мая Ніна заўважыла гэта, казала, што Мая проста сама ліпне да цябе... І, ведаеш, жызня мая, з такою і не грэх... Расцвіла, аж пыша здароўем. Больш вабная, чым Таццяна Сяргееўна... Словам, табе цяпер Лахва. Яшчэ раней, дык дзяўчаты і са мною жартавалі, а цяпер, як ты стаў начальнікам, дык уся ўвага на цябе...

— Я ўжо сказаў дырэктару, што ўрок твой слабаваты... — як не пачуўшы Сліжавых жартаў, сказаў Васілец.

— Гэта ты, Павел, дарэмна. Гэта ўжо не па-дружаску,— прысароміў яго Сліж, з дакорам паківаў галавою.— Адштурхоўваеш друга, ірвеш нашу дружбу...

— І я па-сяброўску, па-першае, не таю ад цябе нічога, па-другое, урок твой сапраўды супярэчлівы, слабы,— Васілец усё яшчэ перамагаў сябе.— Калі буду маўчаць, дык ты і далей будзеш даваць слабыя ўрокі, пакуль нарэшце не патрапіш на інспектара... Тады крыўдзіцца будзеш: а ты ж мне не падказаў... Так што дружба дружбай, а служба службай... Не я ўводзіў правіла для завуча, каб гаварыць пра ўрокі, не я буду гэта зводзіць...

— Але ж і ў дружбе ёсць служба, і на службе ёсць дружба... — не паддаваўся Сліж, усё больш чырванеючы. Потым расслабіў гальштук, адшпіліў пад ім верхні гузік кашулі, пацягнуў за верх жоўты ланцужок і расшпіліў кофту — паказаў круглы, як у цяжарнай жанчыны, жывот,— Так вось павінна быць па-добраму. З другімі, канечне, трэба інакш паводзіцца, як трэба, бо з усімі не зможаш сябраваць... Але са мною...

— Я не гавару, каб мы перасталі сябраваць,— адказаў Васілец.— Я хачу пагаварыць пра твой урок і яшчэ пра тое-сёе...— і сеў за свой стол — насупраць таго месца, дзе некалі любіў сядзець Вяртун. Відаць, гэтаксама зачырванеўся: запалымнеліся шчокі, часцей пачало біцца сэрца. Была яшчэ і нейкая нерашучасць, але заявілася і вялікая сіла супраць гэтай нерашучасці.— Як і заведзена, першае слова табе, Валодзя.

Сліж падышоў да стала, прыпыніўся, зірнуў, нібы завагаўся, што ж рабіць далей? Садзіцца ці не садзіцца? І, відаць, па Васільцовым позірку адчуў, што прыйдзецца і сёння, і пазней здавацца.

Яшчэ раз апаліў гнеўным позіркам. Тарганулася яго правая рука.

«Няўжо ўдарыць?»

Сліж стрымаўся. Не ўдарыў. Падышоў, сеў ля краю стала, паклаў нагу на нагу.

— Я хацеў, каб усё было як найлепш,— загаварыў ён ужо не бадзёрым ды спакойным, а перарывістым голасам.— І, здаецца, усё было някепска. Канечне, было б лепш, каб дзеці больш стараліся... А то каторыя сядзелі як... — ён на хвіліну задумаўся, пазіраў не ў вочы, а некуды ўбок.— Сам жа ведаеш, што ўсе ў нас геніі, каторых вучы ці не вучы — не навучыш... Вот яны і псуюць впечатленія. Хоць настаўнік і стараецца...

Сліж замоўк. Чакаў, што скажа Васілец.

— Дазволь гаварыць шчыра... — прамовіў Васілец яшчэ з хваляваннем, але адчуваючы вялікую прагу сказаць усё, што думае. Каб Сліж усё зразумеў. Змяніўся.

Сліж маўчаў.

«Але і цяжка гаварыць горкую праўду чалавеку, з якім шмат працаваў, знаўся, сядзеў за адным сталом... — падумаў.— А Сліж гэта адчувае, таму і садзіцца мне на шыю... Нехта можа і папікнуць: дык не будзь такі, будзь іншы. Байцом!.. Але ж Сліж вельмі не паслухаецца, не пераменіцца. Дык што тады — кожны дзень з ім вось так канфліктаваць? Год, два, дзесяцігоддзі? Але што гэта толькі смелы сам з сабою, у думках, трэба ж быць смелым і са Сліжом!..»

Сліж са здзіўленнем зірнуў: чаго ён маўчыць? Здаецца, усё зразумеў, спанурыўся: гавары, маўляў, усё, калі ты такі ўпарты!

— Ты вось гаварыў, што не ўсе дзеці стараліся... — сказаў Васілец.— А трэба сказаць, што і ты сам мала стараўся, каб гэты ўрок выйшаў добры... Калі гаварыць па-справядліваму, мала чытаў ты перад гэтым педагагічнай і спецыяльнай літаратуры: адчувалася, што нешта і сам ты цьмяна ўяўляеш, успамінаеш, рашаеш на хаду...

— Вось некалі, калі былі абодва простымі рабацягамі,— перапыніў яго Сліж,— прызнаўся я табе па дурасці раз-другі, што не кожны дзень пішу планы, дык ты во і запомніў, колеш у вочы...