— Канечне, тое-сёе ты мне гаварыў, тое-сёе я ведаю пра цябе і сам,— выслухаўшы, згадзіўся Васілец,— і раней калі-нікалі я табе не раз гаварыў пра гэта і аднаму, і на педсаветах, але ты заўсёды крыўдзіўся. Цяпер я не хачу толькі помніць твае тое, а хачу, каб ты працаваў лепш, дык і хаджу на твае ўрокі. Але пакуль што бачу: няма ў тваёй рабоце сістэмы, прадуманых метадаў, прыёмаў, а неяк усё ідзе на тваіх уроках само сабою, самацёкам, а то нават і прымітыўнай адсябяцінай. Вось і гэты ўрок быў сумбурны, таму і дзеці не маглі разабрацца, чаго ты ад іх хочаш, не стараліся, як ты кажаш... Таму і ведаюць мала, хоць ты наўмысна ставіш высокія ацэнкі, каб можна было лепей падумаць пра тваю працу...
Сліж апаліў яго ненавідзячым позіркам.
— Трэба пераладжвацца, Уладзімір Пятровіч, больш чытаць, больш любіць сваю работу...
— Во ты як! — зноў не выцерпеў, з гневам усміхнуўся Сліж.— Значыць, па-твойму, я горш за ўсіх раблю? Тады недарэмна ты пахвальваеш Лілію Іосіфаўну ды гэтую какетку Таццяну Сяргееўну, якую, можа, ужо не супраць зрабіць сваёй палю... Хочаш, словам, на іхнім фоне мяне зганьбіць... Вот дык дружба, вот дык падзяка за нашу з Нінай дабрату!
— Хоць ты і ўзброены на ўсе выпадкі, хоць і зброя твая паганая, але давай гаварыць толькі пра ўрок, а не пра старонняе... — спакойна прамовіў Васілец.— І хоць можна цяпер па цябе пакрыўдзіцца, але я найболей думаю, як табе памагчы... Іначай я паўтару Вертуновы памылкі...
— Здаецца, не паўторыш... — прамовіў Сліж, закруціўся на крэсле.— Пераскочыш, можа, і Рагатку... Усяму свой час... Апетыты маеш... Відаць, не дае спакою, каб партрэцік твой быў у раёне на дошцы Гонару, каб медалёк які мець...
— Твае абразы — гэта апошняе, чым ты можаш апраўдацца, з чым можаш наступаць? — не даўшы волі злосці, запытаў Васілец.
Сліж бліснуў па ім гнеўным позіркам і напраўду больш не знайшоў ніякіх слоў. Заціх. Пыхкаў толькі ад злосці.
— Так і быць, змоўчу на твае абразы,— сказаў Васілец— Дазваляю, каб ты некалі, калі адумаешся, папрасіў прабачэння. А цяпер давай як настаўнік з настаўнікам гаварыць канкрэтна пра твой урок...
Сліж змрочна ўнурыў галаву, слухаў.
15...
... — Затаіў на цябе наш Уладзімір Пятровіч злосць...— сказаў Вяртун, калі ішлі разам са школы дадому.— Так што сцеражыся...
— Я да яго не прыдзіраюся і не крыўджу яго, а сказаў толькі тое, што павінен быў сказаць...— адказаў Васілец, а сам падумаў: «Але не лёгка далася гэтая сённяшняя размова: нямала яна адабрала нерваў і здароўя. Пылаюць во шчокі, мацней б'ецца сэрца, ды баліць галава... Але ж, мусіць, няможна так жыць, каб толькі шанаваць сваё здароўе?!»
— Правільна ўсё... — прамовіў Вяртун, апусціў вольнаю рукою на вушы шапку, пацёр пахаладнелы ад вялікага марозу нос.— Але Сліж не з тых, хто ўсё разумее... Усміхаецца, лашчыцца, як кот, а адзін чорт ведае, што ён думае... Лічу, што іменна ён на мяне ананімкі ў райана пісаў... Адкуль жа загадчык гэтак усё пра мяне ведаў, усякія паперкі ў руках трымаў? Чаго глядзіш гэтак, думаеш: цяпер ужо і няма ананімшчыкаў? Не звяліся, на жаль, ёсць. Так што неўзабаве чакай якой праверкі... Раз на завуча, які толькі пачаў працаваць, заявіўся сігнал, дык правераць...
— Няўжо я нядобра пачаў працаваць? — запытаў Васілец,— Калі так, дык вы ж старэйшы, падкажыце!
— Ды я не гавару, што ты кепска пачаў,— усміхнуўся Вяртун, утуліў галаву ад ветру, што дзьмуў у твар, апякаў.— Я па-таварыску табе пра другое гавару...
«Нічога,— думаў Васілец.— Усё як і трэба. Не адступаць, не здавацца! Уперад! Якое ж жыццё, які ж ты чалавек без барацьбы?»
Ужо абпаліў твар, вушы ды шыю злосны дзьмухавей, шчыпаў холад і за калені, але Васілец не апускаў на вушы шапку. Наставіў толькі каўнер, пацёр далонню шчокі ды вушы, высока падняў галаву і пакрочыў шпарчэй.
Гаспадыні дома не было, і на кухні яго сустрэла Ларыса. Сёння вясёлая, у новым сінім з белымі кветкамі халаце.
— Я і не чакала цябе,— прызналася яна.— Думала, што і сёння застанешся на другую змену. Прывыкла ўжо, што позна прыходзіш дадому, мала платы прыносіш: трэба ж сыну бацька. Ды і самой дзе надта лепшага знойдзеш?!
— Бачыш, думаю не толькі пра школу, але і пра сям'ю,— усміхнуўся ён,— Бег вось усю дарогу дадому.
— Мані-мані,— пажартавала і Ларыса,— так мы і паверылі табе! У школе такія красуні, не нам раўня...
— Вы ў мяне самыя пекныя,— сказаў ён, прыхіліў Ларысу да сябе. Супакоіўся. Забыўся пра ўсе непрыемнасці.
Ларыса — ці з жартам, ці наўмысна — абмінула яго і пайшла ў свой пакой.