Выбрать главу

— Нешта ў цябе, як я ўжо каторую пару прыкмячаю, вялікая ваяўнічасць...— усміхнулася яна, адчуваючы, што ён ідзе следам.

— Дзе мне толькі і дзецца? — паківаў ён галавою, зайшоў у пакой і пачаў распранацца, а пасля і разувацца,— Як ні ступі, што ні скажы — адны дакоры! Усе гэткія строгія, усе суддзі! Пра сябе не думаюць, сябе не судзяць, а вось іншага... Упікалі дагэтуль: залішне быў ціхманы ды сарамлівы, нават прыземлены і не ваяўнічы — не змагаўся з ветракамі. І мала шукаў барацьбы. Словам, не гэткі герой нашага часу. Не Лабановіч! Цяпер раптам і ў школе, і дома занепакоіліся: стаў неспакойны. Нават ваяўнічы...

Ларыса стаяла паблізу, маўчала. Усміхалася.

— А я які быў, такі і ёсць. Калі пастражэў, пасур'ёзнеў, дык прыйшла на гэта пара... Усяму свая пара... У школе займеў неспакойную пасаду, а дома... А дома жонка расцвіла, як кветка пасля дажджу, дык хіба я магу цяпер спакойна хадзіць і не заўважаць гэтага?! Не, не магу!

— Ну, ну, смяльчак! — нібы астуджваючы яго, сказала Ларыса.

«А яна, далібог, за апошнія месяцы паправілася, вельмі пахарашэла. І я неяк па-новаму закахаўся ў яе...»

Скінуў з сябе кофту і падаў Ларысе.

— Схавай яе куды,— папрасіў.— Нешта перастала яна мне падабацца.

— Дзівак! — здзівілася Ларыса,— Тады ў цябе няма ніякага густу. Вельмі файная кофта і вельмі добра ідзе табе.

— Усё роўна прыхавай на час,— зноў папрасіў ён.— А Віктар Паўлавіч спіць?

— Спіць,— з уцехаю адказала Ларыса.— Сёння ён быў малайчына: добра паеў, пагуляў. Толькі што вярнулася з ім з двара, пакарміла, дык адразу і заснуў багатырскім сном. Хату вось прыбрала, памыла бялізну, кнігу пачытала.

Васілец падышоў да каляскі: сын — кругленькі на твары, з кірпатым носікам, ружовашчокі — ляжаў на бачку, трымаў у роце смочак і мірна спаў.

Васілец усміхнуўся.

— Ну, што яшчэ падумаў? — запытала Ларыса, падышла да яго і гэтаксама з любасцю зірнула на сына.

— Што я яшчэ крыху люблю вас... — усміхнуўся ён.— Што адпачываю дома, сіл і настрою набіраюся...

— Але ўсяго крыху любіш? А каго ж тады моцна?

— Не скажу,— пацвеліўся ён.

— Чужую жонку? Сябе?

— Не.

— Тады прымусім цябе прызнацца,— усміхнулася Ларыса, папіхнула яго на ложак, навалілася.— А ну гавары, грэшнік, каго моцна любіш?

— Не скажу... — прашаптаў Павел і замоўк: у гэтую хвіліну яго губы сустрэліся з Ларысінымі.

Раптоўна — ці ад таго, што ён толькі што вярнуўся з двара, з марозу і ветру, ці яшчэ ад чаго,— але яму стала вельмі горача ў твар. Суха запалымнелі шчокі, вушы.

— Ты такі і праўда сёння грозны... — прашаптала Ларыса.— Але гаспадыня можа прыйсці. Раскажа ў вёсцы — і з нас смяяцца будуць. «Дзень, а яны...»

— Няхай смяюцца,— задыхаючыся ад пацалункаў, ад прагі пяшчоты і гарачыні, адказаў ён,— Які тут смех, калі я люблю цябе.

— Крыху? — ужо зусім не баронячыся, здаецца, нічога не баючыся, запытала Ларыса.

— Крыху...

— І я цябе люблю крыху, Паўлічак! Абодвух вас, мае мужчынкі! — прашаптала, моцна сціснула рукамі за шыю.— Божа мой, і ніякага страху няма! Хоць зусім жа яшчэ нядаўна думала, што век гэтага не будзе, што ў нас усё ўжо маладое прайшло... Якая ж я была тады яшчэ... нічога не ведала...

— І я... — адказаў ён.— Абое мы яшчэ не ведалі, што нічога не прайшло, што ўсё яшчэ сама будзе...

Пад поўнач разгулялася мяцеліца.

Спачатку падужэў вецер, разгайдаў блізкі лес, прынёсшы з яго цемень, патаемны шум, трывогу, а пасля нагнаў аднекуль сухі, відаць, зярністы снег.

Вось і цяпер гэты снег як шротам секануў па шыбах, споўз долу, ад чаго шыбы выхалоджваліся, станавіліся чыстымі ды празрыстымі, аж да сінізны.

Але ў хаце было цёпла, утульна, і нават неяк добра думалася, што на дварэ гэтак сцюдзёна, што гуляе мяцеліца, але ніяк не зможа дабрацца сюды.

— Ну вось, сшыткі ўсе правераны,— сказала Ларыса. Яна каторую пару ўжо сядзела побач. Падсунула да яго кіпу сшыткаў, паклала наверх чырвоны аловак,— Хадзем, мілы, спаць. Позна ўжо. Беражы здароўе, бо яго на многа яшчэ трэба...

— Яшчэ крыху пасяджу,— адказаў ён.— Вось трэба алгебру пачытаць, бо і заўтра трэба схадзіць на ўрок да Сліжа.

— Вось здабыў ты сабе работу, мой мілы завуч,— прамовіла Ларыса, падышла да яго ззаду, абняла за плечы і горача дыхнула ў шчаку.— Калі быў толькі настаўнікам, дык быў болей наш. А цяпер болей іхні...— яна паклала руку на кнігі.— Так?

— І іхні, і ваш,— усміхнуўся ён.

— Ну і добра. Я цябе люблю. Чуеш? — прашаптала яна, пацалавала ў шчаку.— І буду любіць цябе доўга-доўга. Пакуль буду жывая.

— І я цябе люблю...

Ларыса пайшла да ложка.