Пасля вобмацкам знайшла сумку, падцягнула яе да сябе, дастала цыгарэты і запалкі. Закурыла, думаючы, што дыму вельмі не любіць Іра, але не зважала на гэта, курыла.
Ляжала так доўга, пакуль не сасмаліла цыгарэціну, адчувала, што Іра ўжо ўчыталася і, відаць, хацела вельмі дазнацца, ці «сыдуцца» героі. Яна дзеля гэтага, канечне, прапускала тыя мясціны ў кнізе, дзе пісалася пра прыроду, сачыла толькі за закаханымі.
— Іра, чуеш? — таўханула яе Таня локцем.— Ці варта мне прыгледзецца да яго?
— Да каго? — незадаволена, што яе адарвалі, мусіць, ад надта цікавага чытання, мармытнула тая.
— Ну, да нашага Васільца...
— Не ведаю,— каб не пачынаць размовы, не надта думаючы, што гаворыць, зноў буркнула Іра.
— А ён варты, каб я на яго зірнула?
— Канечне.
— Як ты думаеш: возьме ён Ларысу?
— Хто — ён?
— Ну, Васілец,— нецярпліва адказала Таня. — Ён толькі заляцаўся да яе ці напраўду думае ажаніцца з ёю?
— Адкуль я ведаю,— паціснула плячыма Іра, адарвалася ад кніжкі.— Я ведаю пра гэта тое, што і ты. Бачылі, што яна вельмі чакала яго, дзеля яго ні разу на танцы ці ў кіно ў клуб не схадзіла. Хваліла яго, што надта добры характар мае, разумны, начытаны.
— Каб быў вялікі талент, мая мілая, то пакінулі б у аспірантуры, для Міланек можа і здаецца надта разумным... Хоць гэта мы паглядзім яшчэ. А што Ларыса хвалілася, што ён высокі, прыгожы, то не ўся тут праўда. Што высокі, то высокі, але красы той на ім вельмі не відаць. Я не такіх прыгожых хлопцаў мела, якіх яна можа і не бачыла... Бо і сама яна не надта... Ну што на ёй такое ёсць? Страйнаватая, але няма ў яе той пяшчотнасці, жаноцкасці, што я маю, і на твары таго няма...
— Ну і не брыдкая яна...— заступілася Іра за Ларысу, якую вельмі паважала і за розум, і за дабрыню, смеласць.
— Гонару многа, а не красы...— не адступалася Таня, якая недалюблівала Ларысу.— Сціпленькую з сябе паказвае!
— А яна і ёсць сціплая, беражэ сябе,— прамовіла Іра, і хоць сказала не ўсё, але Таня зразумела, што тая хацела зачапіць яе, зачапіць гэтым «беражэ», бо думала, што вось яна, Таня, сябе не беражэ...
— Ну і беражыцеся на здароўе! — адказала Таня.— Ларыса, Лілія ды ты — святошы... Што вы бачыце, хіба ведаеце ўсе зямныя асалоды? Нічога вы яшчэ не бачылі і не ведаеце.
— Жывём як умеем. Добра нам ці блага — гэта толькі нам... Але я бачу, што і твае «асалоды» не надта радуюць цябе, часамі нават засмучаюць. І плачаш тады...
— Табе гэтага не зразумець,— сказала Таня,— бо ты не жывеш страсцямі, а надта ж ужо абдумана і суха. А я не магу так. Я вось убачыла новенькага — і растрывожылася...
— Спадабаўся? — ужо ўсміхнулася Іра.
— А табе?
— Ну, нічога, прыемны, але ж я ведаю, што ён Ларысін, таму і не думаю пра яго.
— Вось ты якая сухая,— сказала Таня,— а я не думаю, што ён Ларысін. Спадабаўся — і я думаю пра яго, хачу з ім бачыцца... Ён, разумееш, напомніў мне маё першае каханне. Сябраваць з хлопчыкамі, мая мілая, я пачала з восьмага класа, а ў дзесятым яны, мае аднагодкі, мне ўжо не падабаліся, і я прыглядвалася да старэйшых. Вось на танцах і пазнаёмілася з ім — высокім, сімпатычным, такім, як Васілец... Ён хутка абмануў мяне, закруціўшы мне галаву, кінуў, пасміхаючыся: «Любоў — ток...» Аж цяпер помню яго ненавісную ўсмешку: ніжняя губа абвісае, дрыжыць, агаляе белыя зубы. Адзін зуб залаты... І вось Васілец падобен на яго, але толькі не мае той нахабнасці. Ён, Васілец, чысты, нават далікатны, і гэта прыцягвае...
— А Толік? — спытала Іра.— Вясною ты ж яго хваліла.
— Жэня, Коля, Толік — гэта не тое, ды яны мне ўжо даўно не падабаюцца, надаелі. Яшчэ Толік крыху... Але ён надта банальны. З ім мне ўжо сумна і ніякай радасці...
— Можа, гэта і таму, што надта з многімі ты шукаеш гэтай радасці, раздрабняешся. Грэешся ля многіх агнёў, так сказаць, падоўгу не пастаіш ля аднаго кастра і не адчуеш, якое ж цяпло ад яго... Пагэтаму ты і ў Васільцу хутка расчаруешся... Хоць пра яго няма чаго і гаварыць: ён Ларысін. Яны сябруюць ужо шмат гадоў, будуць сёлета жаніцца. Яшчэ пазалетась думала Мая Сцяпанаўна адбіць яго ад Ларысы, але нічога ў яе не выйшла. Ён ужо даўно Ларысін — і вялікі грэх пасягаць на іх шчасце...
— «Ларысін», «грэх»!.. — аж незалюбіла Таццяна Сяргееўна.— Ён і мне спадабаўся, значыць, і я маю на яго такое ж права, такое ж права на шчасце...
— Ці не думаеш ты?..
— А хто мне не дазволіць? — перабіла яна расхваляваную Іру.— Чаму я не магу пакахаць яго? Магу. Ларыса як жанчына не здолее так яго прывабіць, здзівіць і ўсцешыць такой жаноцкасцю, а я змагу. І я ведаю, што падабаецца мужчынам... Адчуваю, што і ён мне трэба, таму і пастараюся...