Выбрать главу

Васілец з сорамам усміхнуўся.

— Вот...— прамовіў Іван Сямёнавіч.— Але што гэта мы з табою? Нібы і не было тваёй адлучкі, нібы развіталіся толькі ўчора... Ну, расказвай: як служыў? Не асароміў нашай школы?

— Ды стараўся не асароміць...

— Армія — вялікая навука?

— Ды не малая.

— Яшчэ б! — сказаў Іван Сямёнавіч.— І служыў, і ваяваў, дык добра ведаю: армія ёсць армія! Вялікая школа жыцця. Вельмі хутка там сталееш і розуму набіраешся. Адказнасці. Дысцыпліны. Але ўсё ж цягнула ў Міланькі? Прызнайся!

— Ды крыху...— усміхнуўся Васілец.

— І добра,— цёпла сказаў Іван Сямёнавіч.— Працуй на здароўе. Сам ведаеш: працы ў нас шмат. Бо нямала і ўсякіх непаладкаў. І самую важкую працу трэба браць ужо вам, маладым... Большы ўжо воз цягніце... Пара...— падняўся, зірнуў на сталоўку. І Васілец падняўся, зразумеў: дырэктар не толькі думае пра іх, настаўнікаў, але мае і іншыя клопаты. Пра школьны сад, пра гарод, пра дровы. Заўважыў: ляжаць вунь яшчэ не парэзаныя бярвенні.

— Цікавы вы ўсё ж народ, маладыя...— цмокнуў Іван Сямёнавіч.— Шмат я вас бачыў, шмат іх пабыло ў нашай школе. Вот і вы пазалетась гуртам заявіліся. Нейкія спачатку былі ўсе як адно, як на адзін твар. Усе маладыя, свежыя, разумныя, але яшчэ зусім наіўныя. І нібы без вялікай любві да нашай работы, нібы з думкамі пра свае выгоды. Папрацавалі вот год, два, дык цяпер бачу: не, усе вы розныя... Кожны са сваім характарам, са сваім лёсам. Умееце і любіце вы і працаваць, можаце і думаць, марыць, кахаць, адчуваеце праўду і няпраўду... І ўжо сталі на свой шлях, самі шукаеце сваіх сцежак у жыццё, самі ладзіце свой лёс... Хоць і па-рознаму пераносіце ўдачы і няўдачы... Словам, калі вы яшчэ не тыпы, як кажуць пісьменнікі, дык ужо характары... Наклёўваецца-наклёўваецца ваш воблік, воблік вашага пакалення...

— Словам, здаецца вы ўжо прызнаеце пас? — усміхнуўся Васілец,— Тых, каму ўжо хутка пад трыццаць...

— Ды трэба ж,— усміхнуўся і Іван Сямёнавіч.— Хоць спачатку, можа, трэба прызвычаіцца но так прызнаць вас, як прызнаць, што вы но горшыя за нас... Што ў нас было сваё, а ў вас ёсць сваё, што жыццё ніколі не спыняецца, а ідзе толькі наперад... Шмат я летась наглядаў за тваёю Ларысаю Іванаўнай», Маяй Сцяпанаўнай, Ліліяй Іосіфаўнай, Таццянай Сяргееўнай, Ірынай Васільеўнай, за Сліжом дык і думаў шмат... Бо летась ужо многія з іх мне спадабаліся... Адчуў: я ўжо ўсё зрабіў, што мог. Больш не зраблю ўжо. Стары. А ў вас усё яшчэ наперадзе... І цікавая будучыня...

Рыпнула брамка. Абодва зірнулі туды: у двор уваходзіў Вяртун. Невысокі, папаўнелы, у знаёмым рудаватым касцюме і ў белай незашпіленай на верхні гузік кашулі. І на вуснах знаёмая гарэзная ўсмешка.

«Калі мы, маладыя, цікавыя людзі,— падумаў Васілец,— дык Вяртун — самы цікавы. Самы загадкавы. Нейкі дваякі ён. І добры, і злосны. І шчыры, і няшчыры... А можа, ён і не такі, можа, я яшчэ не вельмі разбіраюся ў людзях?»

Вяртун падышоў. За крокі два выцягнуў уперад рукі, наблізіўся, спачатку прыгарнуў да поўнага жывата, потым пацалаваў у шчаку.

— Добры дзень, дарагі Павел Мікалаевіч,— ледзь не заплакаў ад расчуленасці.— Віншую вас са шчаслівым зваротам у нашыя краі!

— Дзякую,— узрушыўся і Васілец.

— Добра, што вярнуліся,— адступіў крыху, моршчыўся Міхась Рыгоравіч.— І дзеці вас чакалі, і мы чакалі, сумавалі без вашых цікавых урокаў. Усё ж вы добра ўліліся ў наш калектыў, на месцы былі...

— Хвалі-хвалі! — не ўтрымаў Іван Сямёнавіч.— А што потым будзеш рабіць, калі заганарыцца?! Ты мяккі характарам, ды я — стары!

— Павел Мікалаевіч не заганарыцца. Ён сціплы і сур'ёзны,— Міхась Рыгоравіч пальцам выцер слёзы пад вачыма.— Але малайчына: памужчынеў! Не скажаш ужо, што хлапчук, толькі што з інстытуцкай парты. Ужо малады мужчына!

— Ну, пагаварыце адзін аднаму кампліменты...— усміхнуўся Іван Сямёнавіч.— А я ў сад схаджу, пагляджу сваё. Бо мне не толькі прыгажуноў сустракаць трэба, але трэба думаць і пра нашу гаспадарку.

І пайшоў да нізкага, з упалай пасярэдзіне страхою, аселага ў зямлю, старасвецкага школьнага хлява: у ім, у замкнёнай каморцы, быў склад на бочкі, скрынкі, шкло ды цвікі, а таксама ляжалі паколатыя дровы.