Васілец усміхпуўся: маўляў, хадзем, калі ты так загаварыў!
«Сліж хоча сябраваць са мною,— падумаў,— але надта не заступіцца, калі трапіш у бяду. Наракае за нешта на цябе начальства — не заступіцца. Змаўчыць. Пасля толькі — адзін на адлін — паспачувае. Але і на вінаватага надта нічога не скажа — паасцерагаецца. Тым больш калі гэтым вінаватым будзе нейкі важны чалавек. Сліж і Вяртун нейкія падобныя: абодва не гавораць чалавеку праўды ў вочы. Але Вяртун усё скажа, калі вып'е, а Сліж і тады змоўчыць, затоіцца. Не хоча, каб усе ведалі яго сапраўдныя думкі. Ён як рыбіна — ля рук, але ніяк не зловіш, выслізгвае і выслізгвае... Праўда, са мною калі-нікалі бывае і шчыры, нібы ўсё вучыць мяне, як трэба жыць... Мусіць, думае: больш ведае за мяне ўсяго ў жыцці...»
Дом, у якім цяпер жыў Сліж, быў недалёка ад канторы, амаль насупраць яе. Пасярэдзіне стаяў толькі невялікі саўгасны складзік, які з часам, канечне, прыбяруць, і замест яго будзе плошча. Сліж і Павел пайшлі да канторы, ля складзіка павярнулі паправа і падаліся да двухпавярховага дома, ля якога яшчэ ляжалі груды бітай цэглы, аполкі, скрынкі з растворам, кавалкі шыферу, грудка абмытай дажджом і ўцвярдзелай вапны.
— Выгляд дома, браце, знешне харёш,— сказаў Сліж,— але ўнутры многа недаробак. А гэта во нашы хлеўчыкі.
Насупраць дома, зусім недалёка, пад адной страхой бачыліся невысокія хлеўчыкі, праёмы між дзвярэй якіх былі закладзены паколатымі дровамі ў некалькі акладняў, відаць былі дзве высунутыя загарадкі, у якіх рыліся свінні.
— Хлеў зусім не вясковы,— расказваў Сліж.— Малы зусім. Дзве машыны дроў толькі ўлазіць. Карову, свіней, сена, бульбу няма дзе дзець. Вось і пачалі самі падбудоўваць.
— І ты гаспадарку завёў? — усміхнуўся Васілец.
— Дзяржу парася, курэй, браце. Самі ядзім — тое-сёе застаецца, дык не выліваць жa яго. Бульба свая, мукі яна ў магазіне дастане, глядзі, і падкарміў. Мяско сваё, яечкі. Чым блага, браце? І капейка зберажэцца.
— Практычны ты.
— Жэнішся, будзеш жыць у вёсцы, то і ты завядзеш,— сказаў Сліж,— усе мы, калі нежанатыя, пасміхаемся з настаўнікаў, якія маюць гаспадарку, але ўсе і самі заводзім яе пасля... Гаспадарка, браце, нада, капейку беражэ. А капейка нам, маладым, таксама нада. Ды нам, браце, усё нада, і чым паболей. Рагатку ці Зубку цяпер усяго хапае, але яны ўжо таго, што мы, не з'ядуць, не зносяць, а мы, браце, добрае яшчэ здароўе маем, то нам трэба і пажыць усмак. Цяпер можна добра жыць, толькі трэба крыху круціць галавою... Грэбці пад сябе, так сказаць...
— Так можна і блізарукім стаць,— сказаў Павел.
— Я матэматык, люблю лічыць, а не...— ён усміхнуўся, памахаў ля скроні рукою.— Пайшлі ў хату. На першым паверсе, во тут, жыве Святлана Міхайлаўна, а мая кватэра на другім. Вунь тыя сінія вокны.
Яны прайшлі зялёны выганчык, утаптаны ток ля дома і зайшлі ў цэментаваны пад'езд, дзе стаялі дзіцячыя веласіпеды, ляжалі ночвы, у якіх малыя нанеслі пяску ды каменьчыкаў. Тут было чацвёра ненумараваных дзвярэй; лесвіца на другі паверх была нядаўна вымытая, жоўценькая; акно на другім паверсе было з разбітымі шыбамі, і праз дзіркі накруціла з двара пяску.
— Не разбярэмся, каму зашкліць...— сказаў Сліж, дастаў з кішэні ключ і пачаў адмыкаць крайнія злева дзверы, якія былі зачынены аж на два замкі.
Адамкнуўшы іх, прапусціў, першага Паўла. У цемнаватым калідорчыку справа стаяла высакаватая скрынка (мусіць, з-пад тэлевізара), у ёй быў скіданы абутак, вышэй трымалася вешалка, яшчэ вышэй вісеў лічыльнік, на якім ляжала парудзелая разліковая кніжка. Столь і сцены зверху былі белыя, як і грубка злева, ніжняя палова сцен была пафарбавана маслянай сіняй фарбаю. Праход за грубкаю быў завешаны шэраю шырмаю, якая і прыцемнівала калідорчык.
— Заўважыў? — усміхнуўся Сліж.
Павел, першы раз усё тут бачачы, не ведаў, пра што пытаецца гаспадар. Сліж уключыў святло, міргнуў на лічыльнік, дыск у якім не круціўся.
Павел паківаў галавою ад здзіўлення.
— Нада, браце...— усміхнуўся Сліж.— Знаеш, тэлевізар, плітка очань накручваюць...— І калі Павел скінуў туфлі, запрасіў у залу.
Гэты пакой, невялікі, светлы, быў шыкоўна абстаўлены. Стаялі ля даўжэйшай Сцяпы дзве кніжныя секцыі, ля акна стол, ля яго тумбачка з тэлевізарам, адразу, злева, канапа. Мэбля была пад адзін — чырвона-карычневы — колер. Шырокае акно было завешана беласнежным дэдэронам.