Выбрать главу

— Ды ты стаў кніжнікам! — здзівіўся Павел, падыходзячы да кніжнай шафы.

Там ляжала і стаяла кніжак з дзесяць, не болей, а так стаялі пакладзеныя адна ў адну, мелкія і глыбокія талеркі, кубкі для кавы, чаркі і графіны для віна, стаялі малесенечкія пляшкі гарэлкі і каньяку.

— Культура! — паціснуў плячыма Сліж.— Цяпер у горадзе ўсе культурныя людзі кнігі купляюць.

— Дык гэта мода ці культура? — усміхнуўся Павел.

— А гэта не адно і тое ж?

— Не.

— Я не разбіраюся, браце,— сказаў Сліж.— Я не філосаф і нават не філолаг. але я ведаю, што цяпер інтэлігентныя людзі купляюць, і я гэта купіў. Бачыў, колькі кніг у Алеся Трахімавіча?

— Бачыў,— сказаў Павел.

— І я зафурую гэту шафу кнігамі, а для пасуды сервант куплю,— прамовіў Сліж, і Павел паверыў: так і будзе.— Іду ў нагу з часам...

— Пакажы самае галоўнае сваё...— Павел настараўся перамяніць гутарку на іншае.

— Ці не грашовую кніжку?

— Ды не. Дачку.

— А, ты вось пра што...— той прачыніў дзверы ў спальню, і Павел убачыў два драўляныя ложкі, дыван на падлозе і на сцяне, калыску, у якой спала дзяўчынка.— Паглядзі і не спяшайся надта мець іх, калі ажэнішся. Паспееш. А то, браце, яны, гэтыя дзеці, мяшаюць убачыць усе прэлесці жызні... На цяперашні свой розум, то другое буду яшчэ не скора старацца. Нада, браце, спачатку пажыць дзеля сябе...

Павел ступіў у спальню і ўбачыў у калысцы поўненькую, цёмнавалосую дзяўчынку, якая спала і смачна цмокала ружовымі губкамі.

— Ну, як? — спытаў Сліж.

— І крошкі ў цябе падабрала...

— Трэба ўмець!

— Някепска ты зажыў, гляджу,— сказаў Павел, выйшаўшы са спальні і садзячыся на канапу.

— Кішэні сваіх і яе старых добра патрос,— сказаў Сліж,— вось і выкалаціў... А сам збіраю грошы на «Жыгулі», жыць не буду, калі не куплю. Другія маюць, раскатваюцца, а чаму я не магу ў сваёй машыне праехацца? Што я — горшы за другіх? Цяпер, браце, пажыць добра можна, толькі трэба не драмаць... Але хопіць насуха балбатаць, пасядзі крыху тут, а я прыгатую тое-сёе, тады лаўчэй будзе язык варочацца.

— Дзякую, не трэба,— шчыра папрасіў Павел,— усе гэтыя дні толькі і ведаю, што ў госці хаджу... Так і да бяды нядоўга...

— Не бойся,— усміхнуўся Сліж.— У цябе такі характар, такая воля, што зладзіш з сабою... А я... Ды і магу...— і ён жартам паляпаў на сваім поўным жываце.— Ды калі дармавой яшчэ...— і задаволена засмяяўся.— Так сказаць, пры прыемнай кампаніі, пры добрай закусцы ды за чужы кошт можна піць бясконца... Так што...

— Не-не,— сказаў Павел, амаль падхапіўся з канапы.— Калі ты так, то я пайду дадому.

— Ну ладна, Павел Мікалаевіч, хай будзе па-твойму,— махнуў рукою Сліж, сеў ля стала,— Тады квасу зараз пап'ём ці кавы... Маладзец, што ўмееш адмаўляцца, здароўе і аўтарыцет беражэш... А я прасцей жыву... Як якая гулянка ў вёсцы ці лазня — мяне клічуць... І я — не ганарлівы надта — не адмаўляюся... А ты, можа, браце, і добра зрабіў, што вярнуўся сюды. Праз год-два Рагатка на пенсію пойдзе, то ты і ўзбярэшся на яго месца. І начальнікам будзеш, і пры школе абжывешся пакрысе...

— Спачатку трэба самому навучыцца працаваць,— сказаў Павел,— а тады ўжо марыць пра пасады і другіх вучыць.

— Хіцёр, тоішся! — усміхнуўся Сліж.— Але мяне, браце, не абхітрыш, я ўсё бачу. Я знаю, што і ты далей глядзіш, чым во мне такое — правільнае ды разумнае — гаворыш... Па мне будзь, я з табой лепш паладжу, чым з цяперашнім. Ён стары, надта не падпускае да сябе, а ты аднагодак... Хоць і ён, калі мая Ніна пайшла ў магазін, перамяніўся, паглядвае, каб які мяшок мукі ці дачцэ кофтачку без чаргі ўхапіць... І мы тыцпем тады-сяды — глядзі, і мне ў школе лягчэй, раблю як хачу... А работа ў школе, калі дырэктар добры, і не надта благая, цёпленькая...

—, Толькі яе любіць трэба ды старацца...— перапыніў яго Павел.

— Тут на брак не глядзяць... Даюць усю палучку і без гэтай тваёй любові... Гэта, браце, не на заводзе... Аднолькава плацяць і Зубку, які гарыць на рабоце, і таму, хто спакойна ды не паднатужваючыся проста дае ўрокі...

Павел вельмі не любіў такіх размоў, дзе закранаўся гонар школы, настаўніка, кожны раз заступаўся за сумленнасць, любоў настаўніка да сваёй працы, не цярпеў тут хітрасці і абыякавасці. І Сліж гэта ведаў, не гаварыў адкрыта ды пра сябе, а здалёку выказваў свае думкі, якія, дарэчы, гаворыць не многім.

— Табе гэта крыўдна, але гэта так,— сказаў Сліж,— я паглядзеў і многае ўбачыў... У любой, браце, прафесіі, на любой рабоце можна і так, і гэтак... Выбірай...

Сказаў ён так і зноў схаваўся, прамаўчаў, а як жа думае ён іменна, як працуе, прытаіўся пра гэта.

— На нашай рабоце нельга хітрыць,— прамовіў Павел,— дзеці ж усё бачаць, вучацца ад нас. Калі што не так, яны ж першыя і папракнуць нас...