...Ля райвыканкома, куды яны прыйшлі з сынам, Іван Сямёнавіч заўважыў сваіх настаўніц. У іх ужо ўчора скончыўся адпачынак, але яны ў школе яшчэ не паказваліся. Убачыў моваведа Лілію Іосіфаўну і настаўніцу пачатковых класаў Маю Сцяпанаўну.
Цяпер абедзве настаўніцы, убачыўшы яго, засаромеліся, збянтэжыліся, хацелі схавацца, але не паспелі: яны амаль сутыкнуліся ля ганка райвыканкома. Дзяўчаты спускаліся, а ён з сынам падыходзіў.
— Звальняцца прыбягалі? — запытаў Іван Сямёнавіч і сам не ведаў: ці хацеў пажартаваць з настаўніц, ці папракнуць. Мусіць, пажартаваць, бо настрой яго палепшыўся, калі сын згадзіўся пераехаць у Міланькі.
Лілія Іосіфаўна незадаволена зморшчылася, аж яшчэ больш стала на яе худым твары маршчынак, прыпадняла акуляры, Мая Сцяпанаўна зусім разгубілася, чырванеючы, вінавата ўсміхалася. Яна першая павіталася і апраўдалася, што заходзілі сюды сустрэцца і пагаварыць са сваімі колішнімі аднакурсніцамі.
— Не ўцякайце ад пас, дзяўчаты,— улагоджаны ўсмешкаю Маі Сцяпанаўны, усміхнуўся і Іван Сямёнавіч.— Працуйце ў нас. Сёлета ў школе будзе ўжо два халасцякі. А там, пазней, глядзі, і яшчэ аднаго знойдзем.
— Як толькі ў нас адны думкі пра жаніхоў! — незадаволена хмыкнула Лілія Іосіфаўна, якая, як і Ларыса Усціновіч, магла вось так смела сказаць некаму насупраць, заступіцца за сябе.
Яму хацелася яшчэ пажартаваць, спытаць, ці не выйшла за канікулы замуж Сапун, але цяпер стрымаўся: Лілія Іосіфаўна сапсавала яму настрой. Ён і раней быў такі: калі сам жартаваў ці нават пасміхаўся з каго — радаваўся, калі ж хто жартаваў з яго, папікаў ці папраўляў — крыўдзіўся. Лілія Іосіфаўна асекла яго ды яшчэ так зморшчылася, паказваючы сваю вечную незадаволенасць, благі настрой, што ён нахмурыў бровы, сказаў: