— Заўтра педсавет. Каб у пяць гадзін усе былі ў школе.
— Добра, Іван Сямёнавіч,— паспяшалася прамовіць і за сябе, і за сваю смелую сяброўку Мая Сцяпанаўна.
— Пабудзь тут, непадалёку,— сказаў Іван Сямёнавіч сыну, які моўчкі стаяў ля іх, а сам падаўся ў райана, адчуваючы непрыемную крыўду, што яму не далі пажартаваць, а гэтаксама паволі думаючы і пра тое, як яму найлепей пагаварыць з загадчыкам райана пра сына. Усяго не скажаш, але ж нешта і трэба сказаць.
У прыёмнай загадчыка сядзела на прытуленых да сцяны крэслах многа людзей. Амаль усе былі маладыя.
Іван Сямёнавіч не любіў займаць чаргу і доўга стаяць, ды з дырэктароў школ раёна ён быў амаль самы сталы, старэйшы намнога быў і за загадчыка, то заходзіў да яго ў кабінет без чаргі, без вялікай просьбы. Пастукае, запытае дзеля прыліку, ці можна ступіць, а пасля і зойдзе. І загадчык, які паважаў яго, часта радзіўся па сім-тым, дазваляў так заходзіць. Яму і яшчэ некалькім дырэктарам.
Маладыя скупіліся і ля дзвярэй, стаялі ў чарзе, але яго прапусцілі, толькі пасля, калі зайшоў і зачыняў за сабою дзверы, запыталіся: «А хто гэта?»
Загадчык, Давід Мойшавіч — высокі, прыгожы чарнявы мужчына гадоў сарака,— строга гаварыў з некім па тэлефоне, курыў, прыжмурваючы правае вока, адной рукой трымаў трубку, другой паціраў даўгаваты, загнуты ўніз нос. Убачыўшы яго, падняўся, надаў левую руку і кіўнуў садзіцца насупраць.
Загадчык, як можна было зразумець, угаворваў нейкага дырэктара школы не прасіць яшчэ аднаго матэматыка, а абысціся без яго, «раскінуць» урокі сваім настаўнікам. Ледзь ён паспеў угаварыць, як зноў зазваніў тэлефон, і цяпер была размова пра перавод нейкага настаўніка з адной школы ў другую. І гэтага дырэктара загадчык улагодзіў.
— Ух! — выдыхнуў пасля Давід Мойшавіч, паклаўшы трубку.— Хутчэй бы канчаўся гэты «пераліванні» перыяд. Не хапае настаўнікаў, надта матэматыкаў, дзе хочаш іх бяры... А дырэктары просяць, крычаць: дай! Штогод больш за сотню педагогаў то пераводзяцца ў другія школы, то зусім едуць з раёна. Вось і з вашай школы, Іван Сямёнавіч, толькі што дзве прасіліся ў дзесяцігодку. Ледзь упрасіў яшчэ з год пабыць у Міланьках. Ну, а ў вас што чуваць?
— Школу адрамантавалі, сад і гарод сёння-заўтра ўпарадкуем,— сказаў Іван Сямёнавіч, думаючы, што ўсё ж Сапун і Заяц нядаўна перад ім схітравалі.— З дзецьмі таксама разабраліся. Каго яшчэ нядаўна перавялі, праверыўшы летнія заданні, а каго і пакінулі на другі год.
— Ну, які настрой сёлета? — усміхнуўся Давід Мойшавіч.— Есць жаданне падняцца крыху вышай, вышай гэтай залатой сярэдзіны? Аб'явіць рашучую вайну тройкам?
— Ды ёсць яшчэ, канечне,— гэтаксама ўсміхнуўся і Іван Сямёнавіч, які часта думаў, што разумны і дапытлівы загадчык адчувае яго стомленасць і тое, што ён апошняю парою «папусціў лейцы».
— Малайцы! — сказаў Давід Мойшавіч.— Я веру, што вы яшчэ не сказалі свайго апошняга слова, што ў вас яшчэ шмат сіл і вы зможаце вышэй падняць узровень ведаў у школе...
Іван Сямёнавіч усцешыўся, надумаў, што, можа, ён дарэмна так сябе строга судзіць: адчуў, што прытаміўся, не столькі мае ахвоты і сіл да школьнай працы, колькі меў раней, вось і думае, што і ўсе гэта ўжо ведаюць. Ці гэта ўсё ад яго характару: не можа дараваць сабе ніякай паслабкі?!
— Эксперыментуйце, тварыце,— падбадзёрыў яшчэ загадчык,— для гэтага ў вас усё ёсць: і вопыт, і маладосць, энергія... Чаго варты толькі ваш Алесь Трахімавіч! Каб працаваў ён у дзесяцігодцы ды каб згадзіўся парэкламаваць сваю працу, то грымеў бы на ўсю рэспубліку. І маладых сваіх пастарайцеся ўтрымаць: праз нару гадоў з іх будуць выдатныя педагогі... Хоць утрымаць дзяўчат, канечне, будзе нялёгка, бо ім трэба замуж выходзіць, сям'ю заводзіць, а ў вас там хлопцаў мала. І гэта бяда не толькі ў вас. Калі хочаце ведаць, сярод настаўнікаў раёна больш за семдзесят працэнтаў жанчын, а сярод моваведаў і біёлагаў, настаўнікаў пачатковых класаў болей за дзевяноста... Але, нягледзячы на гэта, я і сам на аднаго вашага маладога хлопца зуб маю, думаю хутка забраць.. Мы цяпер стараемся ў школах ставіць кіраўнікамі — надта завучамі — маладых, перспектыўных людзей, выхоўваем іх на дырэктараў... Бо каторыя пажылыя педагогі не любяць пошукаў, эксперыментаў, тармозяць ініцыятыву... А моладзь — стараецца, шукае, болей неспакойная...
— Ці не выхоўваеце вы так цягу ў гэтай моладзі да ўлады, да адміністратарства? — усміхнуўся Іван Сямёнавіч, вытрымаў позірк загадчыка.— Стары вол ніколі баразны не псуе, а малады можа мітусіцца, вырываць, так сказаць, плуг з зямлі...