— Калі здольны малады педагог папрацуе некалькі гадоў, то хутка ўсё ўведае,— лагодна, але стрымана адказаў Давід Мойшавіч,— і разам з вопытным энтузіястам шмат зробіць... Мы маем па раёне цудоўныя прыклады сплаву моладасці і вопыту, энтузіязму, поспехаў...
— Ведаю, каго вы хочаце ад мяне забраць... — зноў усміхнуўся Іван Сямёнавіч, бачачы гарачлівасць загадчыка, перамяніў гутарку, каб таго не злаваць: наперадзе была важная асабістая размова.— Васілец і нам трэба. Пастаўце во ў нас яго завучам, падвучыцца, то праз два гады, як пайду на пенсію, будзе гатовы дырэктар...
— І пра гэта думаю,— кіўнуў галавою, зноў закурыў, спакойна далёка пусціў перад сабою дым Давід Мойшавіч.— Але Вяртун.... Усё ж ён партызан, столькі гадоў ужо настаўнічае... Адстаў ад навінак, прышаблоніўся, але маральны бок... Хай пабудзе яшчэ, падумаем... Але што ў вас яшчэ, Іван Сямёнавіч? Прабачце, чарга...
— Ёсць яшчэ адна размова,— удыхнуў паболей паветра Іван Сямёнавіч, адчуў, як па-маладому ў яго мацней затахкала сэрца, прыпацелі далоні рук.— Сын мой захацеў працаваць у школе. Кажа...
— Ясна,— перапыніў яго загадчык.— На які прадмет?
— Ды пакуль што на фізкультуру і, на тэхнічную працу...
— Давайце заяву,— сказаў Давід Мойшавіч, узяў загадзя падрыхтаваную Іванам Сямёнавічам паперу, напісаў у левым кутку яе, каб залічылі Рагатку В. І. настаўнікам Міланьскай школы.— Ага, ледзь не забыў, Іван Сямёнавіч,— прамовіў яшчэ ён,— Сёння да вас я паслаў настаўніка пачатковых класаў. Мужчына гадоў сарака, разведзены, любіць выпіць. Таму і паслаў да вас, старэйшага ды строгага, бо ведаю, што вы зможаце ўзяць яго ў рукі...
Каб не гутарка пра сына, то Іван Сямёнавіч пастараўся б адмовіцца ад такога настаўніка, якога паслалі яму «на перавыхаванне», з якім будзе шмат непажаданых клопатаў, але прамаўчаў, толькі незадаволена падумаў, што не бывае такога, каб усё лёгка складвалася ў жыцці ды на рабоце. Калі не тое — дык другое... Летась нямала пастараўся, пакуль навучыў маладых даваць урокі, падвучыў, дык сёлета зноў клопат — сын, гэты новы настаўнік-развядзёнак...
— Паглядзім,— сказаў ён.— Усякіх за сваё жыццё бачыў.
— Дзякую,— задаволена сказаў Давід Мойшавіч, падняўся і шчыра паціснуў руку.— Я веру, што вы зладзіце, здолееце трымаць у школе парадак. Будзьце здаровыя, прывітанне Вользе Піліпаўне.
Іван Сямёнавіч гэтаксама развітаўся з загадчыкам, папрасіў перадаць прывітанне яго жонцы, Адзе Львоўне, падаўся ў аддзел кадраў, сам аформіў за сына ўсе дакументы.
— Ну, віншую! — паціснуў ён праз паўгадзіны руку сыну, які чакаў яго на ганку райвыканкома, смаліў цыгарэту і, відаць, саромеўся знаёмых настаўнікаў, якія выходзілі-заходзілі сюды,— З гэтай хвіліны ты не Вася, а Васіль Іванавіч... Вось як!..
Сып быў маўклівы, на яго прыгожым, разгубленым твары не з'явілася ні ўсмешкі, пі вялікай радасці.
— Што ж, гэту падзею ў тваім жыцці трэба адзначыць,— усміхнуўся, падбадзёрваючы сына, Іван Сямёнавіч.— Нa грошы, зайдзі ў магазін і купі хлеба, каўбасы ды добры торт, цукерак... Дахаты едзь без мяне. Мне тут шмат клопатаў. Касцюм ды пару новых кашуль табе, каб выглядаў на Васіля Іванавіча, інтэлігента, заўтра купім... Ну, ідзі.
Сып моўчкі ўзяў грошы і падаўся, а ён, бацька, рады, што той згадзіўся пераехаць дамоў і працаваць у школе, падумаў, што ўсё будзе добра, што сын, пайшоўшы па яго слядах, падменіць некалі і не звядзе іхні настаўніцкі род.
7...
Павел прыйшоў на педсавет апошні. Праўда, ён не спазніўся, да пачатку было яшчэ хвілін з пяць, але завіхнуліся папрыходзіць астатнія настаўнікі, якія па два месяцы не былі ў школе, не збіраліся ўсе разам, то, відаць, і засумавалі адзін без аднаго.
Крыху папрацаваўшы, Павел ужо ведаў, што значыць для настаўніка педсавет, які кожнага разу быў экзаменам, вучобаю, разумнаю і строгаю размоваю. Тут выпадала і нарадавацца, пачуць пахвалу сваёй рабоце, і пазайздросціць, што ў некага выходзіць лепш, і гэтаксама прыходзілася і пазасмучацца, пачырванець за свае, заўважаныя некім нелады.
Сёння, праўда, такога не будзе, бо сённяшні педсавет не рабочы, а найбольш урачысты. Таму ён для кожнага як свята, як пачатак доўгай, нялёгкай і радаснай працы. Вось і завіхнуліся, мусіць, прыйсці ў школу настаўнікі, паспяшаліся адчуць радаснае хваляванне, не звычайнае чалавечае хваляванне, а іменна настаўніцкае.
Настаўніцкая, вузкая і доўгая, з адным шырокім і высокім акном, была яшчэ няўтульная. З бакоў стаялі знятыя вясною са сцен калідора партрэты, рамкі для газет; як фарбавалі столь, то накапаў мел на шафу, у якую настаўнікі кладуць вучнёўскія сшыткі, на канапу і палічку для класных журналаў. Тэхнічкі яшчэ не паспелі ўсё гэта выцерці, вымыць. Яны ўжо вышаруюць усё, давядуць да бляску, калі настаўнікі паедуць у горад на канферэнцыю — на яшчэ адно свята, экзамен, дзе можна і сябе паказаць ці пачуць пра сябе, і людзей паглядзець ды пра іх паслухаць.