Выбрать главу

Паперы — леташні расклад урокаў, розныя школьныя планы, напісаныя некалі завучам ды дырэктарам,— што віселі з вясны, выцвілі, выгаралі за летнія спякотныя дні, пажаўцелі.

Як і раней, у настаўніцкай стаяла тры сталы. Адзін стол, шырокі, цяжкі, з дзверцамі ды шуфлядамі, стаяў ля акна, насупраць дзвярэй. За ім сядзеў Іван Сямёнавіч, гэта было яго дырэктарскае месца. Ад ягонага стала бліжэй сюды, да дзвярэй, стаялі, шчыльна прыткнутыя адзін да аднаго, утвараючы літару «Т», яшчэ два сталы. Яны былі для завуча і настаўнікаў.

Сёнпя Іван Сямёнавіч, у дарагім шэрым касцюме, у белай кашулі і пры рудаватым гальштуку з невялікім вузлом, сівавалосы, сядзеў за сваім улюбёным сталом, але не хмурыўся, а расказваў нешта вясёлае, усміхаўся. Справа сядзелі Міхась Рыгоравіч, як заўсёды, у паношаным сіняватым касцюме і новай сіняй кашулі, расшпіленай на верхні гузік (гальштукаў ён вельмі не любіў насіць), на левую яго руку ўсеўся Уладзімір Пятровіч у жоўтай, з кароткімі рукавамі тэнісцы, з бліскучымі, добра залізанымі набок валасамі і сам нейкі бліскучы, побач з ім прымасціўся нясмела незнаёмы мужчына сярэдніх гадоў, відаць, малога росту, вузкі ў плячах, дробненькі і рудатвары. За ім ззаду на крэслах пры самай сцяне сядзелі Алесь Трахімавіч і сын дырэктара, Васіль,— высокі і прыгожы, як і бацька. Ён быў у новым, чорна-рудым, з палосамі, касцюме, у белай кашулі, пры гальштуку з шырокім вузлом. Кароткія валасы яго былі зачасаны, як і ў Сліжа, набок, ад таго галава з вузкім тварам і высокім ілбом здавалася зусім невялікай, яшчэ больш прыткай. У Сліжа ж галава была не такая ладная, бо ў яго ўдаўся шырокі твар і вузкаваты лоб, загнуты, як у крата, нос.

Злева сядзелі жанчыны — прыгожа апранутыя, з выцацкаванымі прычоскамі, вясёлыя, з лёгкімі ўсмешкамі на вуснах. Ад гэтых усмешак, здаецца, святлела ў няўтульнай настаўніцкай. Бліжэй да дырэктара на канапе з выцертымі падлакотнікамі сядзелі Мая Сцяпанаўна і Лілія Іосіфаўна. За імі сядзела ў чорнай спадніцы, белай блузцы, з узбітай прычоскай памаладзелая Вольга Піліпаўна; апошняй на канапе прымасцілася Ірына Васільеўна.

Амаль ля самых дзвярэй сядзела на крэсле Таццяна Сяргееўна. яна была ў бурачковых крымпленавых штанах, жоўтай блузцы і ў чарнаватым парыку. На яркіх яе вуснах ледзь-ледзь блукала вясёлая, гарэзная ўсмешка.

Таццяна Сяргееўна першая ўбачыла, што зайшоў ён, Павел, узрадавалася, пільна пазірала, як ён акідаў позіркам калег, а пасля працягнула маленькую беленькую ручку з двума залатымі пярсцёнкамі і паказала на крэсла, што стаяла паблізу яе, пад самаю вешалкаю ў парозе.

Павел прывітаўся з усімі, а пасля напраўду прысеў на гэтае крэсла. Злавіў хітраваты Сліжаў позірк, усміхнуўся і крышку ўспыхнуў чырванню ад разгаданага намёку, засаромеўся, што так добра, з прыязнасцю пазірае на яго Таццяна Сяргееўна, вабіць сваімі гладзенькімі свежымі шчокамі, прыгожым носам і такой жа прыгожаю танкаватаю шыяю, на якой ледзь прыкметна ля жоўценькага ланцужка ад медальёнчыка, што спадаў на тугія грудзі, чулася хвалюючая жылачка.

Іван Сямёнавіч замоўк, задаволена пазіраў, як усе ўсміхаліся, як радавалася гэтаксама і звычайна заўсёды сумная, а то і страгаватая Вольга Піліпаўна. Калі ахвотна і шчасліва смяялася і яна, то напраўду пошта надта добра было ў іхняй сям'і...

Дырэктар, кіўнуўшы на Паўлава прывітанне галавою, выцер хустачкаю вусны, зірнуў на гадзіннік, патрос рукою і прыклаў яго да вуха. Тады, ледзь-ледзь усміхаючыся сам сабе, пачаў заводзіць — круціць кольца туды-сюды — гадзіннік і пераганяць стрэлкі. Цяпер ён, мусіць, усё яшчэ быў усцешаны сваёю радасцю, але ўжо і абдумваў першую ў гэтым новым павучальным годзе прамову.

Адчуваючы гэты ўжо сур'ёзны дырэктараў настрой, усе перасталі ўсміхацца, прымоўклі, аж, здаецца, захваляваліся, што вось-вось і пачнецца педсавет, пачнецца доўгая і нялёгкая праца, якая будзе прыносіць усё: і радасць, і трывогі, і засмучэнні...

— Ну што ж,— пацёр высокі лоб рукою Іван Сямёнавіч, працягнуў ёй па твары, злавіў і адцягнуў ніжнюю губу, патрымаў яе так з хвіліну, адпусціў, тады паклаў рукі на стол, абцягваючы караткаватыя рукавы пінжака на доўгія белыя манжэты кашулі, і строга, сваім звыклым начальніцкім голасам сказаў: — Сабраліся амаль усе, акрамя Беленькай і Усціновіч. Першую я адпусціў у горад, а другая... Чаму няма — не ведаю...