— Гэта павінен добра ведаць Павел Мікалаевіч,— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч, які вельмі любіў падтрымаць дырэктара ў жартах.
Але цяпер Іван Сямёнавіч не ўхапіўся за гэты жартаўлівы намёк, быў па-ранейшаму сур'ёзны, строгі на твары — і Вяртун паазіраўся, пашукаў падтрымкі ў другіх і, не знайшоўшы яе ў гэтую сур'ёзную хвіліну, змоўк, збянтэжыўся.
— Сёння яна павінна быць тут,— сказаў Павел,— можа, зараз і прыедзе палуднёвым аўтобусам.
Іван Сямёнавіч зірнуў на яго і нічога не сказаў, яшчэ стражэй акінуў усіх позіркам, ад якога маладыя настаўнікі адчулі хваляванне, пільна агледзеў кожнага, акрамя Алеся Трахімавіча.
— Спярша дазвольце павіншаваць вас з новым годам,— спакойна і велічна прамовіў ён.— Так, для нас новы год пачынаецца з верасня...
Усе запляскалі.
— А тады дазвольце вас бліжэй і пазнаёміць. Міхаіл Апанасавіч, настаўнік другога класа,— і Іван Сямёнавіч паказаў на незнаёмага мужчыну.— Васіль Іванавіч,— кіўнуў на сына і крышку ўсміхнуўся.— Паўла Мікалаевіча, гвардзейца нашага, здаецца, ужо ўсе ведаюць, бо многа чулі пра яго... Але зірніце: вось ён... Так што ў нашай школе цяпер ажно тры халасцякі, і ад гэтага павінна пайсці весялей і лепш работа...
Усе ўсміхнуліся, пазіраючы на Паўла, але надта гэты нечаканы дырэктарскі жарт спадабаўся Міхасю Рыгоравічу, бо ён усміхнуўся больш за ўсіх, адчуў падтрымку свайму ранейшаму жарту, перастаў бянтэжыцца і падняў галаву.
— Наперадзе ў нас сапраўды вялікая і нялёгкая праца,— гаварыў Іван Сямёнавіч і даставаў з кішэні пінжака пацёрты блакноцік. Дастаўшы, пагартаў яго, знайшоў патрэбную старонку, пачаў заглядваць у яе і гаварыць: — Работа настаўніка — ды яшчэ настаўніка васьмігодкі — са сваімі ўмовамі. У нас — з міланскімі... Але мы павінны ісці ў нагу з тымі агульнымі задачамі, што стаяць перад школамі рэспублікі. Напомню...
Таццяна Сяргееўна, пачуўшы гэта, непрыкметна штурхала Паўла нагою, уздыхала.
Хоць Павел сам бачыў, што і пазалетась на першым педсавеце Іван Сямёнавіч зазіраў у гэты блакноцік, гаварыў тое ж самае, але і незалюбіў, што так паводзіць сябе Таццяна Сяргееўна: педсавет ёсць педсавет, і многія вядомыя словы бывае не лішне на ім і паўтарыць.
Іван Сямёнавіч зноў пільна і калюча зірнуў на іх і гаварыў далей, гэты яго позірк перахапіла і Вольга Піліпаўна, гэтаксама паглядзела сюды — яна, як ведаў Павел, раўніва слухала мужавы прамовы, глядзела, як хто іх слухае.
— ...і нам трэба даваць дзецям глыбокія веды, выхоўваць іх сапраўднымі грамадзянамі...— гаварыў Іван Сямёнавіч, пасля загарнуў блакнот і схаваў яго ў кішэню.— Дабівацца гэтай якасці ў пашай рабоце — і ёсць найпершая нашая праблема, метад працы ў святле тых патрабаванняў, пра якія я толькі што гаварыў. Канкрэтна гэтую праблему я бачу, як і сказалі мне нядаўна ў райана, у тройцы. Так, таварышы, у нас даўнавата ўжо ёсць праблема тройкі. Мала ў нас вучняў, якія б вучыліся на «4» і «5», праўда, не вельмі многа і двоечнікаў, але затое многа тых, каму мы ставім тройкі... Л тройка — гэта мы добра ведаем, ды і нехта з начальства не горш знае,— сёння тройка, а заўтра... Ці што ў журнале стаіць тройка, а ў розуме,— Іван Сямёнавіч прыўзняў палец і паківаў ім,— двойка... Ды што такое тройкі? Гэта няякасная настаўніцкая праца, няякасная падрыхтоўка будучых працаўнікоў...— Ён строга ўсіх агледзеў, нібы напамінаў, як і каму ў школе часам ставяцца тройкі, а гэтаксама гэтым — строгім — позіркам гаворачы, што ён вось гэта добра разумее, а яны, настаўнікі, не зусім: працуюць не так ладна, як ён хоча.— Так што, каб не былі мы сераднякамі ды не адступалі, нам трэба сёлета яшчэ вышэй закасаць рукавы, тым больш што калектыў наш сёлета не толькі добра ўкамплектаваўся, але і стаў болей вопытны, баявіты... Я і хацеў бы закончыць сваё выступленне спадзяваннямі, што вясною, калі мы будзем падводзіць свае вынікі, вынікі працы за гэты навучальны год, то будзем мець лепшую якасць — глыбейшыя веды, сапраўдныя рысы грамадзянства ў вучняў і, адпаведна, намнога лепшыя паказчыкі і ў ведамасцях... Каб было не толькі прыемна іх складаць, але і людзям паказаць. У мяне ўсё. Што ў цябе, таварыш завуч, ёсць сказаць?
— Вы ўсё вельмі добра сказалі,— паціснуў плячыма Міхась Рыгоравіч, які быў не вельмі ахвочы да такіх гаворак, агледзеў усіх, як шукаючы падтрымкі, што ён гаворыць праўду.— Вы правільна і глыбока, з улікам усіх патрабаванняў педагогікі, расказалі, як павінен быць наладжаны навучальна-выхаваўчы працэс у школе, як рыхтавацца да кожнага ўрока, якім сёння павінен быць ён, гэты ўрок, што даваць дзецям. А таксама добра звярнулі ўвагу і на ўменне дзяцей працаваць самастойна... Я думаю, што настаўнікі ўлічаць вашы заўвагі, глыбокія і змястоўныя навуковыя рэкамендацыі.