Выбрать главу

— Так, у дакладзе было ўсё добра сказана,— падтрымаў Вертуна Сліж,— дай бог, каб мы так працавалі, рабілі ўсё і на тым узроўні, як тут гаварылася!

— Хто што яшчэ скажа? — Іван Сямёнавіч, задаволены, па-начальніцку страгавата і па-чалавечы зычліва паглядзеў на ўсіх.— Вось што вы скажаце, Мая Сцяпанаўна?

Маладая красуня ўсміхнулася дырэктару, зрабіла такі мілы выгляд, што ён не вытрываў, сагнаў са свайго твару строгасць і па-бацькоўску ўсміхнуўся, радуючыся, відаць, што настаўніца такая маладая і прыгожая. Але тая нічога не гаварыла, усміхалася міла і паціскала плячыма.

— Яна вельмі падабаецца шэфу,— шапнула Красоўская,— ён і летась цэлы год па-бацькоўску яе апякаў... Ці не ў нявесткі рыхтуе?

— А вы, Лілія Іосіфаўна? — спытаў дырэктар, пазіраючы на стрыманую, без усмешкі на твары настаўніцу.

— Што цяпер гаварыць? — папраўляючы акуляры, адказала тая.— Трэба працаваць, старацца ўсё гэта ажыццявіць. А гэта цяжэй, чым рэкамендаваць...

Івану Сямёнавічу гэта, здаецца, не надта спадабалася. І ён зноў перастаў усміхацца, насупіўся, абгарнуў вялікаю рукою рот і бараду, прыплюшчыў вочы, збіраючы ў іх куточках шмат глыбокіх маршчын, задумаўся. Пасля пацёр бровы, зірнуў на ўсіх строга.

— Дык хто яшчэ хоча выступіць? — спытаў ён.— Падзяліцца сваімі ўражаннямі, сказаць пра свае клопаты?

— Хай во Таццяна Сяргееўна што скажа,— стрымана, але незадаволена сказала Вольга Піліпаўна, якая даўнавата ўжо пазірала сюды, прыслухоўвалася і пачырванела ад узрушэння ды здагадкі, ці не пасміхаліся з яе мужа.— Яна ўвесь час нешта каменціруе.

— А вось і не так...— наўмысна іранічна ўсміхнулася Таццяна Сяргееўна, павярнула галаву да яе.— Не каменцірую, а кампліментнічаю...

— Нечага! — успыхнула ад гэтага жарту Вольга Піліпаўна.— Ён амаль жанаты...

— Амаль...— зноў насмешліва адказала Таццяна Сяргееўна.

Вольга Піліпаўна адвярнулася, нічога не адказала. Падняла галаву і ні на кога не пазірала, хоць адчувалася, што яна старалася патушыць у сабе ўспышку злосці.

Павел убачыў, як Міхась Рыгоравіч штурхнуў у бок Сліжа і яны абодва, пераглянуўшыся, усміхнуліся.

— Дык хто выступіць? — яшчэ раз спытаў Іван Сямёнавіч, як не звярнуў увагі на спрэчку паміж жонкай і Таццянай Сяргееўнай, толькі пранізліва паглядзеў на апошнюю, але тая смела пазірала яму ў вочы і ўсміхалася.— Можа, ты, Алесь Трахімавіч, скажаш пару слоў?

— Не,— адказаў той.— Папрацуем, а тады ўжо будзем гаварыць.

— Ну, ладна,— прамовіў Іван Сямёнавіч.— Пасля дык пасля. Цяпер нам трэба вырашыць яшчэ адно вельмі важнае пытанне сённяшняга педсавета — падзяліць нагрузку.— Ён сеў бокам да стала, каб падала яму на паперу з акна святло, адчыніў верхнюю шуфляду і дастаў з яе лісты чыстай паперы, зборнік загадаў, у якім была надрукавана «сетка гадзін».

— Матэматыка і фізіка,— сказаў ён.— Прэтэндэнтаў ажно трое. Табе, Міхась Рыгоравіч, як завучу можна ўзяць усяго дванаццаць гадзін. Так, табе дванаццаць,— спытаўшы, у якіх класах ён хоча выкладаць, Іван Сямёнавіч зірнуў на Вертуна, а пасля запісаў адказ сабе ў ліст.— Так?

— Ну, так,— згодна адказаў Вяртун, чамусьці чырванеючы і апускаючы галаву.

— Аднаму ёсць праца,— прамовіў Іван Сямёнавіч,— Фізіка і адзінаццаць гадзін матэматыкі — Красоўская... Хопіць?

— Хопіць,— згадзілася тая.

— Добра...— сказаў Іван Сямёнавіч.— Астатнія гадзіны матэматыкі — Сліж. Гэта не многа, то будзем дагружаць... Згодзен?

— Паглядзім, чым дагрузіце...— Уладзімір Пятровіч не паспяшаўся згадзіцца, бо на гэты раз адказ датычыўся яго работы.

— Мова і літаратура,— запісваў для сябе і гаварыў услых Іван Сямёнавіч.— Настаўнікаў чацвёра. Колькі гадзін хочаш, Алесь Трахімавіч?

— Гадзін пяць-шэсць,— азваўся той.

— Бярыце да стаўкі,— сказаў Сліж, азіраючыся.

— Не, дзякую, таварышы,— адмовіўся Зубок.— Я пра гэта ўжо і з райана дамовіўся. Я толькі каб не сядзець дома...

— Глядзі сам,— згадзіўся Рагатка.— Восьмы клас на рускай мове дзеліцца, то гэта сем гадзін. Возьмеш?

— Няхай будзе так,— сказаў Алесь Трахімавіч,— я і летась вёў у іх рускае. Павучу і сёлета, выпушчу.

— Беларускае ўсё мы аддадзім Паўлу Мікалаевічу. Бярэш?

— Харошая нагрузка,— апярэджваючы Паўла, сказаў Сліж.

— А можа, болей урокаў даць? — усміхнуўся Іван Сямёнавіч.— Можа, возьмеш яшчэ якое маляванне?..