Выбрать главу

— Пастарэў...— усміхнуўся Павел.— Дваццаць пяты год во пайшоў!

— Гэта яшчэ не старасць, мой дарагі, гэта самая маладосць! — усміхнуўся Вяртун.— Пара весялосці, кахання, сілы... Гэта я во ўжо старэю: патаўсцеў, што з-за жывата і туфляў не бачу, аслаб, ногі балець сталі, валідольчык амаль кожнага дня ўжываю.— І ён пастукаў па левай грудзіне: — Капрызіць рухавічок... Надта тады, калі замнагавата...— і ён жартам пашчоўкаў пстрычкаю па шыі, ад чаго на ёй з'явілася маленькая чырвоная пляміна,— Няма, брат, таго здароўя, што некалі было... Так што цяпер ваша пара буславаць...

— Загарэлі вы добра,— усміхнуўся і Павел,— Мо ездзілі на поўдзень?

— Куды я паеду? — Міхась Рыгоравіч перастаў усміхацца, яшчэ больш адтапырыў поўны жывот,— Вясковаму настаўніку і летам работы многа, не тое што гарадскому. Ды нам летам — уся гаспадарская праца. Вось хату падмаляваў, веранду закончыў, трысценак на сена скідаў, цэлае лета траву па ахапку збіраў. Усё ж трэба. Ды і грошай надта няма на такія паездкі, бо жыву на зарплату. Палучыў — аддаў у магазіны, новай чакаю... Чацвёра ў мяне, і ўсе ў школу ходзяць. Кожнаму ўсё купі... Ды і хату новую даўно пара ставіць, то збіраем на яе па капейцы... Ажэнішся — сам уведаеш такую арыфметыку. Відаць жа, ужо сёлета то ачалавечышся?..— зноў пажартаваў ён, перайшоўшы на «ты»: ён часта Паўла і яшчэ аднаго маладога настаўніка, Сліжа, называў то на «вы», то на «ты», але ў школе — пры настаўніках і пры дзецях — клікаў толькі па імені і па бацьку.

— Паглядзім,— усміхнуўся Павел.

— Ладная ваша Ларыса, нічога не скажаш. Трэ было жаніцца да арміі, змікіціць што, то цяпер ужо і сынок, можа, сустракаў бы...

— Паспеем...— сказаў Павел.

— А так ты смела яе пакідаў...— пажартаваў Вяртун і захіхікаў, але, бачачы, што Павел не падтрымлівае яго жарту, пачаў жартаваць з сябе: — А я восенню яшчэ прыбаўкі чакаю, дармо што хутка пяцьдзесят будзе... Пятае... Так што я — бацька-герой...— і, бачачы, што цяпер і Павел усміхнуўся, зарагатаў.— Так што вучэцеся ў мяне, маладзела...

— Так што і вы ніякі яшчэ не стары! — пажартаваў і Павел, знаючы, што гаварыць і жартаваць «на жыццёва-бытавыя тэмы» Вяртун вельмі вялікі ахвотнік.

— Дасць бог, усім усяго хопіць,— супакойваючыся, сказаў Міхась Рыгоравіч,— вывернемся ж неяк, недарэмна мы Вертуны...— пасля саступіў з сонца ў цень.— Але во як скора год прайшоў. Здаецца, толькі ўчора цябе ў армію праводзілі, вечар ладзілі, а глядзі... І лета хутка праляцела, нават не агледзеўся, не перадыхнуў. Скора зноў у школу, дзевяць месяцаў будзе адно і тое ж. Урокі, педсаветы ды нарады, гутаркі пра двойкі ды дысцыпліну...

— А я засумаваў без усяго гэтага,— прызнаўся Васілец.— Аж не раз і снілася школа.

— Значыць, і ў душы ты настаўнік...— сказаў Міхась Рыгоравіч.— І я люблю сваю работу. За летнія канікулы сумую без яе. Але ўжо і стаміўся крыху...— дастаў з кішэні пачак, вытрас з яго цыгарэціну, пастукаў ёю па далоні і прыкурыў, уздыхнуў,— Цяжкая наша работа, нервовая. Тут няможна надта спакойна ці абыякава працаваць. Трэба гарэць і гарэць. Бо не абы з кім, а з дзецьмі працуеш — з самымі шчырымі, цікавымі, чуйнымі душамі... І не перастаю здзіўляцца з нашага Алеся Трахімавіча: шэсцьдзесят жа яму хутка, пара на пенсію збірацца, а ён так робіць!.. Энергічней за якога маладога!.. І адкуль у чалавека такая любоў, такая ахвота, такое гарэнне да работы?! Я маладзейшы, але я... Не, не тое я...

Вярнуўся Іван Сямёнавіч. Пахадзіў каля хлява, каля сталоўкі. У садзе, каля град. Прынёс некалькі вялікіх чырвоных памідораў.

— Во ўся града ў такіх,— сказаў Іван Сямёнавіч.— За суткі наспела. І ўсяго сёлета многа. Гуркоў, капусты, яблыкаў, бульбы. І прададзім шмат, капейку добрую для школы мець будзем, і дзецям у сталоўку на зіму хопіць...

Сказаў з гонарам: любіць гаспадарыць. За гародам і садам сочыць не менш, чым за вучобаю ў школе.

— Якія чырвоненькія! — парадаваўся і Міхась Рыгоравіч.— Бяжы, Павел Мікалаевіч, у магазін... Закусь во ёсць, дык і адразу, па гарачых слядах, так сказаць, і адсвяткуем, што вярнуўся з салдатаў ды зноў будзеш працаваць з намі...

— І ў такую гарачыню? — усміхнуўся Іван Сямёнавіч.

— А я і ў гарачыню магу...— пагарэзнічаў Міхась Рыгоравіч.— І сярод ночы... Ды яшчэ за такі добры выпадак!..

— Зачынены сёння магазін,— прамовіў Іван Сямёнавіч, падаў ім па памідору.— Так што не радуйся за выпадак... Прыйдзецца гулянку адкласці. Як і твае новыя прыгоды...

Міхась Рыгоравіч зарагатаў. Сам з сябе. Звычайна ён заўсёды быў вясёлы, гарэзны, але стрыманы. Калі ж выпіваў, дык не мог стрымацца і выслаўляўся на ўсе тутэйшыя вёскі сваімі неспадзяванымі прыгодамі.