— Хопіць,— засаромеўся Павел, калі так пайшла гутарка і ўсе настаўнікі зірнулі на яго.— Трэба вучыцца настаўнічаць.
— Добра,— згадзіўся Іван Сямёнавіч.— Па рускай мове дзеляцца яшчэ чацвёрты, пяты і сёмы. Гэта ўсяго недзе...— ён падлічыў усе гэтыя ўрокі рускай мовы разам, раздзяліў на два і сказаў, што Ларысе можна даць дваццаць адну гадзіну, а астатняе — крыху больш — даць Ліліі Іосіфаўне, бо для Ларысы будзе яшчэ платнае загадванне бібліятэкай.
— Іван Сямёнавіч,— нарэшце ўставіў сваё слова і Вяртун,— моваведы нагружаны, а хто ж нямецкае возьме? Спецыяліста ў нас няма, то трэба хоць моваведам даручыць яго выкладаць.
— Твая праўда! — зацмокаў Іван Сямёнавіч.— Забыўся... Хто падкажа які варыянт? Можа, ты, Уладзімір Пятровіч, возьмеш?
Сліж не стаў адмаўляцца, толькі ўсміхнуўся, ведаючы, што гэта жарт, бо ён сам раней прасіў Паўла ці Ларысу памагчы яму, завочніку, зрабіць кантрольную работу па нямецкай мове.
— Нямецкую мову можна зноў аддаць Ларысе Іванаўне,— падказаў Вяртун.— Яна не спецыяліст, але ўжо трэці год будзе весці, то й добра налаўчылася. А столькі яе гадзін рускай мовы трэба перадаць каму-небудзь другому.
— Я думаю, Усціновіч будзе згодна,— сказаў Іван Сямёнавіч.— Гісторыя — Рагатка І. С. Згодны?
— Канечне,— адказаў за ўсіх Сліж.— Гэта ж заўсёды ваша.
— Хімія, біялогія... Дыпламаваны спецыяліст у нас па гэтаму Вольга Піліпаўна...
— Раз на біялогію ёсць Беленькая, то можна Вользе Піліпаўне даць хімію і тыя гадзіны рускай мовы,— зноў падказаў Вяртун.— Не раз Вольга Піліпаўна падмяняла моваведаў і добра вяла.
— Як ты? — зірнуў на жонку і ўсміхнуўся Іван Сямёнавіч.
— Вы яе начальства...— усміхнулася задаволена і тая.
— Гэта гадзін з...
— Маляванне яшчэ дайце,— сказаў Вяртун і зірнуў, што піша дырэктар.
— Дваццаць адна гадзіна. Згодна?
— Мы ж так і думалі...— адказала Вольга Піліпаўна і асеклася пад сярдзітым позіркам мужа.— Амаль ва ўсіх такая яе нагрузка...
Іван Сямёнавіч нічога не сказаў на гэта, прамовіў толькі, што біялогія, сельскагаспадарчая і абслугоўваемая праца і прышкольны ўчастак будуць Беленькай.
— Фізкультура... Рагатка В. І. Яму яшчэ тэхнічная праца, чарчэнне і майстэрня. Згодны?
— Згодны,— сказаў Сліж, а за ім — і Вяртун.
— Добра,— перавёўшы дыханне, сказаў Іван Сямёнавіч.— Геаграфія...
— Дагрузіць Уладзіміра Пятровіча,— падказаў Вяртун.
— Знойдзеш на карце Мінск? — усміхнуўся дырэктар.
— Знойдзе, калі захоча...— пажартаваў Вяртун.
— Ну, бяры,— сказаў і запісаў сабе гэта дырэктар.— Але рыхтуйся... Сам ведаеш...
Сліж густа пачырванеў і нічога не адказаў. Ды што яму было гаварыць, калі ён не раз мог прыйсці ў школу, не падрыхтаваўшыся, не напісаўшы рабочых планаў ды не праверыўшы ў час. вучнёўскіх сшыткаў.
— Факультатывы па рускай мове і матэматыцы...— сам сабе ўсміхнуўшыся ад Сліжавага збянтэжання, прамовіў Іван Сямёнавіч.
— Хто ў сёмых і восьмым вядзе, хай той і іх бярэ,— сказаў Міхась Рыгоравіч.
— Згодны? — спытаў дырэктар і, бачачы маўклівую згоду, сказаў, запісаў, каму і дзе прыбаўляецца яшчэ колькі гадзін,— Што гэта яшчэ, каб не забыць? — ён доўга разглядаў свае паперы ды запісы.— Ага, спевы. Хто хоча цэлы год быць вясёлым чалавекам?
Усе зірнулі на Маю Сцяпанаўну.
— Я сёлета не хачу выкладаць спевы,— заўважыўшы позіркі, пачала адмаўляцца тая.— У мяне сёлета два класы, многа працы, то трэба болей і вольнага часу.
— Тады хто возьме? — сур'ёзна спытаў дырэктар.— Хто пажадае — таму і аддам...— пасля не вытрываў, усміхнуўся.— Можа, ты, Рыгоравіч, возьмеш? Часта любіш спяваць...
— Хе-хе-хе! — зачырванеўся, засмяяўшыся сам з сябе Вяртун, закруціўся на крэсле, але нічога не адказаў.
— Бяры, Мая Сцяпанаўна, не адмаўляйся,— зноў зірнуў на яе дырэктар.
— Я не спецыяліст,— крышку какетліва, мусіць, радуючыся, што на яе звяртаюць такую ўвагу, адказала тая.
— А хто ў нас, у васьмігодцы, спецыяліст, па геаграфіі, нямецкай мове, фізкультуры, маляванні ды спевах? Ніхто...— сказаў Іван Сямёнавіч.— Але гэта не значыць, што гэтыя — вельмі важныя — дысцыпліны не павінны выкладацца, калі няма ў нас спецыяліста. Так што запісваем табе першы і трэці класы, а таксама і спевы. Другі клас — Міхаіл Апанасавіч. Піянерважатая — Ірына Васільеўна. Бібліятэка — за Ларысай Іванаўнай. Класныя кіраўнікі і школьныя гурткі, рэдактары школьных газет...
Калі дамовіліся, каму давядзецца яшчэ дзе працаваць (Паўлу дасталіся ў кіраўніцтва «цяжкі» сёмы клас і літгурток, а гэтаксама — і школьная літаратурная газета), Іван Сямёнавіч прачытаў усё, што запісаў, агледзеў усіх і спытаў: