— Не трэба, Рыгоравіч,— засаромеўшыся, папрасіў Васілец.— Мы яе мужчыны...
— Як мужчыны — дык ужо і не павінны быць шчырымі? — запытаў Вяртун.— А мы і мала бываем шчырымі. Усё пра працу ды пра працу, пра дзяцей, пра вучобу, а вось так, па-чалавечаму, пагаварыць, павесяліцца, дык і мала калі... Адвучылі — і дадому... Дык хадзем, зойдзем яшчэ да адных добрых людзей. Насядзім, пагаворым...
— Паўтараецца пазалеташняя гісторыя...— усміхнуўся Васілец.— І тады мы так вось засталіся ўдваіх, вось так гаварылі... Трапілі ў неспадзяваныя прыгоды...
— Я і пазалетась, і летась чалавекам быў, і сёлета чалавек,— перапыніў яго Вяртун,— і век цягнуся да добрых людзей. Цвярозы не магу, стрымліваюся, а вось цяпер, можа, я якраз і чалавек... Не маска, а чалавек... Я і пагаварыць магу, і ўсё сказаць, што думаю... Вы яе папікаеце: Вяртун нясмелы, перад дырэктарам на лапках ходзіць, у вочы праўды не скажа... Не чытае новага, адстаў... Па-старому вучыць... Хочаш: пайшлі вось цяпер да дырэктара — і яму ўсё выкажу... Усё!..
— А заўтра?
— І заўтра скажу...
— Не, Рыгоравіч,— цвёрда сказаў Васілец.— Сёння якраз нікуды і не трэба ісці. Толькі дадому. Вы вот таму і трапляеце ва ўсякія гісторыі, што па вечарах і ўночы лішне ходзіце, шмат тады гаворыце...
— І ты на мяне ўжо? Выхоўваць мяне? Не, дарагі. Вяртун не такім не паддаўся... Ты мне не трэба такі... Ідзі сабе, а я пайду сабе... І падаўся адгэтуль.
Калі Павел падышоў да хаты, дзе кватаравалі Красоўская і Квітун, згледзеў, што нехта сядзіць на лаўцы, бліскае цыгарэтным агеньчыкам. Падышоўшы бліжэй, пазнаў: Таццяна Сяргееўна. Толькі цяпер яна была не ў блузцы ды штанах, а яшчэ наверх, на плечы, ускінула паліто: ноч пакрысе пачынала аброшвацца, здаравець, павейваць нясмелымі восеньскімі павевамі. Не ветрыкамі, а толькі яшчэ павевамі.
Таццяна Сяргееўна сядзела, прыхінуўшыся спіною да плота і паклаўшы нагу на нагу, курыла.
Павел, каб ішоў другім бокам вуліцы, можа, не прыпыніўся б, падумаў бы, што яго не пазналі, але раз ішоў гэтым — правым — бокам вуліцы, то запаволіў ход, а пасля і прысеў на лаўцы.
— Усё перагаварылі з Вертуном? — як жартам спытала Таццяна Сяргееўна.
— Ды пагаварылі...— адказаў Павел, адчуваючы, што і напраўду дзяўчына не надта злуецца на яго за нядаўняе, сядзіць во і чакае, калі ён будзе ісці дахаты.
— Ведаю, пра што ён можа сёння гаварыць...— неяк стомлена сказала Таццяна Сяргееўна.— Успамінаць ды папракаць... І гэта, як і сённяшні педсавет, наша тут жыццё... Сумна. Усе цяпер спяць, каб заўтра зноў працаваць ды есці, спаць... А я не хачу спаць цяпер, я нечага другога хачу...
— Кіно па тэлевізары паглядзіце ці па вуліцы пахадзіце,— усміхнуўся Павел,— і будзе весялей.
— Толькі і застаецца тут, у Міланьках, рабіць гэта. Уся ўцеха і весялосць — тэлевізар...
— Нешта вы сёння не ў настроі? — спытаў Павел.
— Бо мне сумна, бо я не магу быць адна...— адказала тая, кінула на дарогу цыгарэціну.— Чаго вы маўчыце? Вы адзіны тут, хто можа мяне зразумець...
— Можа, і разумею,— згадзіўся Павел.— Але памагчы, відаць, не здолею...
— Я хачу, каб памаглі...— з хваляваннем у голасе прамовіла яна, і ён зразумеў яе гэтыя словы, яе хваляванне, зразумеў, што здолеў спадабацца ёй, падаць нейкую надзею.— Вы... Я так веру вам...
Ён чуў гэтыя словы, разумеў, што хаваецца за імі, захваляваўся. Але падумаў, што жартаваць, даваць нейкую надзею не трэба,
— Прабачце,— сказаў Павел,— вы мне не верце, на мяне не спадзявайцеся, бо я не магу, не зраблю таго, пра што вы думаеце. І вы ведаеце самі — чаму... А раз ведаеце, то мне не трэба многа гаварыць і вам не трэба звяртаць на мяне ніякай увагі...
— Ідзіце...— ледзь чутна прашаптала Таццяна Сяргееўна.— Вы не разумееце жанчын, шмат чаго не разумееце ў жыцці...
— Усяго вам добрага!— сказаў Павел, падняўся і пайшоў дахаты.
Таццяна Сяргееўна не сказала ні слова.
— Мяне зноў пакрыўдзілі, Алесь Трахімавіч,— скардзіўся Вяртун, плаксіва сціснуў тонкія вусны.— Яшчэ як пакрыўдзілі. Дырэктару і завучу па закону можна браць па дванаццаць гадзін у тыдзень. Гэта гісторыі ці мовы. А матэматыкі, як я чуў, як гэта ёсць у іншых школах, можна браць і да васемнаццаці ўрокаў у тыдзень. Дык чаму мне, многасямейнаму, не даць столькі?
— Калі ёсць такі дазвол, дык чаму вы маўчалі на педсавеце? — спытаў Алесь Трахімавіч.