— Хіба я мог сам прасіць, сароміцца? Самі ведаеце, які ў мяне характар... Я прамаўчаў, а Рагатка нібы не здагадаўся, не даў. Ды і справаводства, пятнаццаць рублёў, як і летась, можна было мне пакінуць... А ён Маі Сцяпанаўне аддаў... Бо ў нявесткі яе меціць...
— Калі вы самі не маглі за сябе заступіцца, дык няхай падказалі б, дык я за вас заступіўся б, закінуў бы слова... Вы ж ужо, Рыгоравіч, не маладзенькі які, Не першы год у школе робіце...
— Вось такі я дурны,— паскардзіўся Вяртун,— А Рагатка вось як... Але я яму некалі гэта прыпомню. І ўсё прыпомню, бо ён мяне пакрыўдзіў. Як і вас некалі... Вас яшчэ і больш... І я, дурань, яму памагаў. Брыдка! — ён усхліпнуў.— Змусіў мяне...
— Не трэба, Рыгоравіч, толькі крыўды ў душы насіць ды помсты. Не трэба.
— Вы, Алесь Трахімавіч, добры чалавек! Залаты чалавек! — Вяртун нахіліўся, пацалаваў старога ў шчаку.
— Не трэба...— са збянтэжаным папрасіў той.— І я жыву, як умею... Як і ўсе людзі...
— Не як усе...— усхліпнуў Вяртун.— Вы другі. Нам усім да вас як да неба. Толькі малавата мы вас слухаемся... Вып'ем, Алесь Трахімавіч, за вас. Прабачце, што сам прашу, але не магу не папрасіць...— ён заплюшчыў вочы, каб схаваць слёзы.— Давайце па кроплі.
— Сёння вам гэта ўжо будзе залішне,— сказаў Алесь Трахімавіч.— Ваша і бяда ў тым, што вы, калі вып'еце, не можаце ўпару прыпыніцца. Праўда, выпіўшым у вас як бы прачынаецца чалавек, вы становіцеся самім сабою... Але ж гэта не дзела: што было б, каб усе былі смелымі і шчырымі толькі тады, калі гарэлкі выпілі б?! Значыць, трэба і без гарэлкі быць самім сабою. Гэта і вельмі цяжка, але і вельмі проста... А так вас і выпіўшага, праўдзівага, лічаць за нейкага дзівака... Бо што п'яны? Балбатун, і не больш. Хіба можна з ім сур'ёзна гаварыць? Назаўтра ж ён нічога не будзе помніць і ад слоў сваіх адмовіцца...
— Так, Алесь Трахімавіч, так...— зноў усхліпнуў Вяртун,— Хадзем тады да Рагаткі, падсыплем яму крыху. Я сёння магу ўсё сказаць,— і ён бухнуў кулаком сабе па грудзіне,— Усё!
— Я ж вам кажу: нікуды ісці сёння не трэба, ідзіце толькі дадому,— сказаў Зубок.— А тое, што на душы пакіпела, скажыце спачатку сам сабе, а потым — і смела, шчыра і таму, каму хочаце сказаць. Без помсты, а каб лягчэй іншым і сабе было... Ды хіба вас яшчэ трэба вучыць? Хутка ж і самі дзедам станеце...
— Праўду вы гаворыце, Алесь Трахімавіч,— прамовіў Вяртун, падаўся і пацалаваў старога ў шчаку. Той усміхаўся, ухіляўся.— Каб мы ўсе гэтак жылі і працавалі, як вы... Не тое, не тое ў нас было б!
— Яно і не трэба рабіць усё на адзін капыл... Кожны павінен рабіць па-свойму добрае — вот тады і будзе тое вашае «не тое»...
— Ну, бывайце здаровы! — сказаў Вяртун і, каб не заплакаць, падаўся з хаты.
Калі выйшаў на вуліцу, азірнуўся, дык убачыў у Рагаткавай верандзе святло. Як ішоў да Зубка, там было цёмна. Адразу ж павярнуў у Рагаткаў двор, набіраючыся смеласці і рашучасці. Аж здзівіўся, чаму ён раней не мог сказаць Рагатку ні слова насупраць.
Яшчэ здалёку ўбачыў, што на верандзе быў сам Іван Сямёнавіч, які сядзеў на лаўцы і, закасаўшы да каленяў штаны, мыў у мядніцы ногі. Ён пацягнуў за клямку дзвярэй, але яны былі зачыненыя.
— Хто там? — з насцярогаю спытаў Іван Сямёнавіч.
— Я,— смела адказаў Вяртун.
— Што такое?
— Я хачу пагаварыць з вамі...— сказаў Вяртун.— Пра даўнейшае, пра сённяшні педсавет. Словам, пра ўсё, што накіпела на маёй душы... Годзе маўчаць... І ёсць пра што пагаварыць!
— Позна ўжо гутаркі разводзіць,— прамовіў Рагатка, як чуваць было, хутка ўстаў, выцер ногі.
— Нам усё роўна трэба некалі пагаварыць! — з пагрозаю прамовіў Вяртун.— У мяне во тут,— ён прыклаў руку да грудзіны,— накіпела. Адчыніце!
— Заўтра пагаворым,— хутка адказаў Іван Сямёнавіч, усунуў белыя ногі ў тапачкі, выключыў на верандзе святло і рыпнуў дзвярыма хаты.
Вяртун патурзаў за клямку, як не верачы, што яго — можа, першы раз у жыцці збаяліся,— пасля падаўся назад, да вуліцы. Калі выходзіў з варот, так ляпнуў брамкаю, што яна ледзь не зляцела з завесаў.
8...
— Добра, што сустрэліся...— прамовіла Ніна, Сліжава жонка. Яшчэ раз акінула яе, Ларысу, з ног да галавы.— Хачу сказаць табе нешта па сакрэце... Каб ты, чым прыехаць у Міланькі, пра ўсё ўжо ведала...
Ларыса прытуліла да нагі чамадан, усміхнулася, бо добра ведала гэтыя Нініны «сакрэты» — самыя што ні ёсць плёткі, на якія тая была вельмі вялікі спец. Калі яна пачуе нешта такое цікавае, то, расказваючы пра гэта другім, так усё перакруціць, упляце яшчэ сюды многа сваіх здагадак, «нечых» думак, што пасля сам чорт звар'яцее, калі захоча разблытаць той клубок.