Дык яму жонка ніколі не давала грошай. Нават і на цыгарэты. Вось ён заўсёды і «лавіў момант», каб падгуляць.
— Накасіў сена? — перавёў на іншае гутарку Іван Сямёнавіч.
— Дзе там пакасіў...— махнуў рукою Міхась Рыгоравіч, здаецца, вельмі перажываючы, што зачынены магазін.— А магазіншчыца наша зусім распусцілася!.. Сярод белага дня зачыніць магазін, а сама...
— Мне так неблагі лапік травы дастаўся...— зноў перавёў гутарку Іван Сямёнавіч.
— Ну, вы ёсць вы, а я ёсць я...— зморшчыўся Вяртун,— Вы адзін, а нас такіх многа... Мне збоку дзялку далі, дзе ўсё каровы вытаўклі... Горшую, чым механізатарам, даглядчыкам, саўгасным спецыялістам... Хто я?! Просты настаўнік, нікому непатрэбны...
— Вось каму добра! — яшчэ раз змяніў ход гамонкі Іван Сямёнавіч, кіўнуўшы на Васільца.— З чамаданчыкам прыехаў, з чамаданчыкам паехаў... А нам і ў школе, і дома, па гаспадарцы, рабі ды рабі!.. Вось што значыць, калі ты сямейны вясковы настаўнік!..
— Дык і век не буду жаніцца...— пажартаваў Васілец.
— Ажэнім, нідзе не дзенешся...— сказаў Іван Сямёнавіч.
— Нідзе...— паўтарыў Міхась Рыгоравіч, ужо весялеючы і хочучы пажартаваць.— Столькі красунь у школе, дык каб не ажаніцца! Не! Не ўстоіш! — і штурхнуў Васільца локцем.— Пра воўка памоўка, а воўк тут.— І сам зірнуў на сад.
Па садзе ішлі сюды дзве маладыя настаўніцы. Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна.
— Чуў? — запытаў Міхась Рыгоравіч,— Пра Таццяну Сяргееўну?
Ларыса тое-сёе пісала яму, але ён паціснуў плячыма: не, нічога не чуў.
— Шмат прыгод было і ў Таццяны Сяргееўны! — ціха сказаў Вяртун.— З хлопцамі, з мужчынамі... Маладыя жонкі з-за яе начэй не спалі...
Васілец пазіраў на дзяўчат: Таццяна Сяргееўна і цяпер была танклявая, стройная, у меру высакаватая. Здаецца, яшчэ пахарашэла, усё на ёй нібы іграла весялосцю і маладосцю. Вунь у чорных вачанятах пераліваецца вільготны гарэзны бляск, паўраскрываюцца яркія вусны, нібы нешта шэпчуць прыемнае. Ірына Васільеўна — ніжэйшая, маладзейшая — вельмі папаўнела. Была аж залішне поўная для сваіх гадоў.
— О, каго я бачу! — усклікнула, падыходзячы, Таццяна Сяргееўна.— Адзінага нашага халасцяка, таго, хто на вагу золата! Добры дзень!
Ірына Васільеўна — абедзве яны былі ў аднолькавых, караткаватых, па калені, светлых сукенках, босыя — падышла моўчкі. І, здаецца, саромелася за сваю такую смелую і жартаўлівую сяброўку.
— Добры дзень,— адказаў Васілец.
Таццяна Сяргееўна падала яму руку, прытрымала.
— Ды добра найшлася адлучка! — усміхнулася яна.— Бадай, і я цяпер магу звярнуць на вас увагу!
— Відаць, позна ўжо...— пажартаваў Вяртун,— Другая раней заўважыла, ацаніла...
— Нічога не позна...— адказала Таццяна Сяргееўна. Як і раней, не ведаеш: калі гаворыць праўду, калі жартуе. І во пільна, нават з пяшчотаю пазірае ў вочы. На вузкаватым яе твары з невялікім прамым носам выступіла лёгкая маладая чырвань, на вуснах заблукала гарэзная ўсмешка. Прыгожая. Нават красуня гэтая Таццяна Сяргееўна.
Нарэшце яна адпусціла руку, і ён адчуў палёгку. Бо ўсе ж пазіралі на іх.
Ірына Васільеўна стаяла моўчкі. Яна толькі і сказала адно: «Добры дзень».
— Бачыш: які пад'ём у дзяўчат! — падміргнуў Іван Сямёнавіч.
— Пад'ём! — падміргнуў у адказ і Вяртун.
— А як вы думалі! — зусім не засаромелася Таццяна Сяргееўна.— Гэта ж падзея ў нашых Міланьках!.. Мы ж усе так чакалі Паўла Мікалаевіча, столькі яго ўспаміналі...
— Ну што ж, І я рад, што ў маіх калег настрой добры,— прамовіў Іван Сямёнавіч, з крэктам падняўся, зморшчыўся і пагладзіў далонню спіну.— Малайцы, што прыйшлі. Дам вам, дзяўчаты, добрую работу. Загадчык участка ў адпачынку, то вы, Ірына Васільеўна, як будучы біёлаг і загадчык, кіруйце. Знайду тэхнічак і кухарку, то сёння і складзём у бочкі гуркі ды памідоры. А вы, Таццяна Сяргееўна, памагайце выбіраць гуркі.
Тая іранічна ўсміхнулася і нічога не адказала.
— А вы, Павел Мікалаевіч,— лагодна сказаў Іван Сямёнавіч, нагінаючыся і беручы памідоры,— можаце гэтыя дні не хадзіць у школу. Адпачывайце, чытайце новыя педагагічныя часопісы ды па гасцях пахадзіце. Зірніце, што ў нашых настаўнікаў змянілася за гэты год, пабалюйце... Прывыкайце, словам, зноў да Міланек...
— Мяне гэтаксама не мінайце,— прамовіў Вяртун, імкнучыся пайсці з дырэктарам, і падміргнуў на развітанне.
— Гуркі, канечне, трэба складаць, але гэта найболей работа тэхнічак і кухаркі,— калі дырэктар і завуч адышліся, незадаволена прамовіла хрыплаватым голасам Ірына Васільеўна.— Ды які я біёлаг — я яшчэ на трэцім курсе завочнага... Сёлета ніводнага ўрока біялогіі не вяла, была піянерважатаю.