Іван Сямёнавіч акышнуў, махнуў рукою — куры лапанулі з хаты, перавярнулі пустыя гаршкі і вёдры з вадою, паскідалі са стала газеты, а певень, разгубіўшыся, не саскочыў са стала, спалохана кінуўся да акна, біўся дзюбаю і крыламі аб шкло.
Каб уратаваць шыбы, Іван Сямёнавіч злаўчыўся, неспадзявана хопнуў пеўня, паднёс да дзвярэй веранды і адпусціў на ганак — і той, ужо радасны, шчаслівы, пабег да хлява.
Сам вярнуўся ў хату, падпяў скінутыя са стала газеты.
«Трэба сабраць іх за апошнія два-тры тыдні і запесці ў школу,— падумаў,— і не так таму, што школьныя, а таму, што вярнуўся Васілец. Ён любіць чытаць свежыя газеты. А лістаносцу трэба сказаць, каб надалей школьную пошту не прыносіла мне на дом, а каб пакідала ў школе».
Пахадзіў туды-сюды і адчуваў: нешта яго непакоіць. Аж не мог здаўмецца.
«Няўжо мяне гэтак уразіла, што вярнуўся Васілец? Можа... Бач, пасылалі ў другія школы, і не толькі настаўнікам — не паехаў... Значыць, нешта ўжо цягнула сюды!.. Але і добра, што я сустрэў яго стрымана. Пакажы, што вельмі рады, дык, не дай бог, яшчэ заганарыцца: у маладых лёгкая на гэта галава... А па-другое, паміне дырэктарам і настаўнікам не павінна быць такога таварыства, панібрацтва, што ёсць паміж настаўнікамі: дырэктар ёсць дырэктар, кіраўнік... Дык і трэба, каб усе, а надта маладыя, адчувалі, што іменна я тут гаспадар, што будзе ў школе тое, што я скажу, што маю права на большую ці меншую ласку да кожнага... Можа, і застрога так, можа, усім гэта і не падабаецца, але я так век сябе паводзіў, век сцвярджаў: дырэктар — самая важная асоба ў школе...»
Прыбраў на кухні.
«Хоць, можа, дарэмна я колькі разоў гаварыў, што стары ўжо, што мне цяжка...— падумаў з дакорам пра сябе.— Усяго пра сябе не трэба гаварыць. Як табе ні цяжка, але ўсё роўна трэба паказваць: лічыце мяне старым, лічыце мяне стомленым, а я магу кіраваць, да кожнага падабраць ключык, і не стамляюся... І пра пенсію я дарэмна ляпнуў! Пажартаваў, а ён абы-што падумае... А то потым калі і ўшпільне. Хлопец ён спакойны, дзелавіты, але пальца ў рот не кладзі... Не пабаіцца сказаць у вочы і праўду. Завучу, дырэктару, інспектару... А цяпер во такі сур'ёзны стаў! Аж зайздросна: хай бы гэтакі ж сур'ёзны, разумны ды дзелавіты быў сын, Васіль. А то... Бог ведае, якую яшчэ сцежку для сябе выбера ён, Васіль. Нейкі скрытны ён вельмі ж ды скептык...»
Вось цяпер Іван Сямёнавіч зразумеў, чаму ён непакоіўся. Яго ўзрушылі Васільцова сталасць і думка пра сваіх дзяцей. Ды яшчэ цішыня ў вялікай хаце.
«І гэтая цішыня будзе цяпер штодзень...— падумаў з гаркотаю,— Старэйшыя, Вера і Васіль, ужо даўнавата пакінулі пас, а вось хутка не будзе і самай меншай, Клавы. Як паедзе вучыцца ў інстытут замежных моў, дык, можа, і навек з'едзе з хаты... І як мы з жонкаю будзем толькі ўдваіх? Бог яго ведае! Увесь век з дзецьмі — і раптам адны!.. Неяк прывыклі, што паехалі, паляцелі старэйшыя: дома была меншая і яе лічылі маленькаю. Уся ўвага была толькі для яе... Аж і яна ўжо не маленькая, студэнтка, лічы, нявеста... Значыць, мы з Вольгай Піліпаўнай ужо старыя...»
Іван Сямёнавіч выйшаў з кухні, пастаяў хвіліну, ткнуўся ў залу, кінуў позірк на спальню.
«Чатыры пакоі ў хаце! І для каго? Для пас, дваіх?»
Сеў на канапу, зірнуў на рамку: яна вісела насупраць на сцяне. На яго і на жончын партрэты. Калі здымаліся, тады ім было гадоў па трыццаць. Ён — кучаравы, з чорнымі валасамі, худы, малады, але строгі, смелы, жонка — таксама худаватая, пры завіўцы, з белым вялікім каўняром. Яна ўсміхалася: тады, як яны прыехалі ў раён і рашылі «ўвекавечыцца», іх смяшыў вясёлы фатограф. Ён вытрымаў, не дазволіў сабе ўсміхнуцца: тады модна было быць строгім. А жонка ўсміхнулася. І малайчына! Як во і ўсмешка ўсёй іхняй маладосці...
«Маладосць, маладосць!.. Мінулася як адзін дзень... Ужо наша Вера маці, Васілю пара жаніцца, Клава дзесяць класаў закончыла... І ўсе хочуць некуды паехаць. Значыць, мы застанёмся з Вольгаю Піліпаўнаю адны. А каму тады гэты вялікі дом, вялікі сад, столькі дабра? Нам, старым? Не, нам столькі ўсяго не трэба...»
Іван Сямёнавіч сумна зірнуў на рудую шафку з кнігамі, з дарагою пасудаю, на тэлевізар, на новую шафу для адзення, на шыкоўныя дываны. Не вытрымаў, падняўся і падаўся на двор.
Там, здаецца, яшчэ больш спякотна, чым дагэтуль, смаліла сонца.
«Хутчэй бы ўжо ў школу! Да дзяцей, да настаўнікаў! А хату — на замок! — падумаў.— Хоць гэтыя апошнія летнія дні — пакуль не пачнецца вучоба ў інстытуце — дачка магла б пабыць і дома. Дык не. Не разумее, відаць, як усё гэта дорага: дамовілася са сваімі школьнымі сябрамі, пабралі палаткі, напакавалі сумкі ядою, узялі грошай, абуліся ў кеды, закасалі да каленяў спартыўныя штаны, надзелі на галовы шырокія белыя капелюшы і некуды пабрылі.