Калі жонка сабрала тут яблыкі, ён узяў кошык і пайшоў да хаты, ля крайняй яблыні прыпыніўся, падабраў паданкі, ад якіх кош стаў поўны, і падаўся ў двор.
Жонка моўчкі ішла за ім, гэтаксама пра нешта сваё думала.
— І Васілец з Ларысаю, канечне, не прападуць., і з Вертуном зладзіцца, а вось са сваімі дзецьмі...— ці то сама сабе, ці то яму сказала Вольга Піліпаўна.— Вось Клава... Праз пару дзён ад'язджаць з дому — пабыла б з намі... Дык не, сабралася і сышла... Падумала б, што гэта ж апошнія дзянькі дома. Бо пасля, як сыдзе, то, можа, сыдзе ўжо і навек: пасля будзе, можа, зусім другая дарога... Прастудзіцца, дык зусім занядужае: такая ж ужо кволенькая...
— Вернецца праз які дзень,— заспакоіў жонку Іван Сямёнавіч.— Паглядзіць, што за соладзь гэтыя паходы, і болей нікуды не пойдзе. Хай згоніць маладую ахвоту да бадзянняў, да нейкай уяўнай рамантыкі. Маладая ж... І, ведаеш, можа, і трэба, каб адлучалася часцей з дому: можа, гартавалася б больш. Л што пра нас з табою мала думае, дык гэта ясна: хто надта ў такія гады думае пра бацькоў? Пра бацькоў успамінаюць тады, калі самі стануць бацькамі. А цяпер у галаве — толькі маладосць. Успомні...
Жонка прамаўчала, але надта не паспакайнела ад яго слоў — густа чырванела, моршчылася: відаць, пачала балець галава. Ужо ў двары моўчкі ўзяла з плота дзяружку, разаслала яе на мураве, высыпала паблізу з кошыка яблыкі. Села на дзяружку, выцягнула худаватыя, з густымі сінімі жылкамі ногі і пачала перабіраць яблыкі — здаровыя, непабітыя клала ў кошык (рэзаць і сушыць), а падгнілыя ці падзяўбаныя курамі кідала ў загарадку тром велікаватым свінням. Тыя елі ападкі не вельмі ахвотна, качалі лычамі іх па зямлі. Лавілі, душылі ў роце, высмоктвалі сок, а жмуху выкідалі долу.
Вольга Піліпаўна парадкавала яблыкі і не ўздымала галавы і ў гэтую хвіліну выглядала надта пастарэлаю, стомленаю, што яе было вельмі шкода. Ён прысеў, пачаў гэтаксама выбіраць гнілыя яблыкі і кідаць іх у загарадку, падумаў, што напраўду ўжо хутчэй прыходзіла б першае верасня: вельмі маркотна быць удваіх дома, жыць толькі сваімі — сямейнымі — клопатамі. У школе, хоць і стамляешся амаль кожнага дня, усё ж весялей, хутчэй праходзіць дзень, а пасля і ноччу спіцца мацней...
— Ведаеш, Вольга, мне толькі што адна добрая думка ў галаву прыйшла...— сказаў Іван Сямёнавіч, зірнуў на жонку, як просячы яе прыпыніць працу і паслухаць.— Не варта, мусіць, нам удваіх заставацца... Вера прырасла ўжо там, сюды яе не даклічашся, Клаве таксама трэба пакідаць дом... А Васіль мог бы і з намі быць... Пайшоў бы працаваць у школу, пазней завочна ў інстытут паступіў бы, ажаніўся б, і мы дажылі б пры ім свой век... І яму памаглі б, і тым памагалі б...
Жонка ажывілася, зірнула на яго з надзеяй, але як засумнявалася:
— А ці захоча ён з горада ў вёску перабірацца?
— А чым блага ў нашай вёсцы? — спытаў ён.— Саўгас становіцца на ногі, багацее, багацеюць і культурнеюць людзі... Хутка дарогу добрую да горада пракладуць, новую школу паставяць, лес вакол, добрая рэчка блізка... Калі цяпер угаворваюць настаўнікаў сюды прыязджаць, то неўзабаве тыя самі будуць сюды прасіцца...
— Так ты думаеш, бо век тут пражыў, а яны, маладыя, думаюць іначай...— прамовіла жонка, відаць, надта не верачы, што сын вернецца.— Іх болей горад цягне... Ды ён жа добра ведае, як нялёгка працаваць у школе...
— А дзе лёгка працаваць? — прамовіў ён, прыплюшчыў вочы і зірнуў долу,— Усюды трэба старацца. Трэба добра пагаварыць — можа, і згодзіцца... Хлопец жа ён здольны, ледзь не з залатым медалём школу скончыў, у арміі служыў, на заводзе перадавік... То і ў школе справіцца... А захоча ажаніцца — дык хіба ў нас дзяўчат маладых ды прыгожых мала?! Адных настаўніц вунь колькі!..
3...
— Вы ешце, Паўлік, ешце...— прасіла невысокая, пастарэлая, але ўсё такая вясёлая, гаманкая цёця Ядзя, падсоўваючы да яго талеркі.— Гэта мы, старыя, уеўшыся, а вы, маладыя, ешце, праўцеся. Папробуйце вяндлінкі ці во кілбасы сухенькай...
Павел дзякаваў і закусваў.
— Мы так сумавалі без вас,— прызнавалася радасная гаспадыня, усміхалася і нават усхліпвала, выцірала вочы фартухом,— то, бывала, раскажаце што, пачытаеце, пра што ў кнігах ці газетах пішуць. Прывыклі — як і да роднага дзіцяці... А гэты год Пеця ў арміі, вы ў арміі, старшы наш мала прыязджаў, дык мы і маркоціліся ці цілявізар глядзелі... Мой стары, самі знаеце, які гутарлівы, скажа за дзень якое слова адно, дык і на тым добра. Так і прамаўчалі год.