— Затое ты мянташка...— буркнуў нарэшце і гаспадар, дзядзя Ян, высокі, плячысты, лысы,— ён сядзеў побач, дробненька наразаў ножыкам мяса і еў.
— Пеця пісаў, што павінен першы звольніцца,— расказвала цёця Ядзя,— у водпуску не быў, то начальства паабяцала першага адпусціць. Я падумала ўжо: хай прыходзіць, працуе тут шафёрам, бярэ замуж якую настаўніцу, дзеўку вучаную ды пры грашах добрых, і жыве з намі. Праўда, ён не надта вялікай навукі, як ведаеце, усяго восем класаў мае, але цяпер настаўніцы на гэта і не глядзяць, ідуць... Мая пляменніца ў Галінавічах настаўніцай, але за трактарыста пайшла... Хлопцаў цяпер мала ў вёсцы, а з настаўнікаў усё дзяўчаты ды дзяўчаты пачці, то чым каторай па чужых людзях хадзіць, хай будзе гаспадыняю... А ў вёсцы настаўніцы ўсё ўмеюць рабіць: і дзяцей вучыць, і гаспадарыць... Дык і нам, старым, яшчэ падмога будзе...
— Хай сам глядзіць...— незадаволена, можа, саромеючыся за такія жончыны размовы, можа, лічачы яшчэ маладым вельмі сына, сказаў дзядзька Ян, вельмі раздумлівы і сціплы чалавек.— Не рашай за яго.
— Маладым і падказаць трэба,— не згадзілася з ім цёця Ядзя, якая заўсёды ў сям'і «іграла першую скрыпку»,— Возьме якую... А ён хлопец добры, мяккі характар мае...
Гаспадар прамаўчаў, незадаволена нахмурыўся.
— Вось ён век такі...— сказала гаспадыня, якая часамі не вельмі злосна, але даволі прыдзірліва любіла паўшчуваць мужа-маўчуна.— Вы ж, Павел, мусіць, то сёлета ўжо точна будзеце жаніцца?
— Паглядзім... — усміхнуўся Васілец, але не збянтэжыўся: гаспадыня ведала многія яго сакрэты, паважала Ларысу, хваліла, а цяпер спытала дзеля цікаўнасці, а не для таго, каб расказаць пра гэта людзям — вадзіць плётак не любіла.
— Цяжка табе, дзіця маё, будзе, калі пажэніцеся,— як пашкадавала яго цёця Ядзя, зморшчыла невялікі, мала загарэлы лоб,— абое прыезджыя, ні сваёй хаты, ні гаспадаркі ніякай не маеце. Будзеце да чужых людзей на кватэру прасіцца ды з рубля жыць... Пакуль на што сваё ўзаб'яцеся...
— Нешта будзе...— усміхнуўся Павел, па-маладому думаючы, што, можа, не самае важнае свая хата, гаспадарка, а важней другое — каханне, шчырасць, вера ва ўсё лепшае...
— Вам, маладым, можа, пра ўсё гэта, як жыць далей, надта і не думаецца,— як угадала яго думкі цёця Ядзя,— але свой куток многа што значыць, калі не ўсё... Можна галодным быць, без капейкі, але цяжка без прытулку... Трэба, можа, вам шукаць такой школы, дзе і праца была б, дзе і куток які далі б. Бо тут, у Міланьках, бачыце, няма кварцер для настаўнікаў: ставілі школу адразу пасля вайны, то больш пра перарослых дзяцей думалі, чым пра выгоды для настаўнікаў... У Галінавічах, дзе мая пляменніца, школа новая, то там і кварцеры ёсць.
— Гавораць, што праз гадоў пяць будуць і тут новую ставіць,— сказаў Павел тое, што чуў не раз.— Тады і пра нас падумаюць ужо, жыллё зробяць.
— Добра, што вы такія цярплівыя, робіце, а пра сябе мала думаеце...— сказала цёця Ядзя,— А другія сямейныя ці халастыя, але якія збіраліся пажаніцца, бывала, яшчэ як і не паладзяць з Рагаткам, то папрацуюць тут з год-два ды выязджаюць шукаць лепшага. Часта мяняліся ў нас настаўнікі, кожнага году ўсё новыя былі, ды маладыя пачці ўсе...
...Павел прачнуўся позна.
Прачнуўся раптоўна, са здзіўленнем глядзеў на пакой, успамінаў, дзе ён цяпер, і думаў, што напраўду не быў у арміі, не адлучаўся дасюль на цэлы год, не быў усё лета дома, у бацькоў, а жыў увесь гэты час тут, у гэтым невялікім пакойчыку. Зусім знаёмыя, як бачыў штодзень, былі гэты сіні жалезны ложак з крыху ўжо цвердаватым ад старасці матрацам, мяккая зялёная канапа з саматканаю капаю, дзвюма маленькімі падушачкамі, з квятастай дарожкаю, круглы, на адной назе, з рознымі ўзорамі-выразамі стол, засланы старою, але прыгожаю саматканаю сурвэтаю, такі ж знаёмы быў вялікі, у драўлянай аправе насценны гадзіннік з мілагучным мяккім звонам. Але не. Пастарэлі за гэты час рэчы, іхнія гаспадары, пасталеў і - ён, Павел. Пазалетась яму было дваццаць два гады, а сёлета ўжо дваццаць пяты, тады ён толькі пачынаў працаваць, а цяпер ужо здаецца, што ён зусім сталы... Хоць і сёлета трэба пачынаць усё спачатку — даведвацца, што было ў школе летась, знаёміцца з новымі настаўнікамі і дзецьмі, працаваць і чакаць першай палучкі...
Верачы, што ўсё хутка ў яго паладзіцца, будзе так, як ён думае, Павел падняўся, заслаў ложак і выйшаў на цёплы двор. Хацелася па армейскай звычцы зрабіць гімнастыку, але пасаромеўся — яшчэ хто ўбачыць і будзе смяяцца. У вёсцы людзі не робяць гімнастак, як у горадзе, бо тут найлепшая гімнастыка — не пустымі рукамі махаць, згінацца ды разгінацца, а дровы калоць, сена касіць... Вынес з сенцаў вядро вады і памыўся — апаласкаўся да пояса.