Выбрать главу

- Цяпер ён здаровы, як тур. Бог... - лекар папярхнуўся, - д'ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх.

Госць засмяяўся.

- Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды.

У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох.

- Ужо трыццаць год полацкі кароль як бяльмо на нашым воку. - Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара. - Ён не толькі неблагі воін. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з'явіўся перад ім і мовіў. «Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць». Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: «Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг». Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: «Верую ў сілу тваю, Божа».

Госць і гаспадар перажагнуліся, адпрэчваючы служак д'ябла, якія маглі быць недзе побач.

- Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця.

З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком.

- Адно каліва гэтых лекаў, - ён страсянуў бутлік, - вылечыць караля ад усіх былых і будучых хваробаў.

Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання.

- Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну...

Твар госця асвятліла змрочная радасць.

- Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць. - Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.

- Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б...

- Калі б што? - нецярпліва выгукнуў Тэадорых.

- Калі б ягоны бацька памёр... Дзітрых думае, тады баярскі сын адважыцца.

- Няхай баярын памрэ, - сказаў госць.

- Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду...

- Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш. - Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.

- Я і цяпер сказаў не ўсё.

Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.

- Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.

Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.

- І ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў. Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га... Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.

Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.

- Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі мазгамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. І гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.

Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.

- А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых пачынаннях Дзева Марыя.

Тэадорых апусціўся на калені. З апаскаю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач. Абодва сталі маліцца.

5.

А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Ўсеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з аўкштайтамі, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацак любілі яго - не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.