Ужо было каля гадзіны дня. Царскі экіпаж мусіў з'явіцца з хвіліны на хвіліну. Ігнат напята глядзеў усцяж вуліцы, але замест карэты з казацкім эскортам заўважыў Соф'ю. Яна ўзмахнула белай насоўкаю, і гэта быў знак, што іхняе чаканне марнае: цар паехаў па іншых вуліцах і два пуды дынаміту ў падкопе сталі непатрэбныя.
Ігнат быў рады і ўадначас крыху разгублены, што лёс падараваў яму яшчэ нейкую гадзіну, бо не чакаў адтэрміноўкі і не ведаў, чым гэты час запоўніць. Таму ён усцешыўся, калі Соф'я загадала сабрацца ў кандытарскай насупраць Гасцінага двара і чакаць, пакуль скончыцца развод гвардыі. Ён ужо даўно забыўся, што магчымасць заняцца такой простай і звычайнай чалавечаю справай, як яда, можа прынесці такую радасць. Адчуваючы на каленях важкасць бомбы, Ігнат з'еў усю порцыю гарачых піражкоў з гарбатаю і здзівіўся, што таварышы пакінулі свае талеркі некранутымі і пазіраюць на яго з захапленнем. Мусіць, яны, нават Соф'я, зайздросцяць ягонай вытрымцы. «Каб жа вы ведалі, што я проста галодны з учарашняга вечара».
Кандытарская месцілася ў падвальным памяшканні, і, падняўшы вочы ўгору, можна было назіраць у невялікіх запыленых вокнах бясконцую чараду чалавечых ног, што спяшаліся па Неўскім.
На Кацярынінскім канале, куды яны пойдуць цяпер, і ў нядзелю зазвычай пустэльна. Значыць, непатрэбных ахвяр не будзе. Памруць толькі тыя, хто павінен памерці.
Яны выйшлі з кандытарскай па адным і сышліся ўжо на канале. Набліжаючыся да свайго месца, Ігнат сустрэўся з Соф'яй і ўсміхнуўся ёй ледзь прыкметнаю ўсмешкай. «Яна так ніколі і не даведаецца, што я...»
Ён не памыліўся: на набярэжнай было бязлюдна, адно вартаўнікі падмяталі панель каля саду і водбліз Тэатральнага моста маячыла пара постацяў, яўна агенты паліцыі. Пакунак з бомбай быў невялікі і няцяжкі, не болей пяці фунтаў, але яго нельга было схаваць у кішэню, і пільнаму воку шпегаў ён мог здацца падазроным. Таму Грынявіцкі вырашыў не шпацыраваць па набярэжнай і, прыхінуўшыся спінаю да парапета, застаўся на месцы.
Уся ягоная разважнасць паступова некуды знікала, і душу браў у ледзяныя рукі страх. Яму здалося, што бомба, гэтыя шкляныя трубачкі з сернай кіслатой, кнаты, выбуховы жэлацін, ужо сталі часткаю ягонага цела, што кроў па яго жылах гоніць ужо не чалавечае сэрца, а бляшанка са смяротным змесцівам. Розум на момант ператварыўся ў лядачы човен сярод хваляў страху. Але адно на момант.
Ігнат ачуўся, і з гэтае хвіліны ўсе ягоныя пачуцці абвастрыліся. Свет зрабіўся больш відочны, больш чутны і адчувальны. Грынявіцкі з прагнаю цікавасцю ўбачыў чыстае і халоднае, але нечым няўлоўным ужо вясновае неба над горадам, пачуў, як унізе, на лёдзе, сварацца вароны, пачуў дзесяткі іншых гукаў. Ён узяў з парэнчаў жменю свежага снегу і стаў есці яго, як некалі ў маленстве. Свет здаўся яму суладным і дасканалым, і тае ж хвілі да яго даляцела цоканне капытоў.
Спярша Ігнат пачуў яго нейкім таемным нутраным слыхам, бо сапраўды чуць царскі экіпаж яшчэ не мог. Але цоканне набліжалася. Вось яно стала цішэйшае - гэта на павароце ад Міхайлаўскага тэатра на канал фурман прытрымаў коней, і яны ішлі ступою. І зноў, ужо гучна капыты ўдарылі па аледзянелым бруку.
На набярэжнай коні імператарскага экіпажа пайшлі буйной рыссю, і казакі з эскорту ўзялі наўскач. Карэта абагнала ўзвод юнкераў. Цару аддалі чэсць два сустрэчныя праабражэнцы. Экіпаж быў зусім блізка і даганяў самага малодшага з чатырох бомбакідальнікаў. У Грынявіцкага яшчэ паспела мільгануць трывога, як карэта зраўнялася з маладзёнам.
Тое, што адбывалася далей, было Ігнату такое знаёмае, быццам усё гэта ён неаднойчы бачыў у сне. Маладзён павярнуўся тварам да экіпажа і кінуў пад ногі рысакам бомбу. Паветра скалануў выбух, як ад залпу дзесятка гарматаў. Трое казакоў зваліліся з коней, угору паднялося густое воблака снегу. Зазвінелі разбітыя шыбы будынкаў на тым баку канала.
Праз некалькі імгненняў чалавека, які кінуў бомбу, ужо трымалі паліцэйскія і казакі, да іх беглі праабражэнцы з юнкерамі.
З пашчапанага экіпажа выйшаў цар.
- Схвачен ли преступник? - данёсся гучны голас Аляксандра.
Ігнат адчуў, што і яму, і цару ратунку ўжо няма.
Сэрца адлічвала секунды. Ён знайшоў вачыма Соф'ю на тым беразе канала і, адарваўшыся ад парапета, паволі рушыў наперад.
Чорная сцяна была побач, але ён не баяўся. Грынявіцкі адчуваў Соф'ін позірк, адчуваў яе думкі і думкі тых, што чакалі на канспірацыйных кватэрах ці ў хваляванні хадзілі па вуліцах; ад кожнага з іх цягнуліся да яго невідочныя нітачкі, якія не дазвалялі яму спыніцца і якія ён павінен быў абарваць другім выбухам.