Выбрать главу

- Імя! Імя! - ускочыўшы на ногі, крычаў следчы.

Боль раздзіраў на тысячу кавалкаў, і адзіным збавеннем было новае забыццё, але да Ігната яшчэ цягнуліся нітачкі, якія ён адчуваў перад выбухам на канале, і, перш чым абарвацца ў бездань, ён паспеў пачуць свой голас:

- Не... ведаю...

Боль адразу выпусціў са сваіх лапаў, ды голены твар у атворы не знікаў, і Грынявіцкі замахнуўся на яго рыдлёўкаю, што зноў апынулася ў руках.

Атвор засыпала зямлёю, і ён разграбаў яе - спачатку рыдлёўкай, а потым, дарэшты змогшыся, рукамі, і апошнія кроплі моцы падтрымлівала ў ім веданне, што ён не самотны, што недзе побач прабіваюцца да святла іншыя.

У той момант, калі сонечныя промні пырснулі Грынявіцкаму ў вочы, следчы страпянуўся і запытальна паглядзеў на прафесара. Доктар моўчкі нахіліў сівую галаву.

1985

Клён

Ён даведаўся, што памрэ, у той самы дзень, калі карані ўпершыню пасля зімовага нябыту, спачатку насцярожана, а потым усё больш прагна пацягнулі з адталае зямлі яе бунтоўныя п’янкія сокі, і тыя пабеглі вышэй і вышэй, да галін і галінак, да сучка, што з восені ўчэпiста трымаў выпетраны бурштынавы лісток, які можна будзе скінуць толькі тады, калі пупышкі радасна і ўрачыста пырснуць новай пяшчотна-клейкаю зелянінай.

Салодкая дрыготка прабегла па ўсім яго агромнiстым целе, і клён прачнуўся. Ён страпянуў веццем і ўсцешана ўбачыў са сваёй высачыні тое, што сніў усю доўгую завейную зіму: жоўта-блакітную, як ясны восеньскі дзень, хату, сядзібу, усю невялікую, багатую на сады вёску, поплаў з белымі плямамі гусей і няроўны лілавата-зялёны мур лесу, дзе ён, клён, калісьці нарадзіўся і адкуль прыйшоў летась ласы на садавіну вожык, прыйшоў ды, зладзіўшы ў ямцы непадалёк кубло, так і застаўся ў садзе зімаваць — порсткі колкі клубочак, маленькую кволую цеплыню якога клён адчуваў скрозь сон у зімовую халадэчу.

Захмялелы малады вецер, напоены таемнымі напаўзабытымі ляснымі пахамі, лашчыў ягоныя галіны. У небе цурчэў цененькі струменьчык жаўруковае песні, а ўнізе, пераходзячы ад яблыні да яблыні, гаспадар збіваў шастом чорныя леташнія гнілякі, і ад гэтага маўклівага карчавітага чалавека ў зашмальцаванай скуранцы ішло лагоднае цяпло.

I раптам клён адчуў нешта нядобрае, дыхнула холадам, як быццам на сонца набегла хмара. Але неба было чыстае. Клён зірнуў долу і згледзеў каля сябе суседа.

— Здароў, сусед! — пачуў ён глухаваты голас гаспадара, які закурваў, ссунуўшы на патыліцу велікаватую кепку.— Што добрага скажаш?

— А тое скажу, што каціная ў цябе, сусед, памяць. Яшчэ на Каляды абяцаў гэтую махіну спусціць, а ўжо, между прочым, хутка Вялікдзень.

— Чым жа ён табе замінае? — памяркоўна спытаў гаспадар.— Вішню глушыць, дык абірай маю, хоць сабе вунь тую, акурат твая.

Магутнае клёнава цела на імгненне зрабілася нейкім страшэнна лёгкім, нібы карані пакінулі трымаць яго і нават слабы ветрык мог кінуць яго вобзем і пакаціць, пакаціць некуды туды, дзе няма ні вясны, ні сонца, няма нічога.

— Ты мне зубы не загаворвай,— зноў пачуўся надтрэснуты суседаў голас.— Не па закону гэта. Стаіць на мяжы, а ўвесь цень, между прочым, на маіх сотках. I карэнне ўсё там. Каторы год бульба па гарэху родзіць.

— Колькі мяхоў не дабіраеш? Бяры ў мяне.

— Ты са мной не жартуй.— Клён бачыў, як суседаў твар пакрысе наліваецца чырванню.— Я цябе па-добраму прашу, па-суседску.

Гаспадар дыміў цыгарэцінай, пазіраючы некуды ўбок.

— Болей паўтараць не буду,— з пагрозаю прамовіў сусед і пасунуўся да сваёй сялібы. Кажанаваты, клышаногі і даўгарукі, ён быў падобны да мядзведзя-недаростка, апранутага ў ватнік і разбітыя валёнкі з галёшамі. На паўдарозе сусед азірнуўся і з прыдыханнем выгукнуў:

— Не спілуеш — мы на цябе лейцы знойдзем! Я, между прочым, вецеран калхоза!

Ён праклыпаў міма, і на клён зноў павеяла нечым настылым.

А да гаспадара подбегам кіравалася гаспадыня — невысокая круглявая кабета ў плюшаўцы.

— Што гэта Сымончык прыходзіў? Зноў?

— Але.— Гаспадар кінуў недакурак і затаптаў яго ботам.

— Не дам!

— Не дурніся, Ганна. Не будзем праз дзерава з чалавекам заядацца. Які ні ёсць, а сусед.

— Не дам!

 Гаспадар перамаўчаў.

— Ну што маўчыш, як той клён?

— Прыедуць хлопцы, трэба пілаваць.

I клён зразумеў, што гэта — апошняе слова.

Начамі, калі вёска засынала кароткім вясновым сном, ён успамінаў.

Клён усё памятаў. Яму здавалася, што ён памятае яшчэ той час, калі быў семкай-крылаткай на галіне свайго разлогага бацькі з шырознымі далонямі лісцяў.