- Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.
- Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш, - сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю. - На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі...
- Дай мне мовіць, - спыніў яго Валодша і падняўся. - Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! - Ён секануў рукою паветра.
Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым, - пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, - і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення - пра ўсё я знаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».
Усё тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.
- Не лацінец мой бацька! - усхапіўся з лавы Васілька. - Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.
- Любіш бацьку, - пахваліў Валодша. - Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць - подзвіг невялікі.
- Дазволь слова сказаць, княжа, - устаў кульгавы Збыслаў.
Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваяка і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.
- Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. - Кульгач абапёрся на стол звітымі з жыл рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца. - Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе знаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў...
- Агню пад вугал пакласці - няхітры чын, - бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы. Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй.
- І летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса.
Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп.
- Кажы, што табе князь Усевалад перадаць вялеў! - загадаў Валодша старому ваяводу.
- Вялеў сказаць: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.
- Добра мовіў. - Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.
- А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? - са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус. - Пад тымі, што біскуп даў?
- Пад полацкімі! - апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары падлетка з'явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.
Літоўскі воін Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.
- Затчэна* каргача ды маўклівы чалавек - невядома, што ў іх ёсць, - павярнуўся князь да аўкштайта. - Якія весці прынёс?
* Заторкнутая.
- Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. - Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску. - Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.
І Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводаю добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Ўсеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.
- Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. - Голас аўкштайта зазвінеў. - Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны, - Рудзіс выцягнуў перад сабою даўгія рабаціністыя рукі, - летась забралі жывот у сямі рытараў.
- Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?
- Нашы воіны прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта - вайна. Мы дамо столькі сотняў воінаў, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.