Выбрать главу

Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха. Недзе паблізу вылі сабакі.

7.

У першую нядзелю, па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз'ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад'юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага кастаправа Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.

Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з выразаным на ёй аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы няўцямнага страху, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.

Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой душыцаю і мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.

Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца.

Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго.

- Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! - выгукнуў ён.

- Не спяшайся памерці, нямчын, - спакойна азваўся Валодша. - Не забіваць жадаю, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта.

- Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Юда, - вуснамі, а не сэрцам. - Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў. - Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі.

- Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца, - прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум.

- Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі, - падаў голас Віславус.

- Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, - гучна адказаў немец.

Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.

- Палюбіў воўк кабылу... - скрозь смех вымавіў пасаднік.

Твар Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам.

- Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? - адсмяяўшыся, запытаў князь. - Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю?

- Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як яго душу неслі анёлы.

- Ці не чорныя былі тыя анёлы? - спытаў Віславус.

Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды.

- У Полацак уцякло шмат людзей з земіголы. - Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду. - Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.

- Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына. - Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі. - Хіба яна не скарыла караля Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль!

- Не мне трэба баяцца, а табе, бо прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі, - сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка.