Выбрать главу

На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да акна і раптам ускрыкнула і выпусціла каралі з рук. «Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела, - шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей. - Благі то знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа...» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее», - гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён.

Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што пабойваннямі можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. І ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. І ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:

- Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Гасподзь і паслаў са мною свой праклён!

Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.

- Загадай яго забіць! - не вытрымаў Віславус. - Загадай, бо ён накліча бяду!

Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.

Князь устаў і ўладна падняў руку.

- Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму вачам, так і ад беззаконня - тым, што твораць яго. - Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цецівы ў луках. - Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.

- Забі мяне зараз! - утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса. - Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.

- Забі яго, князь! - Усе паўскоквалі з лаваў.

- Не! - перакрыў голас Валодша. - Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! - загадаў ён кметам.

Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:

- Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухазем'ем. Каля Герцыкі прымем раць князя Ўсевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!

8.

Дзень выхаду ў паход выпаў сонечны і цёплы. У пасадах цвілі сады, і па ўсім горадзе бруіў тонкі вясновы пах квецені.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ратнікаў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.

«Слава князю Валодшу!» - крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах у Звеніславы з сынамі і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. Усё жыццё пранеслася ў князя перад вачыма, і ў астатнюю хвілю ён убачыў Барыску, да балючага выяўна ўбачыў, як сын водзіць пальчыкам па старонцы старой кнігі...

Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «...не аддайце...»

* * *

Так абарвалася жыццё князя Валодшы, але імя ягонае не згубілася ў стагоддзях.

Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй кроніцы, што полацкага караля пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.

У лета 6724 крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя каменямёты. Дарэмна чакаў Збыслаў з герцыкскай дружынаю. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь дазорцы аўкштайтаў...

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі набег у калядныя святы, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў.

Збыліся і іншыя Валодшавы прадгаданні. Праз дваццаць гадоў пасля бяссоннай ночы ў Бельчыцах прыйшла новая варожая сіла. Князь Конрад Мазавецкі падпісаў з Тэўтонскім ордэнам дамову аб скарэнні прусаў.