Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя званы храмаў. Разам з пасагам везла княгіня абраз Багародзіцы Эфескай, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл, унук кесара Аляксея Комніна, жанатага з дачкою вялікага князя полацкага Ўсяслава Чарадзея. Пра гэты абраз царкоўнікі казалі, што напісаў яго нібыта сам апостал Лука. Але Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, відаць, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што няраз хадзілі на рыцараў.
Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поруч з лоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу золатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера.
Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ратнікі насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацак.
У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.
1985
Час чумы
Мы пад сякерай,
дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас...
- Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства?
Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свіцілася цікаўнасць. Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, раз-пораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы. Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якіх можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся.
Ён быў непаглядны, прынамсі, непаглядны паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да прасталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.
- Вы прымушаеце даму чакаць, - незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы.
- Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам. - Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы. - Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, а людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба. Магу вас запэўніць, што гэтыя звесткі настолькі ж праўдзівыя, як і тыя, што па Рыме ходзяць мядзведзі і што ў Вечным горадзе ляжыць вечны снег. Зрэшты, пра колькасць вачэй у маіх адназемцаў вы можаце меркаваць і самі, варта толькі ўважлівей зірнуць на аднаго з іх...
Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўта-зялёнай выяваю заморскай птушкі.
- Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі, - гаварыў далей мужчына. - Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю.
- Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? - расчаравана і недаверна спыталася жанчына.
- Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы, лясоў. Царства нашых звяроў і птушак найбагацейшае на ўсім свеце. Толькі ў нас жывуць зубры, якіх ахоўвае княжая грамата. Мы і самі пакуль што не зведалі ўсіх таямніц нашых пушчаў.