Выбрать главу

Маўчанне здоўжылася, але донна Франчэска яшчэ не збіралася канчаць гэтую дзіўнаватую размову, якая нагадвала іспыт, дзе настаўнік і вучань памяняліся месцамі.

- Вялікі Петрарка, - завучаным рухам адставіўшы вахлік, прамовіла яна, - пытаўся: паэзія - грэх ці святое прызванне?

- Паэзія - радасць, - пераканана сказаў Гусоўскі. - Паэт творыць з хаосу свой свет.

- О-о! - Франчэска відавочна здзівілася. - Я ведаю вашыя вершы. Некаторыя гавораць пра іх з захапленнем, але ад аднаго прыдворнага паэта я чула, што натхненне даюць вам копіі Грацыя* і Марка Немезіяна**, якія вы хаваеце ў сваім стале. Няўжо гэта праўда?

* Паэт, сучаснік Авідзія.

** Лацінскі паэт III ст.

Ён успыхнуў і міжволі зрабіў крок да Франчэскі.

- Такая ж праўда, як тое, што Строццы, які распускае гэтыя нізкія чуткі, роўны боскім паэтам старажытнасці, - гнеўна сказаў Гусоўскі. - Такія, як ён, не ствараючы, умеюць пісаць, як Вергілій, ды бляск іхніх вершаў - бляск фальшывага золата.

На матавым твары Франчэскі з'явілася задаволеная ўсмешка: яна непрыхавана цешылася тым, што вывела суразмоўніка з раўнавагі.

- Дзе ж тады сапраўдная крыніца вашага натхнення?

Яна застыла ў прыгожай паставе, упэўненая, што ведае ягоны адказ.

- Дзе? - Гэтая ўпэўненасць не схавалася ад паэта. - Аднойчы я чуў, як пяюць пад звон кайданоў палонныя татары. Яны ворагі маёй краіны, але калі я пачуў, як яны плачуць па радзіме і па сваіх пустых тулах, у мяне зашчымела сэрца. Тут, у Рыме, я разумею іхнюю песню яшчэ лепей.

У агатавых вачах Франчэскі было расчараванне, аднак яна не пакідала сваёй гульні.

- Хіба вы палонны? Хто ж у такім разе паланіў вас? - Яна закрылася вахлікам і зірнула на паэта паўзверх жоўта-зялёнай птушкі.

Пісаныя і няпісаныя правілы галантнасці вымагалі ад яго толькі аднаго адказу, якога прагнула юная капрызніца. Здаецца, зусім проста - сказаць некалькі зазвычаеных слоў. Але ён ведаў, што не зможа пераступіць праз нейкую перашкоду ў самім сабе.

- Хто ж паланіў вас? - настойліва паўтарыла яна.

- Туга па радзіме, - адказаў ён, заўважаючы, як у яе ў вачах прачынаецца зласлівасць.

- Я хачу паслухаць вашыя вершы, - уладна сказала Франчэска.

Яна стаяла, напалову павярнуўшыся да вакна, і ветрык перабіраў яе валасы. Злёгку ўскінуўшы голаў, Гусоўскі пачаў:

Што толькі ёсць на зямлі, гэта створана ўсё дзеля шчасця. Зоркі ў цямноце мігцяць, асвятляюць слабенькім зіхценнем, Моцай таемнаю; пыл залацісты ў крынічным паветры Шчасна згадаеш. Прыроды дарункі - імклівыя птушкі, Рыбы, звяры, і пладоў, і металаў бясконцыя скарбы...

Гэтыя радкі ён таксама перапісаў два тыдні таму на зеленкаватую паперу, але па твары Франчэскі нельга было прачытаць: знаёмы ёй гэты верш ці яна чуе яго ўпершыню.

Радуе ніва ратая сваім ураджаем аквітным...*

* Пераклад з лацінскай Сяргея Сокалава-Воюша.

Краем вока Гусоўскі змеціў, што з дзвярэй робіць гаспадыні нейкія знакі чорнавалосая пакаёўка. Франчэска кіўнула ёй і рухам рукі загадала паэту спыніцца.

- Я атрымала ваш ліст, - сказала яна, пазіраючы ў вакно. - Цяжка ўявіць сабе ўчынак больш легкадумны, чым ваш. Вы забыліся, хто вы. Мне вядома, што ў спісах каралеўскага пасольства нават няма вашага імя. Толькі вашы паэтычныя здольнасці не дазваляюць мне неадкладна паведаміць пра ўсё маім бацьку і брату. Калі вы не спыніцеся, яны змогуць абараніць мяне ад вашых дамаганняў.

Гусоўскі адчуў, як усю ягоную істоту залівае задушлівая гарачыня. Ён хацеў нешта сказаць, ды гэтая ліпучая гарачыня ўжо запоўніла горла і грудзі. Высілкам волі ён здолеў пакланіцца і імкліва выйшаў у дзверы, несучы на сабе насмешліва-цікаўны позірк чарнявай пакаёўкі.

Ён ішоў, не заўважаючы нікога, сам-насам са сваім болем і сваёй крыўдай. Насустрач яму трапіўся струплявы ў каўпаку, які належала насіць усім, каго зачапіла гэтая немач. Таксама як вакол хворага на праказу нават на самых людных вуліцах утваралася пустата, вакол Гусоўскага была вязкая ціша, якую не маглі змагчы ні грукат жалезных брусоў па ваканіцах - гандляры ўжо зачынялі крамы, ні крыкі вулічных прадаўцоў вады, ні страшная ляскотка струплявага, які ў апошні момант сам адхіснуўся ад чалавека, што ішоў проста на яго.