Выбрать главу

Паэт не чуў лаянкі, якою ўзнагародзіў яго струплявы. У звінючай цішыні, што нябачным шчытным вопраднем абкружыла Гусоўскага, гучала адно і тое ж. Вы забыліся, хто вы. У спісах пасольства нават няма вашага імя...

Намагаючыся ўцячы ад наслання, ён прыспешваў хаду, але абразлівыя словы ўсё адно даганялі і смяяліся яму проста ў вочы.

Вы забыліся, хто вы...

II.

У гэтыя хвіліны пасол вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Казіміравіча пры папскім двары ў Рыме біскуп Эразм Вітэліус узрушана хадзіў па даўгой галерэі, што з трох бакоў аблямоўвала пасольскую рэзідэнцыю. Эразм кагадзе вярнуўся дадому, і на ім яшчэ было адзенне для конных прагулянак - кароткі лёгкі плашч, скураныя нагавіцы да каленяў і высокія боты са светлага юхту. Каралеўскаму паслу наўрад хто-небудзь даў бы ягоныя сорак з гакам - так лёгка нёс ён сваё паўнаватае, але падабрана-спружыністае цела, так маладжава выглядаў ягоны голены загарэлы твар. Маладосці дадаваў яму і высокі рост з ганарыстай паставай. Праўда, уражанне крыху псавалі зрадзелыя чорныя валасы, затое на буйной і круглай, як кавун, галаве іх заставалася акурат столькі, каб біскуп Вітэліус мог, нічым не рызыкуючы, не галіць танзуры.

Раз-пораз па ягоным твары прабягала лёгкая ўсмешка чалавека, якому раптам вельмі пашанцавала. Сёння ў яго сапраўды быў адзін з тых дзён, якія Катул меў звычку адзначаць белым каменьчыкам, адзін з нячастых за тры пасольскія гады ў Рыме дзён, калі Эразм быў задаволены і сабой, і хадою падзей.

Сёння ён мог шчыра дараваць папу і празмернае захапленне ловамі, і вясёлыя начныя балюшкі, і іншыя чалавечыя слабасці, што не надта пасавалі яго святасці Лявону X. Сёння хай сабе толькі на некалькі гадзін, але Вітэліуса пакінулі ўсе непамыслоты апошніх месяцаў. Адступіліся нагаворы ордэнскіх паслоў, якія зацята змагаліся з ягонай прапановаю перавесці Тэўтонскі ордэн на мяжу з татарамі, дзе рыцары маглі б сапраўды бараніць веру, а не рабаваць суседзяў-хрысціян. Да часу адышлі некуды ўбок інтрыгі ў Польшчы, дзе прымас Ласкі з падбрэхічамі нястомна пляце сваё павуцінне, дзень пры дні ўводзячы каралю ў вушы, што ён, Эразм Вітэліус, - няздатны выскачка, народжаны ў абозе лютніст-самавук, які выпадкова ўбіўся ў міласць да былога вялікага князя Аляксандра. Надзейныя людзі паведамляюць з Кракава, што Ласкі ўжо ўголас называе яго нявартым каралеўскае пашаны плебеем. Але хутка ён змусіць ворагаў прыкусіць свае подлыя языкі. Пурпур кардынальскае мантыі станецца для караля найлепшым доказам таго, на якіх людзей павінна багацець дзяржава. А калі Эразм Вітэліус зробіцца кардыналам Вітэліусам, лепей пойдуць і пасольскія справы. Можа, менавіта тады яму пашчасціць схіліць папу да аб'яднання хрысціянскіх краін супроць Порты. Туркі і іхнія васалы крымскія татары ўжо навіслі над Эўропай, нібы навальнічная хмара з градам над спелаю нівай. І Карона, і Вялікае Княства зазналі сілу і лютасць магаметанаў, а кароль і магнаты, як і раней, бавяць час у злачынным спакоі.

Колькі гадоў таму папа ўжо спрабаваў сабраць крыжовы паход на асманцаў. У рымскіх саборах адпраўлялі імшу за поспех вайны, а сам папа, босы і з непакрытаю галавою, на каленях маліўся ў царкве Святых Апосталаў. На пляцах і ў храмах па ўсёй Эўропе стаялі жалезныя скрыні пад трыма замкамі, і беднякі кідалі туды свае астатнія дробныя манеты. Латэранскі царкоўны сабор быў узбунтаваны лістом імператара Максіміліяна, які дакляраваў вызваліць грэкаў. Але, здалёк пагражаючы мусульманам, імператар не спыняў войнаў з эўрапейскімі манархамі. Таму ніхто з іх не даў на крыжовы паход аніводнага ваяра, і пра той час нагадвалі цяпер адно сотні пашытых загадзя харугваў з партрэтамі папы і імператара ды страхалюднымі туркамі з чырвонымі ад хрысціянскай крыві шаблямі ў руках. Адна з тых харугваў вярэдлівым напамінкам пра адвечную нязгоду валадароў гэтага свету вісела навідавоку і ў пасольскіх апартаментах.

Але сёння Эразму верылася ў лепшае. Дыпламатычныя перамогі ўжо блізка. Іхняй зарукаю будзе кардынальская мантыя, якую дапаможа атрымаць ліра Гусоўскага.

Вітэліус адчуў у душы нейкую няўтульнасць. У пасла з'явілася пачуццё вінаватасці перад сваім сакратаром, аднак ён заспакоіў сумленне тым, што ўзвышэнне мецэната не можа не спрыяць славе паэта, якім ён апякуецца. І сапраўды, хіба сённяшняя просьба папы - не цудоўны дарунак лёсу для іх абодвух і найперш, магчыма, якраз для Гусоўскага? Менавіта просьба, а не прыхамаць, бо яна будзе мець далёкія вынікі. Пісаць на заказ самога Лявона X! Вядома, папа - чалавек са сваімі вадамі, але мала хто так тонка ведае і адчувае паэзію. Хіба не ён меўся перанесці з Равены ў Фларэнцыю прах Дантэ, што раней хацелі спаліць як прах ерэтыка? І, бясспрэчна, перанёс бы, калі б - дзіўныя і вусцішныя твае справы, Божа! - калі б пахавальня ў царкве Сан Петра Маджорэ не аказалася пустой. Не, нездарма папа выславіўся як шчыры прыхільнік музаў і магутны мецэнат. Колькі паэтаў не пашкадавалі б і добрай часткі ўласнага жыцця, каб апынуцца цяпер на месцы Гусоўскага!