- Хрэсціцца раб Божы Мікола, - гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.
- Не гневайся, княжа... - цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.
- Калі гневаюся, не ваду лью, - памяркоўна сказаў князь. - Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.
Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.
«Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Воін расце», - падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:
- Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. І не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!
Барыска нясмела падышоў.
- Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.
Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.
- Ну-тку скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?
- Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае*, - як па пісанаму адмалаціў Барыска.
* Паводле сучаснага летазлічэння - 1216.
«Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?» - укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі.
- А лічыць ці добра ўмееш? - працягваўся іспыт. - Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, саб'е кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў?
- Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках, - не задумваючыся, адказаў Барыска.
- Гожа.
Князь узяў з падваконца кнігу ў багатых абкладах, адплікнуў залачоную засцежку і прывычна знайшоў «Сказанне аб Індыйскім царстве», якое любіла першая жонка-нябожчыца.
- Чытай!
- «Царства маё такаво, - бойка пачаў Барыска. - Ісці на адну старану дзесяць месяцаў, а на другую няможна дайсці, бо саткнуліся там неба з зямлёю. Ёсць у мяне ў адной зямлі людзі немы, а ў другой зямлі людзі рагаты, а ў іной людзі трохногі, а іныя людзі дзевяці сажняў, іжэ суць валатове...»
- Лепа, - пахваліў князь. - А можа, на памяць зацвердзіў, як малітвы, га? - Ён успомніў, як некалі, на пачатку вучэння, сам рабіў гэтак, каб байчэй атрымлівалася, калі бацька скажа пачытаць гасцям.
Княжыч закруціў галавой, і Валодша пашкадаваў, што скрыўдзіў сына, але, нахмарыўшы бровы, перагарнуў старонку і паказаў:
- Вось тут чытай.
- «Ёсць у маёй зямлі пеўні, на іх людзі ездзяць, - упэўнена разбіраючы цітлы, чытаў Барыска. - Ёсць у мяне птушка нагой, уе сабе гняздо на пятнаццаць дубоў. Ёсць у маім царстве птушка фінікс, звівае сабе гняздо на ноў месяц і прыносіць агню нябеснага і сама паліць гняздо сваё і сама тут згарае, і ў тым попеле зараджаецца зноў і пер'ем абрастае, а плоду няма ад той птушкі, а жыве яна пяцьсот лет. - Ад старання на носе ў хлопчыка выступілі расінкі поту. - А пасярод майго царства плыве рака Эдэм з раю, у той рацэ емлюць дарагія камні акінф і самфір, і памфір, і ізмарагд, сардзік і аспід, цвёрд жэ і, які вугаль, гарыць...»
Барыска перавёў дых і, пэўна, таму, што ніводнага разу не збіўся, насмеліўся запытаць:
- Няўжо гэта праўда ўсё, тата?
- Багата дзіўнага, сыне, ёсць на божым свеце. А каторыя дзівосы і самі людзі вымыслілі, каб пацеху з таго мець. Склалі гэтую кнігу ў Грэках, а тлумачаная яна і перапісаная вучонымі мніхамі па ўказе нашай князёўны Прадславы Святаслаўны, у манастве найпадобнейшай Еўфрасінні. Казаў табе дзяк пра яе?
- Казаў. Помніць, як у святы град Ерусалім яе праводзілі. Чытаць далей?
- Чытай, чытай... - няўважліва адгукнуўся спахмурнелы раптам князь.
Хутка і яго Полацак правядзе. Ці паслухае ён пераможную ютрань у Сафіі? Еўфрасіння дадому не вярнулася. Можа, і ў ягонай кнізе лёсу тое ж запісана? А калі не вернецца, хто на полацкі пасад сядзе? За душу ўзяла крыўда невядома на каго. З першаю жонкай не было дзяцей, а сыны, што Бог даў са Звеніславаю, яшчэ ў такіх летах, што наперад не загадаеш. Барыску нядаўна толькі грамаце вучыць аддалі, а Глеб зусім малы, ад зямлі меч не адарве.
- «Ёсць у мяне палата злата, а ў ёй ёсць зярцала праведнае, стаіць на чатырох слупах златых. Хто зрыць у зярцала, той бачыць свае грахі, якія сатварыў ад маладосці. Блізка таго і другое зярцала, скляное...» - чытаў Барыска.
- Досыць, сыне, - адарваўся ад нялёгкіх думак князь. - Бачу, недарма дзяк мой хлеб есць. А скажы, у ваярскай справе як паспеў? З лука ці гожа б'еш?
- За дваццаць сажняў у маладую бярэзінку пацэлю. А меч Ратмір не дае. Чаму?