А маё сэрца яшчэ ўмее радавацца за бліжняга, думаў Вітэліус, назіраючы за ластаўкамі, якія ўжо вывелі птушанят і цяпер ад ранку да вечара напаўнялі прастору двара сваім імклівым лётаннем і шчабятаннем.
Пасол і ягоны сакратар былі аднагодкі, але наймацней іх лучылі не аднолькавы век і агульнасць многіх поглядаў, не адукаванасць, а штосьці больш трывалае. У Эразмавай памяці ніколі не паміраў той цыбаты, апрануты ў бацькавыя неданоскі кракаўскі падлетак з беднай мяшчанскай сям'і, які лічыў за найвялікшае шчасце пад'есці так, каб не смактала ў вечна галодным чэраве. Славуты дыпламат дагэтуль памятаў вінаватыя матчыны вочы, калі тая ставіла на стол місу паранай рэпы і клала перад кожным з дзяцей лусцік хлеба, трохі таўсцейшы ад аркуша грубай паперы, на якой шкаляр Эразмус старанна выводзіў першыя лацінскія словы ў касцельнай школцы. З гэтага заўсёднага галадавання ён выбіўся, бадай, толькі ў Вільні, пасля магістарскага экзамену, пасля таго як разам з іншымі здольнымі маладзёнамі яго ўзяў на вока і пасадзіў у сваю канцылярыю вялікі князь Аляксандар. З тае пары ў польскую кроў Эразма і ўвайшло няўзнакі пачуццё, што па часе не высілілася, а адно ўзмацнела, асабліва цяпер, калі на радзіме, у саміх каралеўскіх пакоях, ганьбуюць і зневажаюць ягонае імя. Эразму даўно ўжо больш лёгка і прыемна мець за бацькаўшчыну Вялікае Княства, дзе пачаўся ягоны шлях угору - ад непрыкметнага канцылярыста да біскупа і спрактыкаванага дыпламата, якога ведаюць пры ўсіх эўрапейскіх дварах. Ён не крывіў душой, называючы сакратара сваім адназемцам, а почасту, адпрэчыўшы лаціну і пальшчызну, з дзіўным для самога сябе смакам любіў пагутарыць з Гусоўскім па-беларусінску, на мове Вялікага Княства.
У вечаровым зацішку галерэі яму наўздзіў выяўна, нібыта ў памяці расхінулася нейкая заслона, згадалася іхняя першая сустрэча, якая магла стаць і апошняю, бо выправіцца з таго палявання прамютка да Абрама на піва Гусоўскаму было нашмат прасцей, чым вярнуцца дахаты жывым.
Гэта здарылася ў гады ўладарання караля і вялікага князя Аляксандра, у шчаслівую для Эразма пару, калі ён і Гусоўскі яшчэ не ведалі, што іхнія пуцявіны не толькі перакрыжуюцца, але і непарыўна заплятуцца, як дзве ссуканыя суравыя ніткі.
Хоць пушча таксама належыць каралю, не след блытаць яе з каралеўскім палацам, бо старавечныя яліны і хвоі - не месца для забавак гуллівых купідонаў. Але ў тыя дні ў Налібоках Аляксандар нібыта забыў на гэта і легкадумна папусціўся каралеве Алене, якой заманулася наладзіць паляванне з пацехаю. Прыдворныя шапталіся, што кароль замольвае перад жонкаю свае любошчы з маладой удавою менскага старасты Адэляй.
Дзень палявання выпаў сонечны і сляпучы ад першага снегу. Ускрай балацявіны з купкамі мерзлай асакі арцель цесляроў збудавала памост на пяці магутных, як калоны, дубовых слупах, спрэс высланы звярынымі шкурамі і кілімамі. Сама каралева Алена - дачка князя маскоўскага Івана III, а за ёй і ўсе прыдворныя дамы выстраіліся, быццам на Каляды; ад чырвані, золата і блакіту жаночых убораў, ад крамянай марознай ружовасці шчок, ад усёй гэтай стракатасці на зіхотнай снежнай асноведзі ўмомант стамляліся і пачыналі слязіцца вочы.
За тры сотні крокаў ад памоста расцягнуўся ланцуг паляўнічых з дзідамі і цяжкімі рушніцамі. Сярод тых, хто ўсё больш наструнена прыслухоўваўся да пушчанскіх зыкаў і на ўсялякі выпадак яшчэ раз правяраў сошкі рушніцаў, Эразм убачыў самога сябе, маладзейшага на дваццаць гадоў. Ён у гэтай пушчы пяты ці шосты раз, ужо ўпаляваў зубра і трох ласёў, ды хвіліны чакання, напэўна, заўсёды аднолькавыя: сэрца ў грудзях усё роўна як вырастае, кроў робіцца гарачэйшая, але адначасна ў ёй чуецца і нейкі халадок, што дае галаве спакойную яснасць і рашучасць.
Аднекуль здаля далятае слабы сабачы ўзбрэх, потым яшчэ і яшчэ. У марозным паветры ўжо выяўна чуюцца чалавечыя крыкі і конскае гігатанне. Галас хутка набліжаецца, і кроў бяжыць па жылах кароткімі моцнымі штуршкамі.