Паэт рыхтаваўся пачуць благое і таму быў уражаны, калі Эразм абняў яго за плечы і загаварыў пра добрыя весткі з папскага палаца.
- Няхай узрадуецца тваё сэрца, як напоўнілася радасцю маё. Папа зацікавіўся паляваннем у нас на поўначы і выказаў жаданне мець у сваіх пакоях чучала зубра. Неба нарэшце пачула нашы малітвы. Табе давядзецца адкласці ўбок эпіграмы.
- Няўжо монсеньёр хоча паслаць мяне на паляванне? - спытаўся Гусоўскі са стрыманаю ўсмешкай і нейкім няясным, але ўсцешлівым прадчуваннем.
- Пра зубрыную шкуру няхай дбае Радзівіл, а мы з табою, Nicolaus, павінны ўпаляваць штосьці больш важнае. Папа пажадаў мець не толькі звера - яшчэ і праўдзівае паэтычнае слова пра ягоныя звычкі і пра лясы, што даюць яму прытулак. Ты няраз гаварыў, што твой човен застаяўся ў завані ціхіх азёраў. Выводзь яго ў мора і не бойся буры!
Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей:
- Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы і іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць нашых земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо даўно прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Эўропы.
- Я хачу, - пасля пярэрвы сказаў Эразм, - каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:
Мара трох апошніх гадоў пачынала збывацца, аднак Гусоўскі не мог даастатку аддацца радасным пачуццям, бо чуў у мецэнатавых словах недагаворанасць.
- Сённяшні дзень з тых, што могуць перавярнуць усё жыццё, - прамовіў ён. - Але чаму радасць у вачах у монсеньёра патанае ў смутку?
Позіркі паэта і мецэната сустрэліся. Яны ўбачылі адзін у аднаго падзеленыя напалам удзячнасць і трывогу і ўадначас збянтэжана апусцілі вочы.
- Сёння я атрымаў ліст з Кракава. - У Эразмавым голасе з'явілася звінючая расколінка. - Інтрыганы дамагліся свайго. Кароль загадвае нам вярнуцца. Я ўжо не пасол.
Вітэліус сеў. Ягоныя плечы бяссіла апусціліся, маска ўпэўненага ў сабе дыпламата ўпала з твару, як сарваны ветрам ліст. Перад Гусоўскім быў разгублены няшчасны чалавек з пагаслымі вачыма.
- Я ўжо не пасол... - паўтарыў ён.
- Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Эўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.
- Пасол без дзяржавы... - са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.
- Кароль і двор - яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй...
- Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць, - перапыніў мецэнат. - Статак сапраўды невінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў. - Ён зноў уладна браў нітку гаворкі ў свае рукі, і Гусоўскі здзіўлена ўбачыў, што за сталом сядзіць заўсёдны, рашучы і гатовы да любых паваротаў лёсу біскуп Вітэліус.
Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.