- Кадук на яго! - вылаяўся ён і, змахнуўшы з ілба пот, прывітаўся на лаціне.
Ад неспадзяванкі Гусоўскі нават не адказаў на вітанне.
- Кадук на яго! - усцешана паўтарыў ён беларусінскую лаянку і сціснуў прыгаломшанага шкаляра ў абдымках. - Кадук на яго!
Не, нездарма прысніўся яму той сон. Не кожны дзень сустрэнеш у Рыме чалавека з Вялікага Княства, ды яшчэ з Нясвіжа.
Даўгалыгі, русявы і зеленавокі шкаляр адказваў на роспыты весела і з трохі круцельскаю ўсмешкай:
- Не прападу! У Нясвіжы людзі хіжы: салому таўкуць - бліны пякуць, сена смажаць - бліны мажуць. Адно кніжак шкода.
Ён прыгладзіў разбэрсаныя пагоняю валасы, нахіліўся да атвору, з якога цягнула холадам, і, склаўшы далоні ракавінай, закрычаў:
- Гэй ты, сіньёр шылахвост! Хлеб можаш есці, кашулю можаш насіць, а кнігі прынясі заўтра на гэтае месца і пакладзі на першай прыступцы. Тады Бог адпусціць табе твой грэх!
Сутарэнне азвалася здзеклівым рогатам. Італьянскае мовы шкаляру не хапіла, і ён выгукнуў у цемру ўжо па-свойму:
- Каб цябе чэрці смажылі столькі дзён, колькі слоў у тых кнігах!
Васіль - так звалі шкаляра - атрымаў у Кракаве бакалаўра і цяпер кіраваўся па навуку ў Падую, дзе таксама маглі вучыцца праваслаўныя. Сёлета там чыталі лекцыі два магістры-беларусіны: Ян з Полацка - «Лісты» Цыцэрона, а Марцін з Зэльвы - «Этыку» і «Метафізіку» Арыстоцеля. Рым зусім убаку ад дарогі, але ён, Васіль, зрабіў калена, каб на свае вочы ўбачыць Вечны горад.
Гусоўскі ўзгадаў маладосць. Ці сурова трымаюцца цяперашнія студыёзусы статутаў? Няўжо сапраўды гавораць у бурсе толькі па-лацінску? Ці выкладае яшчэ ў Ягелонскай аlma mater доктар у медыцыне і вольных мастацтвах Мацей з Вільні?
Доктара Мацея, ахвотна адказваў бакалаўр, абралі рэктарам Сіенскага ўніверсітэта. Статуты - цудоўная вынаходка, бо іначай не было б асалоды парушаць іх. Што да лаціны, дык заўсёды знойдзецца пара пустадомкаў, якія за лішні шэлег адхрысцяцца не толькі ад роднай мовы, але і ад роднае маці. Яны і ідуць у віжы-люпусы. Быў у іх такі Марка з Мастоў, каб яму сем болек на язык. Яшчэ не навучыўся як след кашы па-лацінску папрасіць, а ўжо бегаў дакладаць на адназемцаў, што ганяць статут і гавораць, заміж лаціны, сваёю моваю. Так сэрца ад'еў, што пасадзілі яго аднае начы ў мех і, палічыўшы скабы, выраклі ўтапіць у рацэ. Пацягаўшы ж па вуліцах, разгайдалі дый кінулі, заместа Віслы, у лужыну насупраць бурсы. Вады там кату па пяту, але Марку і таго хапіла. Пачаў, як выпусцілі з меха, райскія шаты славіць, а суддзяў сваіх называў не інакш як паночкамі анёламі.
Абодва рагаталі да слёз. Можа, упершыню ў жыцці Гусоўскі пашкадаваў, што не мае сына.
Яны да цёмнага хадзілі разам па Рыме. Паэту не шкада было доўгага летняга дня. Гэты вясёлы дваццацігадовы дзяцюк, што перамераў сваімі нагамі палову Эўропы, быў жывым напамінкам, што ягоная зямля жыве, імкнецца да навукі, што гучыць яе мова, на якой ужо ёсць друкаваныя кнігі.
Увечары яны ўдвух - бацька і сын, на момант здалося паэту, - сядзелі ў ягоным пакоі пры збане захопленага з таверны маладога віна, якое амаль не хмяліла, адно рабіла ўсе рэчы нейкімі больш выразнымі і значнымі, як быццам адкрываючы іхнюю сапраўдную існасць. Пясочны гадзіннік, дзве злепленыя лякам шкляныя цыбуліны з сіткам, пакідаў быць проста гадзіннікам і ператвараўся ў сімвал самога часу. Сімваламі пачынала рабіцца і астатняе - лук, загостранае лебядзінае пяро, белы аркуш паперы...
Аказалася, кракаўскія шкаляры яшчэ памятаюць эпіграмы Гусоўскага. Праз адну з іх, напісаную на самога рэктара, ён мусіў развітацца з універсітэтам і шукаць абароны ў Эразма Вітэліуса, які на той час ужо быў біскупам плоцкім і марыў стварыць на поўначы Кароны агмень навукі і мастацтваў, роўны далёкай Падуі.
Памаўчаўшы, ён спытаўся ў юнака пра бацькоў. Маці засталася з ягонай сястрою ў Нясвіжы, дом пры самым рынку. Бацька, дзяк Міхей, быў пад рукою Міхала Глінскага ў Клецкай сечы. У той слаўны дзень, калі войнікі Княства паланілі чатыры тысячы татараў і адбілі сорак тысяч палонных жанок і дзяцей, малы Васіль стаў сіратою.