Гусоўскі ўзяў са стала кнігу:
- Ac albos belli celebres virtute Ruthenos...
- Беларусы, праслаўленыя сваёй мужнасцю на вайне... - пераклаў Васіль. - «Пруская вайна» Яна з Вісліцы.
- Так. Славу Грунвальда ўжо ахутвала цемра, але ён разагнаў яе святлом свайго таленту. Каб захаваць наступнікам нашу гісторыю, мала запісаць яе ў хронікі. Яе трэба адчаканіць і ў паэтычных радках.
- Другую частку я ведаю на памяць, - сказаў бакалаўр. - Усё апісанне бітвы.
Узмахваючы ў такт рукою, Васіль пачаў чытаць. Князь Вітаўт хутчэй за ўсходні вецер ляцеў да Ягайлы, што сустрэў пачатак сечы ў малітве. Татарскія коннікі нацягвалі лукі і пускалі коней наўскапыт. Град смертаносных стрэл біў у браню, і падалі шыхты пыхлівых тэўтонцаў. Непераможнымі волатамі ішлі наперад ліцьвіны. Ад стрэл і коп'яў цямнела неба...
На твар юнака легла пячатка ваяўнічасці. Шкадуе, што жыве на сто гадоў пазней, думаў Гусоўскі. Вядома, хацеў бы сам вывешваць на купалах Вільні і Кракава крыжацкія сцягі і бароды. Як бы сагрэў сваё сэрца, каб прымеў убачыць гэтага маладзёна, сам Вісліцкі...
- Вітаўта народ назваў Громам вайны, - прамовіў Гусоўскі, калі юнак скончыў. - Нават татараў ён трымаў у цуглях. Князь Вітаўт адводзіў набегі ад нашай зямлі, а цяперашнія гаспадары аддаюць яе на здзек...
З хвіліну яны, паяднаныя аднымі думамі, сядзелі моўчкі.
- Ад годных людзей, - загаварыў Васіль, - я чуў, што шаноўны паэт, выконваючы волю папы, піша паэму пра паляванне на зубра...
- Гэтым людзям сапраўды можна верыць.
- Як бы я хацеў пачуць хоць некалькі радкоў... Няхай яны нагадаюць нам пра нашыя пушчы.
- Часіны цяпер такія, што не спрыяюць чуллівасці і замілаванню. Кожны мусіць думаць, як дапамагчы Айчыне.
Юнак чакаў. На неба ўжо выплыў месяц, і ў ягоным аліўкавым святле Гусоўскі пачаў:
* Тут і далей пераклад з лацінскай Язэпа Семяжона.
Васіль імпэтна ўстаў.
- Злыя языкі сцвярджаюць, што Эразм Вітэліус і ягоны сакратар выракліся Бацькаўшчыны і шукаюць славы і пашанотаў у Ватыкане. Цяпер я ведаю, чаго вартыя гэтыя размовы. Усё гаворыць за тое, што аўтару паэмы наканавана эўрапейская слава.
- Тваімі вуснамі прамаўляе маладосць, - перапыніў Гусоўскі.
- Не. Доктар Скарына сее асвету сярод нашага люду, але не менш важна сеяць у свеце праўду пра нашу зямлю і яе пакуты.
- Якія ж кнігі былі ў тваіх саквах? - перавёў размову на іншае паэт.
- «Арыстоцелева брама» і Скарынаў Псалтыр з Еклезіастэсам.
Прыклаўшы правую руку да сэрца, Гусоўскі працягнуў бакалаўру кнігу, з якой не разлучаўся ўжо чатыры гады. То быў Псалтыр, першая друкаваная кніга, у якой загучала жывое слова іхняга народа. Абаронца младых і радасць, старым пацеха і песня, жонам пабожная малітва і пакраса, дзецям малым пачатак усякае добрае навукі, мужам моцнае ўцвярджэнне. Паэту здалося, што прадмову чытае сам Скарына, што душа ягоная недзе тут, з імі...
Яны доўга не клаліся спаць. У спічастым вакне стаяла поўня, і яна нагадвала абодвум спелы яблык-папяроўку з садоў далёкай радзімы.
Напрыканцы верасня, калі ў сухой спякоце рымскага лета пачулася дыханне восені, якая абяцала сплытчэламу Тыбру ўжо блізкія дажджы, Эразм Вітэліус вярнуўся з падарожжа ў Фларэнцыю і Парму. Увечары таго ж дня паэт і мецэнат ужо гутарылі ў багатай бібліятэцы пасла, якой зайздросцілі нават кардыналы. Адзінай аздобаю бібліятэкі была шпалера з Дантэ і Вергіліем і цудоўнай залаціста-блакітнаю перспектывай. Усю астатнюю прастору сцен займалі друкаваныя і рукапісныя кнігі. Сярод лаціны тэалагічных і юрыдычных трактатаў, сярод кніг гуманістаў і антычных аўтараў тут можна было сустрэць кірыліцу летапісаў і выданняў апальнага Фіёля*. Было тут і слова пра паход ноўгарад-северскага князя Ігара на полаўцаў, якое Гусоўскі любіў час ад часу перачытваць, заўсёды знаходзячы падабенства між Вітаўтам і Ўсяславам Чарадзеем, князем полацкім.