* Швайпольт Фіёль - заснавальнік кірылічнага кнігадрукавання.
Усцешаны спатканнем, Вітэліус з тонкасцю сапраўднага знаўцы апавядаў пра роспісы Карэджа, захапляючыся зграбнасцю і лёгкасцю пуццы* пармскіх храмаў. Раз-пораз ён кідаў позірк на стос спісаных знаёмым почыркам аркушаў, якія суседзілі на стале з «Дэкамеронам». Гэтае суседства здавалася Эразму добрым знакам, і ён ужо смакаваў наперад хвіліны, калі будзе ўчытвацца ў першыя пяцьсот радкоў паэмы.
* Выявы хлопчыкаў - улюбёны дэкаратыўны матыў у мастацтве Адраджэння.
У такім гуморы ён успамінаў вандроўку са шчыраю асалодай.
- Уяві сабе, што ў царкве святога Яна анёлы лунаюць настолькі вольна, што купал знікае і ператвараецца ў неба. Пэндзаль мастака нараджае цуд, роўны боскаму. Ты ніколі не думаў, што менавіта ў геніях Госпад найпаўней выяўляе сябе і нагадвае нам пра сваю ўсемагутнасць?
Разважанні Вітэліуса перарвала з'яўленне слугі.
- Нейкі чалавек просіць у монсеньёра аўдыенцыі. Ён назваўся турэцкім купцом.
Вітэліус і Гусоўскі перакінуліся здзіўленымі позіркамі.
- Няхай зойдзе, - сказаў Эразм. - Мы выслухаем яго.
Нізкарослы турак, які праз вялікі блакітны турбан выглядаў амаль што карлам, схіліўся ў нізкім паклоне.
- Падзішах хім чок яш сана! Няхай жыве султан! - паўтарыў ён па-італьянску. - Няхай доўжыць Алах на зямлі ягоны цень!
- Вітаем цябе, купец, - адказаў Вітэліус на лаціне.
- Асаблівасці маёй справы, - турак лёгка перайшоў на лаціну, - вымушаюць мяне прасіць у пана пасла размову адзін на адзін.
- Гэта мой сакратар і сябра, - падумаўшы адно імгненне, адказаў Эразм.
Турак таксама на хвілю задумаўся, пацерабіў пальцамі даўгія рукавы зялёнага халата і, бліснуўшы чорнымі вачыма, у згодзе нахіліў турбан.
- Мяне паслаў сам падзішах, валадар свету, месяца і сонца...
- Валадар свету? - насмешліва перапытаў пасол. - Здаецца, у Рыме ўладараць іншыя.
- На ўсё воля Алаха, - анізвання не збянтэжыўся блакітны турбан. - Нядаўна словы, падобныя тваім, казалі і ў Бялградзе. А сёння муэдзіны славяць з бялградскіх муроў імя Алаха і выканаўцу волі ягонае на зямлі султана Сулеймана, няхай доўжыць неба яго шчаслівыя дні. Дзе пройдзе турэцкі конь, трава ўжо ніколі не вырасце. Кароль венграў не мае сілы выступіць супроць Порты. Французскі кароль напаў на Італію. Венецыя не стане сварыцца з намі, а імператару трэба змагацца з Лютэрам. Лютэр жа смяецца з тых, хто збірае сілы на барацьбу з Высокай Портай. Ён мудры чалавек, ваш Лютэр. Ён вучыць, што неба паслала асманцаў, каб пакараць грэшных хрысціян, а значыць, той, хто ваюе з намі, працівіцца свайму Богу.
- Гэты мудрэц ходзіць па слізкай сцежцы, - сказаў Гусоўскі, і турак укалоў яго зласлівым позіркам, відаць, шкадуючы, што пачаў гаворку пры гэтым дападкім сакратару.
- А якая сцежка прывяла цябе? - з нецярпеннем запытаўся Вітэліус. Ягоную душу ўжо ўтнула здагадка.
- Хто прыходзіць з добрым, таму - яшчэ лепшае, - унікліва адказаў блакітны турбан словамі з Карана.
- А хто з'яўляецца з благім, тых аддадуць агню, - прамовіў Вітэліус.
- Шаноўны пасол чытае Каран! - у шчырым ці ў прытворным здзіўленні ўзняў рукі візітант. - Папраўдзе ўсемагутны Алах любіць людзей высокіх думак. Няхай прасветліць ён вашыя сэрцы.
Турак зусім па-гаспадарску абабег на сваіх кароткіх ножках бібліятэку, зазірнуў за паліцы і нават, прачыніўшы дзверы, выглянуў у вітальню.
Пасля гэтае беганіны ён вярнуўся на ранейшае месца і непарушна склаў рукі на круглявым жывоціку.
- Шаноўны пасол, няхай лічыць Алах ягоныя дні, мае вялікія заслугі. Слава пра іх пераляцела мора і дапяла вушэй самога султана, чый розум абдымае зямлю і ападае залатымі і срэбнымі дажджамі. - Турак загаварыў цішэй. - Алаху было б дагодна, каб шаноўны пасол перайшоў на службу да Высокай Порты. Падзішах шчодра ўзнагароджвае сяброў. Сакратар пана пасла таксама атрымае сваю долю, - дадаў ён, барабанячы па жываце пальцамі.